Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На габрэйскіх могілках надмагільлі скідаюць у яр


На крычаўскіх габрэйскіх могілках апаганьваньне старых пахаваньняў стала звыклай справай. Пра гэта цьвердзіць крычаўскі журналіст Валер Бысаў.


Паводле яго, два гады таму мясцовая габрэйская грамада зьвярнулася да ўлады з патрабаваньнем зрабіць захады, каб прадухіліць праявы вандалізму. На зварот габрэяў кіраўніцтва камунальнай гаспадаркі Крычаўскага раёну адказала, што нібыта прынятае рашэньне адгарадзіць плотам юдэйскую частку могілак ад праваслаўнай.

Валер Бысаў зазначае, што гэтая пастанова засталася толькі на паперы. “На старых габрэйскіх пахаваньнях усё часьцей зьяўляюцца новыя пахаваньні, ужо не габрэйскія. Старыя ж надмагільлі выкідаюць”, — кажа журналіст:

“Проста ў яр скінутыя гэтыя помнікі старыя. Там ёсьць даваенныя, мінулага стагодзьдзя. Напрыклад, дырэктару конезаводу Прока ёсьць помнік. 1833 год. Нацысты яго не чапалі, як і многія іншыя помнікі. А вось цяпер ідзе масавае варварства, вандалізм суцэльны”.

Журналіст перакананы, што габрэйская грамада, якая налічвае трыццаць чалавек, самастойна ня вырашыць праблему вандалізму на могілках. Неабходная дапамога габрэяў, кажа спадар Бысаў, якія ў свой час выехалі з Крычава й чые продкі тут пахаваныя.

Паводле журналіста, габрэйскія могілкі знаходзяцца за трыста мэтраў ад гарвыканкаму. Гэтая блізкасьць, аднак, не ратуе іх ад апаганьваньня.

Дасьледніца галакосту Іда Шэндэровіч пэсымістычна глядзіць на будучыню захаваньня габрэйскіх могілак у райцэнтрах і вёсках Магілёўшчыны. Масавае апаганьваньне габрэйскіх могілак яна называе чыста беларускай зьявай. Гэтай праблемай перадусім павінны займацца органы ўлады:

“Большая частка нашчадкаў тых, хто там пахаваны, была забіта ў вайну. Тыя, хто застаўся жывы, — многія зь іх ня ведаюць пра сваіх продкаў і нават сапраўдных прозьвішчаў, з прычыны зьмяшаных шлюбаў”.

Іда Шэндэровіч лічыць, што ўлада павінна ставіцца да могілак, якія пакуль яшчэ захаваліся, як да помнікаў гісторыі, культуры й рэлігіі. Тады і насельніцтва негабрэйскай нацыянальнасьці будзе іх уважаць за каштоўнасьць.

XS
SM
MD
LG