Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Абаронцы свабоды слова прыедуць яшчэ


Выніковая прэс-канфэрэнцыя місіі.

Выніковая прэс-канфэрэнцыя місіі.

Цягам трох дзён у Менску працавала місія журналісцкіх і праваабарончых арганізацый, створаная пад эгідай Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў. У часе сустрэч у рэдакцыях дзяржаўных і недзяржаўных СМІ, у Беларускім саюзе журналістаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў, у Міністэрстве інфармацыі і Адміністрацыі прэзыдэнта прадстаўнікі міжнароднай журналісцкай супольнасьці шукалі магчымасьці, як дапамагчы беларускай мэдыя-прасторы дацягнуцца да міжнародных стандартаў.

Місія складалася з 7 чалавек, але прадстаўляла кааліцыю з 15 уплывовых міжнародных і праваабарончых арганізацый, у тым ліку ЮНЭСКА, Камітэту абароны журналістаў, “Артыкулу ХІХ”, Інстытуту “Адкрытае грамадзтва”, арганізацыі “Рэпарцёры бязь межаў”.

Удзельнікі місіі: Марыюс Лукашунас, Могенс Бліхер Б'еррэгорд, Марк Грубэр.

Удзельнікі місіі выразна падкрэсьлілі непалітычны характар свайго візыту і практычны падыход у выпрацоўцы рэкамэндацыяў.

Марыюс Лукашунас
Прадстаўнік ЮНЭСКА Марыюс Лукашунас: “Мы знаходзімся тут не для таго, каб абараняць ідэю і прынцыпы дэмакратыі, мэта нашай будучай справаздачы і рэкамэндацыяў у тым, каб ясна вызначыць выпадкі непразрыстага або непасьлядоўнага стаўленьня да СМІ і знайсьці практычныя рэчы, якія, на наш погляд, можна палепшыць”.

Паводле Марыюса Лукашунаса, рэкамэндацыі місіі цяпер дапрацоўваюцца і будуць перададзеныя ў бліжэйшы час беларускім уладам, а таксама прадстаўнікам Эўразьвязу і іншых міжнародных структур.

Спадар Лукашунас падкрэсьліў, што рэкамэндацыі будуць тычыцца перш за ўсё праблемы распаўсюду незалежнай прэсы, доступу журналістаў да інфармацыі, патрэбе зьменаў беларускага Закону аб СМІ, празрыстасьці ў разьмеркаваньні радыёчастотаў для электронных мэдыяў.

Шмат увагі міжнародная місія надзяліла дагэтуль існуючай забароне на распаўсюд 12 незалежных выданьняў у дзяржаўных прадпрыемствах “Белпошта” і “Белсаюздрук”. Рэдактар газэты “Борисовские новости” Анатоль Букас нават перадаў місіі копію дакумэнту са сьпісам забароненых да распаўсюду газэт. Гэтую тэму міжнародная дэлегацыя сёньня ўздымала на сустрэчы з кіраўніцтвам Мінінфармацыі і “Белсаюздруку”. Рэакцыя афіцыйнага боку была наступнай: “Гэта справа бізнэсу, узаемаадносін суб’ектаў гаспадараньня”.

Роган Яасякера з арганізацыі “Індэкс цэнзуры” зазначыў, што ўладны бок місію не пераканаў: “Мы атрымалі дастаткова доказаў, каб зразумець, што гэта не зусім так. Цяпер для нас і для ўсіх відавочна, што гэтая сыстэма несправядлівая”.

Джэйн Ларсэн зь “Міжнароднай падтрымкі СМІ заўважыла ў Беларусі іншую несправядлівасьць:

“Для ўсёй нашай групы відавочна, што мэханізм доступу да інфармацыі ў Беларусі вельмі непразрысты. І відавочна, што недзяржаўныя СМІ маюць нашмат больш праблем у атрыманьні інфармацыі, чым дзяржаўныя мэдыі”.

Прадстаўнікі місіі пры гэтым зазначылі, што знайсьці паразуменьне зь беларускімі ўладамі ў праблемных тэмах пакуль складана, што чыноўнікі імкнуцца іх абыходзіць, ухіляюцца ад адказаў на вострыя пытаньні. Нейкія канкрэтныя зрухі магчымыя хіба што пасьля трэцяга-чацьвёртага візыту такой прадстаўнічай групы абаронцаў свабоды слова у Беларусь. Мы толькі на пачатку гэтага шляху, — прызнаў прадстаўнік ЮНЭСКА Марыюс Лукашунас. І выказаў спадзеў на працяг гэтай місіі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG