Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка крызісу: 16 – 22 жніўня


У разгар эканамічнага крызісу Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі паведаміў: намінальны сярэдні заробак у першым паўгодзьдзі сёлета ўзрос параўнальна з тым жа пэрыядам летась на 17%, дасягнуўшы 957 тысяч рублёў. Наколькі рэальнае гэтае павелічэньне? І чым адрозьніваецца заробак “намінальны” ад “рэальнага”?

Кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў зьвяртае ўвагу менавіта на ўдакладненьне “намінальны”, якое для бальшыні людзей не нясе ніякай сэнсавай нагрузкі. Аднак паміж намінальным і рэальным заробкамі існуе істотная розьніца:

Леанід Злотнікаў
“Намінальная лічба ні аб чым не гаворыць. Трэба разглядаць рэальны заробак. А каб яго атрымаць, трэба да намінальнага зрабіць папраўку на індэкс інфляцыі. Калі цэны растуць хутчэй за намінальны заробак, то рэальны заробак падае. А калі цэны растуць ня так хутка, то і рэальны заробак расьце. У нашай краіне інфляцыя за першае паўгодзьдзе склала 14,5%. І таму, калі з 17% вылічыць 14,5%, то атрымліваецца, што рэальны заробак узрос толькі дзесьці ў межах 2%. І то гэта будзе “ліпа” таксама”.

Былы міністар працы і сацыяльнай абароны Беларусі Аляксандар Сасноў з уласнага досьведу кажа: “надзіманыя” лічбы ідуць у статыстычны камітэт непасрэдна зь дзяржаўных прадпрыемстваў:

Аляксандар Сасноў
“У Нацкамстаце, мабыць, лічаць дакладна. Але да той інфармацыі, якая паступае туды, у мяне даверу ня вельмі шмат. У саўковай эканоміцы такое было заўсёды. І заўсёды будзе. Каб выглядаць лепей, патрэбна паказваць тое, чаго насамрэч няма. Вось у гэтым уся і справа. Зразумела, у гульні з лічбамі ўсіх за руку ня зловяць. Але ж рызыкуюць, гуляюць. Бо гэта як у карты гуляць: ведаюць, што кожны ня можа перамагчы, але ж гуляюць”.

Аляксандар Сасноў таксама зьвяртае ўвагу на значны рост інфляцыі ў Беларусі. Гэтая тэндэнцыя асабліва непакоіць жыхароў краіны. Так, у прыватнасьці, сьведчаць дадзеныя апытаньня Ўсерасейскага цэнтру вывучэньня грамадзкай думкі. Аналітыкі зафіксавалі, што высокую інфляцыю ўважае за галоўную пагрозу амаль палова апытаных у Беларусі.

МОТАВЕЛА


Тым часам стала вядома, што ў крытычнае становішча трапілі працаўнікі менскага заводу “Мотавела”. Інвэстар не спраўляецца з фінансавымі абавязкамі, у выніку чаго на 2/3 заробку пераведзеныя больш за тысячу супрацоўнікаў. Кіраўнік заводу Казімір Мароз скардзіцца: аўстрыйская кампанія “ATEC Holding Gmbh”, якой таксама належаць шклозаводы ў Ялізаве і Лідзе, кінула калектыў на самавыжываньне. У адсутнасьць абаротных сродкаў няма чым плаціць за электраэнэргію:

“Канечне, усё не абясточаць. Але калі ня плацім за энэрганосьбіты, значыць, уводзіцца аварыйная бронь... Каб крыху абаротных сродкаў, ці каб ён колькі інвэставаў, то было б іначай. Але падчас крызісу, відаць, баяцца страціць грошы, таму працэс прыпынены. У выніку праблема з энэргетыкай: ёсьць запазычанасьць і мы проста ня плацім. Магутнасьці – пар, газ – аплачваем, але за бягучую электрычнасьць, за тое, што спажыта за месяц, у нас папросту няма сродкаў расплаціцца. Таму і абмяжоўваюць да аварыйнай броні”.

Ад пачатку году з канвэеру “Мотавела” сышло ўсяго паўтысячы матацыклаў. Велясыпедаў вырабляецца больш – прынамсі ў жніўні блізу 2 тысяч. Пры такой загружанасьці трымаць шматтысячны калектыў няма сэнсу. У выніку лепшыя кадры сыходзяць самі, астатнія задавольваюцца 2/3 заробку. Паводле зьвестак, ад 4 500 тысяч працоўных на заводзе засталося 1700.

Колішні генэральны дырэктар “Мотавела” Канстанцін Устымчук згадвае, што яшчэ ў 1990-х “Мотавела” лічылася адным з самых пэрспэктыўных прадпрыемстваў Беларусі – увесь сьвет паступова перасядаў на ровары, з чаго рынак падаваўся бязьмежным. Але скарыстацца момантам не змаглі:

“Хто такі інвэстар? Перадусім той, хто ўкладае грошы ў пэрспэктыву, атрымліваючы ў будучым добры вынік, прынамсі нармальны завод. Вось гэта інвэстар. А тыя, хто зараз заводам займаюцца, дык ня ведаю, хто яны. На заводзе ўжо не засталося ніводнага спэцыяліста, тэхнароў дык дакладна. Пры мне было 7 тысяч працоўных. Не буду гадаць, хто цяпер там працуе, але я бачыў прадукцыю: яна нічым не адрозьніваецца ад той, што была 10-12 гадоў таму. Ніякага прагрэсу! Таму заявы наконт абнаўленьня проста несур’ёзныя”.

На думку экспэртаў, “Мотавела” штучна падводзіцца да банкруцтва з далейшай ліквідацыяй прадпрыемства. Вольныя 27 гектараў зямлі ў цэнтры горада больш прыцягальныя для інвэстараў, чым пэрспэктыва аднаўленьня стратнай вытворчасьці.


БЕЛШЫНА


Адно з самых вялікіх прадпрыемстваў Магілёўшчыны -- “Белшына” -- ня можа прадаць прадукцыю. Яе назапашана больш як на 250 мільярдаў рублёў, а гэта двухмесячны аб’ём вытворчасьці. Кіраўніцтва прызнае, што вырабы неканкурэнтаздольныя, іх выціскаюць з замежных рынкаў іншыя вытворцы — “Брыджстоўн” і “Мішлен”. Тая прадукцыя таньнейшая і больш якасная:

“Мы не вытрымліваем канкурэнцыі з гэтым вытворцамі, бо яны асвоілі гэтую вытворчасьць даўно. У іх навука сур’ёзная працуе. Мы гэта ўсё стваралі самі, бо нам усе ў гэтым адмовілі, і навукі ў нас, па сутнасьці, ніякай няма”, — цытуюць афіцыйныя СМІ намесьніка генэральнага дырэктара Івана Сеўрука.

Каля паловы незапатрабаванай прадукцыі — буйнагабарытныя шыны. Раней іх набывалі прадпрыемствы горназдабыўной прамысловасьці з Аўстраліі, Канады, Бразыліі. Цяпер там крызіс, і аб’ёмы продажу ўпалі на траціну. Але бабруйскі гігант, нягледзячы на затаваранасьць складоў, працуе ў звычайным рэжыме, у тры зьмены. Гаворыць адзін з работнікаў прадпрыемства:
Заробкі замарожаныя — гэта адназначна ...

“Робім шмат. Усе плошчы вольныя займаюцца пакрышкамі. Усіх памераў. Народ хвалюецца, што вось-вось прадпрыемства стане. Размовы ідуць, што ў верасьні адбудзецца каляпс, ці нешта такое. Многія баяцца, што працы ня будзе, і гэта адчуваецца. Заробкі замарожаныя — гэта адназначна”.

Для шматтысячнага калектыву па-ранейшаму застаецца адкрытым пытаньне затаваранасьці складоў. “Белшыне” пастаўленая задача да кастрычніка разгрузіць запасы на 50 мільярдаў рублёў.

Пётар Мігурскі
Аднак эканаміст Пётар Мігурскі не выключае, што бліжэйшым часам “Белшына” увогуле спыніць вытворчасьць з-за адсутнасьці попыту на прадукцыю:

“Калі ёсьць магчымасьць прадаць “Белшыну”, то трэба яе прадаваць. Магчыма, што заўтра прадукцыя гэтая наагул нікому ня будзе патрэбная. Канечне там ёсьць эксклюзіўныя вытворчасьці, але праблемы “Белшыны” гэтыя асобныя лякальныя вытворчасьці ня вырашаць”.

БЕЛАРУСЬКАЛІЙ


Церпіць ад крызісу яшчэ адзін валютны донар беларускага бюджэту – вытворчае аб’яднаньне “Беларуськалій” у Салігорску. У першым паўгодзьдзі 2009-га Беларусь, паводле афіцыйнай статыстыкі, экспартавала 542 тысячы тон калійных угнаеньняў. Гэта ў 4 разы меней, чым за той жа пэрыяд у 2008 годзе. Усяго летась пастаўлена на экспарт 6,5 мільёнаў тон хлёрыстага калія.

Такі вялікі збой зьвязаны найперш з тым, што галоўныя пакупнікі салігорскай прадукцыі -- Кітай і Індыя -- сёлета неахвотна яе купляюць. І калі Індыя нарэшце падпісала кантракт на пастаўкі беларускага калію па коштах, значна ніжэйшых за прагназаваныя, то дамовы з Кітаем дагэтуль няма. Ва ўрадзе заяўляюць, што перамовы ідуць цяжка, але чыноўнікі ўсё ж спадзяюцца “зламаць” кітайцаў.

“Беларуськалій” зьяўляецца другім пасьля нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў пастаўшчыком валюты ў дзяржаўны бюджэт. Летась аб’яднаньне прадало за мяжу ўгнаеньняў амаль на 3,5 мільярда даляраў.

БЕЛЛЕГПРАМ


Самыя затавараныя ў прамысловым сэктары – прадпрыемствы лёгкай прамысловасьці. Аб’ём нерэалізаванай прадукцыі дасягнуў беспрэцэдэнтных маштабаў – на 639 мільярдаў рублёў. Цяпер прадпрыемствы канцэрну “Беллегпрам” зарабляюць у асноўным на перадшкольным ажыятажы. У адсутнасьць попыту на трыкатажныя ды швейныя вырабы менавіта школа дае магчымасьць атрымаць сэзонны прыбытак. Гаворыць намесьнік дырэктара бабруйскай швейнай фабрыкі “Славянка” Юрый Дробаў:

“У нас квота на 56 тысяч адзінак школьнай формы. Фактычна мы выканалі замову на 107 тысяч, бо на просьбу гандлю, канцэрну перавыконваем норму. І ўсяго па факту будзе 115 тысяч. Апроч звычайнага эканом-клясу, летась распрацаваны касьцюм бізнэс-клясу (ужо прададзена каля 100 тысяч), а сёлета – і VIP-клясу. Парадку 25 тысяч адзінак прададзена ў Расею. Ад пачатку году ніводнага разу не спыняліся. Цалкам загружаныя магутнасьці”.

І хоць фармальна ў Беларусі не існуе адзінага ўзору школьнай формы, але некалькі апошніх гадоў абавязковы дзелавы стыль адзеньня. Па сутнасьці, тая ж форма, толькі ў большым, чым раней, асартымэнце. Адказная за абутковы сэктар у канцэрне “Беллегпрам” Раіса Харытон перакананая: мясцовыя вытворцы пасьпяхова спраўляюцца зь дзяржаўнай замовай:

“Беларускі абутак адмыслова адпрацаваны для школы, яго разглядалі на каардынацыйнай радзе з удзелам спэцыялістаў Міністэрства адукацыі, Мінгандлю і канцэрну “Беллегпрам”. Таму з гэтага гледзішча, канечне, ён самы лепшы – і якасны, і паводле стандартаў зроблены. Гэта ж ня тое, што аднекуль прывезьлі невядома зь якога матэрыялу. А ў нас усё натуральнае: натуральны верх і натуральная падкладка”.

Згодна са справаздачай Міністэрства адукацыі, кошт школьнага набору для хлопчыкаў стартуе ад 175 тысяч рублёў, для дзяўчынак – ад 182 тысяч. А вось цэнавая “столь”, на перакананьне спадарыні Вікторыі, якая сёлета адпраўляе ў 1 кляс дачку, практычна не абмяжоўваецца:

Кошты школьнай вопраткі для для дзяўчынкі-першаклясьніцы:

  • Чаравічкі -- 72 тысячы
  • Спаднічка -- 35-70 тысяч
  • Блузка – 60 тысяч
“Чаравічкі для дзяўчынкі-першаклясьніцы -- 72 тысячы рублёў. Але з улікам, колькі дзіця ў іх праходзіць – ад сілы паўгода – можа і зашмат. Спаднічка -- 35-40 тысяч. Калі вырабы не дзяржаўных, а прыватных фабрык, то спаднічка ўжо тысяч 70. Блузку для дзяўчынкі набылі за 60 тысяч. На год такіх блузак трэба 2 ці 3. І калі кожную ўзяць хоць бы па 50 тысяч, то сямейны бюджэт ня вытрымае. Бо яшчэ ў нас маленькі хлопчык, які патрабуе ня менш вопраткі, а цэны практычна аднолькавыя – што для 6-гадовага, што для 2-гадовага”.

Аляксандар Лукашэнка
Праблему загружанасьці складоў на гэтым тыдні закрануў і Аляксандр Лукашэнка. У часе чарговай паездкі па рэгіёнах ён заявіў, што пытаньне пакрысе пачынае вырашацца. Аднак пры гэтым выказаў “умераны аптымізм” што да агульнай затаваранасьці, паколькі станоўчая тэндэнцыя характэрная толькі для некаторых прадпрыемстваў, падпарадкаваных Міністэрству прамысловасьці, канцэрнам “Белдзяржхарчпрам” і “Беллегпрам”.

А вось да кіраўніцтва заводу ў вырабе тэлевізійнай тэхнікі “Гарызонт” у Лукашэнкі ўзьніклі пытаньні: “Мы вельмі жорстка падыдзем да ацэнкі гэтага прадпрыемства: там так нічога і не зьмянілася”, — патлумачыў Лукашэнка. І дадаў: “Калі такія кіраўнікі не зразумеюць, што трэба значна прыбаўляць, мы адмовімся ад супрацоўніцтва зь імі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG