Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску - мэмарыяльны знак ахвярам Галакосту <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Сёньня ў Бабруйску адкрылі мэмарыяльны знак у памяць па ахвярам галакосту. Увосень 1941 году нацысты забілі больш за дзесяць тысяч вязьняў бабруйскага гета.

Прамаўляе першы сакратар амбасады Ізраілю ў Беларусі Аляксандар Карыяў
На месцы, дзе некалі было гета й усталяваны мэмарыяльны знак. На ўрачыстасьці прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай габрэйскай грамады, беларускіх і замежных культурных ды рэлігійных габрэйскіх арганізацыяў, а таксама прадстаўнікі ўлады. Прысутнічаў на ўрачыстасьці й першы сакратар амбасады Ізраілю ў Беларусі Аляксандар Карыяў.

Цяпер на месцы гета знаходзіцца бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў. Адсюль шэсьцьдзесят сем гадоў таму шостага й сёмага лістападу больш за дзесяць тысяч чалавек выправіліся ў свой апошні шлях у недалёкую вёску Каменка. Там іх расстралялі.

Сёньня да завадзкой прахадной на вуліцы Бахарава ушанаваць памяць ахвяраў Галакосту прыйшлі каля двухсот бабруйцаў.

Сродкі на выраб мэмарыяльнага знаку зьбіралі талакой. Іх ахвяравалі бабруйцы, а таксама выхадцы з Бабруйску. Дапамагалі ў гэтым і габрэйскія дабрачынныя арганізацыі з Ізраілю, Брытаніі, ЗША ды Расеі.

Мэмарыяльны знак вырабілі архітэктар Галіна Левіна й скульптар Максім Пятруль. На знаку напісана: “Няхай будуць іх душы уплеценыя ў вечны вузел жыцьця. 1941 год. Вязьням бабруйскага гета. Ліпень-лістапад. Яны любілі жыцьцё”.

Леанід Рубіштэйн
“Гэты мэмарыяльны знак уяўляе сабою разьбіты горад. Разьбіты горад разьбіты лёсы людзей. У той жа час, калі мы ўважліва ўгледзімся ў мэмарыяльны знак гэта дрэва. Дрэва жыцьця. Жыцьцё спыніць нельга. Вось галоўны сэнс гэтага мэмарыяльнага знака,” - сказаў старшыня рады бабруйскай габрэйскай грамады Леанід Рубіштэйн.

На мітынгу з нагоды адкрыцьця мэмарыяльнага знаку ў прамовах тэма памяці была галоўнай. Пра яе кажа й былы вязень гета, супрацоўнік амэрыканскай дабрачыннай арганізацыі “Джойт” грамадзянін Ізраілю Арон Вайс. Ён зазначае, што перад сьмерцю вязьні гета прасілі адпомсьціць за іх і не забыць іх:

“Яны дужа прасілі не забудзьце нас. Менавіта сёньня мы ў нейкай ступені стараемся выканаць гэты абавязак перад ахвярамі галакосту. Гэта таксама павінна паўплываць на тое, каб такога больш не паўтарылася. У гэтым глыбокі сэнс таго, што сёньня адбываецца тут”.

Пра памяць і абавязак перад ахвярамі Галакосту казаў і першы сакратар амбасады Ізраілю ў Беларусі Аляксандар Карыяў. Яго родныя таксама зьведалі пакутаў гета. Аляксандар Карыяў:

“Мільёны нашых братоў, сясьцёр, бацькоў ды матак загінулі падчас другой усясьветнай вайны, былі зьнішчаныя. Тое, што адбываецца сёньня, адбываецца дзеля таго, каб гэтыя людзі не памерлі другі раз. Існаваньне гэтага помніка дапаможа нам ніколі не забыць гэтых людзей. Дапаможа памятаць і смуткаваць па іх”.

Ля мэмарыяльнага знаку прагучала малітва Эль Малера Хамім у выканьні кантэра Арома Наліваева



















XS
SM
MD
LG