Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зноў руйнуюць габрэйскія могілкі


У Беларусі пачасьціліся праявы антысэмітызму. Пра гэта заявіў сёньня “Свабодзе” прэзыдэнт Усясьветнай асацыяцыі беларускіх габрэяў Якаў Гутман, які знаходзіцца ў Мазыры. Госьць з ЗША асабіста засьпеў незаконныя раскопы на тутэйшых закрытых габрэйскіх могілках.




Гомельшчына


У Мазыры раскапалі габрэйскія могілкі


Гэтым разам у Мазыры габрэйскія пахаваньні раскапалі паводле загаду кіраўнікоў дзяржпрадпрыемства “Мазырцепласетка”. Гэтае прадпрыемства пракладае цеплатрасу на вуліцы героя вайны Рыжкова. Пад каўшом экскаватара апынуліся і закрытыя раней габрэйскія могілкі, уключаныя, дарэчы, у дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. На працягу трыццаці мэтраў патрывожаныя магілы мірных жыхароў, расстраляных фашыстамі ў 1944 годзе.

Капаюць экскаватарам, дзе нельга зямлю варушыць лязом рыдлёўкі.
Гаворыць прэзыдэнт Усясьветнай асацыяцыі беларускіх габрэяў (ЗША) Якаў Гутман. Ён зараз знаходзіцца ў Мазыры:

“Паводле закону аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, тут нават рыдлёўкай нельга капаць без спэцыяльнага дазволу. У 2003 годзе тут пракладалі газаправод, падымаючы на паверхню косткі. У гэтым годзе яны пачалі рамонт цеплатрасы. Я гутарыў з рабочымі, якія тут працуюць. Яны як толькі пачалі капаць, паднялі шыльдачку з датай пахаваньня — 1958 год. Проста па магілах яны выкопваюць старыя трубы й кладуць новыя, і яшчэ раз турбуюць парэшткі пахаваных”.

Са словаў Якава Гутмана, ён зьвярнуўся пісьмова ў мясцовую міліцыю й пракуратуру. Таксама меў асабістую сустрэчу з начальнікам міліцыі й намесьнікам пракурора.

Спадар Гутман зазначае, што гаспадарчыя раскопы на старых габрэйскіх могілках у Беларусі здараюцца часта.

“Тое, што робіцца ў Беларусі — гэта робіцца, — кажа спадар Гутман. — У мяне няма пытаньняў да гэтай улады — ні да вышэйшай, ні да ніжэйшай. У мяне ёсьць патрабаваньне да Дзярждэпартамэнту ЗША і да амэрыканскай амбасады ў Менску. На жаль, яны нічога ня робяць. Гэтаксама й ізраільская амбасада — яна й пальцам не паварухнула, каб нешта зрабіць дзеля спыненьня гэтага варварства”.

Прадстаўнікі мясцовай улады ў Мазыры ўхіляюцца ад камэнтараў для “Свабоды”. А ў прыватнай гутарцы кажуць, што разбуральныя працы ўжо спыніліся. “На сёньня траншэя засыпаная, грунт над ёй выраўнены”, — запэўнілі і ў мазырскім прадпрыемстве “Цепласетка”.

Магілёўшчына


На старых кладах— сьвежыя разбурэньні


Нешматлікая габрэйская грамада з райцэнтру Крычаў на Магілёўшчыне паскардзілася “Свабодзе”, што мясцовая ўлада не дапамагае ў добраўпарадкаваньні тамтэйшых могілак.

Апаганеныя магілы, разбураныя й скінутыя разам са сьмецьцем у яр надгробкі — такі малюнак убачылі крычаўцы на старых габрэйскіх кладах.

Кіраўніца мясцовай габрэйскай рэлігійнай грамады Галіна Кастрычка кажа, што ім за апошні час удалося дамагчыся, каб на могілках хавалі толькі габрэяў, а нябожчыкаў зь мяшаных сем’яў — толькі пасьля іх дазволу. А што з раскіданымі надгробкамі?

У мяне рукі апускаюцца, настолькі абыякавыя да праблемаў чыноўнікі.
“Яны там як ляжалі, так і ляжаць. На дадзены момант праблема гэтая ня вырашана канчаткова. У мяне рукі апускаюцца ўжо, бо ніхто не падтрымлівае. Габрэяў жа мала засталося”.

Крычаўскім габрэйскім могілкам больш за дзьвесьце гадоў. З пэўнага часу на іх пачалі хаваць і негабрэяў. Некалі ў Крычаве жыло да сямі тысяч габрэяў, цяпер жа — ня больш за сотню. Пераважна гэта людзі сталага веку.

У крычаўскім камунгасе цьвердзяць, што праблемаў з габрэйскімі могілкамі не існуе.

“Было пытаньне, што раскідана. Мы прыяжджалі туды — нічога там ніхто нікуды не раскідаў. Габрэйскія могілкі знаходзяцца ў нармальным стане. Яны дагледжаныя й чыстыя. Іх мы прыкрылі, то бок і ніхто там ня можа быць пахаваны. У мяне шэсьць могілак, і яны горш выглядаюць, чым гэтыя”, — паведаміў супрацоўнік крычаўскага камунгасу.

Крычаўскі журналіст Валер Бысаў кажа, што камунальнікі ня хочуць заўважаць апаганьваньня старых магілак, якім сотня й болей гадоў.

“Яны лічаць: разбураныя — гэта сьвежыя пахаваньні, а не старыя. Тады гэта вандалізм. Старыя нагробкі сабралі ў адну кучу, як нібыта іх выраклі. Вось-вось скінуць туды, куды скідаюць вянкі”.

Журналіст адзначае, што габрэйскія могілкі знаходзяцца за трыста мэтраў ад гарвыканкаму. Гэтая блізкасьць, аднак, не ратуе іх ад апаганьваньня.

Меншчына


Міліцыя вандалаў не знаходзіць


У Барысаве напачатку чэрвеня былі разбураныя й апаганеныя 13 магіл на габрэйскіх могілках. Сёньня старшыня гарадзкой габрэйскай грамады Міхаіл Перац патлумачыў “Свабодзе”:

Апаганеныя памятныя знакі на месцах габрэйскіх пахаваньняў.
Фота Саюзу беларускіх габрэйскіх арганізацый і абшчынаў, izrus.co.il.


“Некалькі помнікаў ужо адноўленыя. Крымінальная справа па факце іх разбурэньня ўзбуджаная, але вінаватыя ня знойдзеныя. Дарэчы, 30 ліпеня ў нас быў памінальны дзень. Да гэтага дня сябры нашай грамады зрабілі вялікую працу. Людзі прывялі ў парадак шмат помнікаў”.

Камэнтар “Свабоды”
Якаў Басін
Віцэ-прэзыдэнт Саюзу беларускіх габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў і абшчынаў Якаў Басін заявіў “Свабодзе”, што сёлета ў красавіку ў Віцебску быў апаганены фасад сынагогі. У траўні ў Берасьці вандалы спалілі вянкі і кветкі ля помніка ахвярам былога гета. Пасьля ў чэрвені былі разбураныя магілы ў Барысаве.

Якаў Басін падсумоўвае:

“У насельніцтва не выхоўваецца гістарычная памяць. Ні ў даведніках, ні ў энцыкляпэдыях, якія друкуюцца ў Беларусі, няма сьлядоў знаходжаньня габрэяў на гэтай зямлі. Хаця яны тут жылі і дзейнічалі як мінімум цягам васьмі стагодзьдзяў. А пасьля здараецца, як у Пінску ці Горадні, дзе хлапчукі на вуліцах пачынаюць гуляць у футбол чарапамі людзей. Я мяркую, што зьнішчэньне памяці пра габрэяў — гэта агромістая праблема цяперашняй Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG