Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі каштуюць беларускія сядзібы


Аб’ява пра продаж сядзібы ў Асташыне.

Аб’ява пра продаж сядзібы ў Асташыне.

Неўзабаве ў Беларусі выставяць на продаж цэлы сьпіс старадаўніх сядзібаў. Як паведамілі ў Міністэрстве культуры, у краіне каля 190 сядзібна-паркавых і палацавых комплексаў, і 63 зь іх нікім не выкарыстоўваюцца. Як ідзе распродаж сядзібаў?

Ужо некалькі месяцаў каля дарогі непадалёк ад вёскі Асташына Наваградзкага раёну ўсталявана шыльда: “Прадаецца комплекс будынкаў (былой школы) зь цеплавой сеткай і зялёнымі насаджэньнямі. Ацэначны кошт 180 мільёнаў рублёў”. Гэта былы панскі маёнтак Булгакаў, дзе да нядаўняга часу яшчэ месьцілася школа. Адразу згадваецца імя фатографа Яна Булгака, які неаднойчы наведваў гэтыя цудоўныя мясьціны.

Асташынская сядзіба.


Здавалася б, сядзіба магла каштаваць і больш. Аднак цяпер гэта бязьлітасна абрабаваная будыніна, дзе павырывалі і кафлю з грубак, і дошкі з падлогі, і аканіцы, і дзьверы. Такое адчуваньне, што тут здымалі фільм жахаў.

Скляпеньні асташынскай сядзібы.

Сядзіба знаходзіцца ў апэратыўным кіраваньні сельсавету. Яго старшыня Валеры Паваротны кажа:

“Калі б яна стаяла недзе ў вёсцы, можна было б зь некім пагутарыць, каб людзі паглядзелі. Ці хаця б паведамілі, калі там нехта нешта робіць. А так яна ў такім месцы, што ніадкуль ня бачна. І дарог хапае туды. І стаўку вартаўніка не далі. То бок яна практычна без аховы”.

Карэспандэнт: “А там жа яшчэ і парк старадаўні…”

Паваротны: “Там усяго 5,6 гектараў плошчы. Але мы 30 сотак — на продаж; астатняе, калі нехта выкупіць, можна будзе аформіць у арэнду. Там больш за 600 дрэваў, разумееце. А іх трэба ставіць па цяперашнім заканадаўстве на ўлік. А гэта вельмі вялікая сума. Такіх грошай бюджэтных няма. Ніхто мне ня даў паставіць, таму і прынятае такое рашэньне”.

У парку каля асташынскай сядзібы.

Яшчэ ў красавіку сельсавет падрыхтаваў дакумэнты на продаж сядзібы, і цяпер яе лёс павінен вырашыць Гарадзенскі абласны камітэт маёмасьці. Паводле спадара Паваротнага, яе выставяць на аўкцыён. А ці хто з пакупнікоў ужо цікавіўся сядзібай?

Паваротны: “Прыяжджала польская дэлегацыя. Яны ўсё гэта агледзелі, наагул у іх цікавасьць была. Але іх кошт уразіў, палічылі, што дарагавата”.

Аднак ужо вядомыя выпадкі, калі сядзібы набывалі. Пра тое, што гэта справа рызыкоўная, сьведчыць хаця б гісторыя з палацам Умястоўскіх, копіяй рэзыдэнцыі апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Лазенкаўскім парку Варшавы. Сядзіба знаходзіцца ў мястэчку Жэмыслаў Івейскага раёну. Уладальнік, СПК “Суботнікі”, прадаў яе менскаму бізнэсоўцу Ігару Вашчэліну. Той плянаваў тут адчыніць гатэль і рэстарацыю. І нават распачаў адбудову. Аднак прадстаўнікі Дзяржкантролю палічылі, што 9,5 мільёна рублёў за гэтую сядзібу — занадта мала. У выніку супраць дырэктара гаспадаркі Ўладзімера Ліхарада пачалі крымінальную справу, але потым спынілі. А суд Івейскага раёну абавязаў бізнэсоўца вярнуць набытую маёмасьць.

Папраўдзе кажучы, забіваем гэтыя вокны, каб туды галубы, дзеці ня лезьлі. І замкі два разы на тыдзень мяняем. Ламаюць, ну, такі народ.
Уладзимер Ліхарад: “Далей будзе вырашацца як пытаньне? Будзем рабіць ацэначны кошт і будзем выстаўляць на аўкцыён. Тут іншага выйсьця я ня бачу, бо калгасу ўтрымліваць таксама не пад сілу. А яно, разумееце, разбураецца. Трэба, каб багаты таўстасум быў з грашыма, укладаў грошы. Ці дзяржава брала пад сваю апеку. Папраўдзе кажучы, забіваем гэтыя вокны, каб туды галубы, дзеці ня лезьлі. І замкі два разы на тыдзень мяняем. Ламаюць, ну, такі народ. Каб не было гэтага продажу, не было гэтага рэзанансу, гэты помнік і па сёньня стаяў бы нікому не патрэбны. Ён ужо больш як 20 гадоў стаіць. Два памяшканьні зь яго выкарыстоўваліся. Астатняе гадамі руйнавалася”.

У Міністэрстве культуры паведамілі, што згодна з даручэньнем Савету міністраў зроблены пералік сядзібаў. 63 зь іх не выкарыстоўваюцца. Цяпер Дзяржкамітэт маёмасьці павінен вызначыць пэўныя пытаньні, зьвязаныя з продажам, бо на некаторыя аб’екты няма, да прыкладу, тэхпашпарту, акту на зямлю і іншых дакумэнтаў. Прадстаўнік Міністэрства культуры апавёў, што, фактычна, сядзібу можна аддаць за адну базавую, за 35 тысяч рублёў. У адрозьненьне ад Украіны, у Беларусі ўласьнікам гісторыка-культурнай каштоўнасьці можа стаць нават замежнік. Галоўнае, каб аб’ект выкарыстоўваўся і рэстаўраваўся.

“Працэдуры вызначаны. Проста ўсё залежыць ад цяперашніх уласьнікаў. Улічваючы прыклады, падобныя да Жэмыслава, народ будзе цяпер усяляк баяцца па нейкай спрошчанай сыстэме аддаваць гэтыя аб’екты. Чым больш мы праафішуем гэты прэцэдэнт, тым больш мы адаб’ем людзей, якія маглі б узяць гэтыя аб’екты”.

А ці паступаюць заяўкі на набыцьцё сядзібаў? У Міністэрстве культуры паведамілі, што, апроч Жэмыслава, было каля чатырох зваротаў:

Некаму належыць сядзібны дом. А некаму — гаспадарчыя пабудовы. Ні ў кога ніякіх дакумэнтаў няма.
“У асноўным народ цікавіла Менская вобласьць, бо бліжэй да Менску. Я ведаю, што прадпрымальнік Туча зьбіраўся набыць. Але яны ня вызначыліся, каму што належыць. Там заблытаная гісторыя. Некаму належыць сядзібны дом. А некаму — гаспадарчыя пабудовы. Ні ў кога ніякіх дакумэнтаў няма. Ён кінуўся ў гэтую справу, але потым сказаў: навошта мне гэта трэба? Потым у гэтай мутнай вадзе скажуць, што ты нешта няправільна аформіў. І адбяруць, калі крыху прывядзеш у парадак. Попыт ёсьць, але яны ў такім стане знаходзяцца, што каб зь імі разабрацца, патрэбна вельмі вялікае цярпеньне”.

Паводле старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча, калі б мясцовым органам улады даць больш свабоды, то яны выстаўлялі б больш адэкватныя кошты. А на прыватнікаў, калі які выкарыстоўвае той ці іншы аб’ект, пакуль няма нараканьняў.

“Калі гэтыя сядзібы выстаўляюцца на продаж, гэта вельмі пазытыўны факт. Бо трэба прызнаць: рэальна сіламі дзяржавы аднаўленьне, рэстаўрацыю і ўтрыманьне гэтых сядзіб зрабіць немагчыма. І калі кожная сядзіба знойдзе свайго прыватнага ўласьніка, гэта будзе цудоўна. Той і будзе апекавацца гэтай сядзібай. І справа дзяржавы застанецца толькі адна — сачыць, каб уласьнікі рэканструявалі і выкарыстоўвалі іх адпаведна зь дзейным заканадаўствам аб ахове помнікаў”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG