Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эфір 4 траўня 2008 году

Найвялікшая тайна Курапацкага лесу – ня ў тым, што тут пахаваныя тысячы бязьвінных ахвяраў савецкага рэжыму. Гэта факт, і цяпер справа археолягаў і архівістаў высьветліць абставіны. Няма загадкі і ў тым, як і чаму сёньняшні рэжым трактуе сталінскія рэпрэсіі. Дзякуй Богу, знаходзяцца людзі, якія ствараюць у Курапатах і па ўсёй Беларусі народны мэмарыял. Бясконцае мноства разгадак чакае нас па выніку раскрыцьця прыватных чалавечых лёсаў. Але найвялікшая тайна Курапацкага лесу ў іншым.

Сёлета мінае 20 гадоў з таго моманту, як праўда пра Курапаты была прамоўленая на ўвесь сьвет. Гэтае адкрыцьцё стала адпраўным пунктам для перамен у Беларусі. Усе наступныя падзеі – дзяржаўнасьць мовы, забарона кампартыі і абвяшчэньне незалежнасьці – былі непасрэдным вынікам таго стану, які перажыло грамадзтва ад праўды пра Курапаты. Але з гэткай жа раптоўнасьцю, зь якой беларусы пераняліся трагедыяй Курапатаў і пайшлі на перамены, яны і адмовіліся ад гэтых перамен і вярнуліся ў ранейшы стан здранцьвеньня з нагоды размоваў пра сталіншчыну і камуністычны тэрор. Чаму? Чаму Курапатаў, якія былі штуршком да перамен, на тое, каб перамены адбыліся і сталі незваротнымі, не хапіла? Вось, на маю думку, найвялікшая сёньня тайна Курапацкага лесу.

Адзін з тых пяцёх чалавек, якія першымі апусьцілі рыдлёўкі ў Курапацкую зямлю, быў Сяржук Вітушка, тагачасны лідэр нефармальнага аб’яднаньня “Талака”.

Вітушка: “Так атрымалася, што я быў добра знаёмы зь Зянонам Пазьняком і ён да мяне меў давер, і аднойчы шапнуў на вуха, што трэба быць у такі-такі дзень у такім-такім месцы. Чаго, не сказаў і прасіў нікому не гаварыць. Я прыехаў, а там аказалася легкавая машына, быў Пазьняк, быў Яўген Шмыгалёў і было яшчэ пара чалавек, і мы ўпяцёх паехалі ў тыя Курапаты. Толькі там Пазьняк нам сказаў, дзе мы і што мы будзем рабіць, што мы будзем шукаць. І было патлумачана нам, што калі нейкая міліцыя ці проста чужы чалавек нешта спытаецца, то мы проста робім раскопкі, Пазьняк як археоляг мае адкрыты ліст і мае права праводзіць раскопкі. Адну-другую яму раскапалі і былі ў роспачы, што можа і няпраўда. Яно недзе так Пазьняку і верылася і ня верылася, што такое можа быць. І тут знайшліся, памаглі нам мясцовыя хлапчукі. Яны спыталіся, а што вы тут шукаеце? І павялі (“А вось што мы знайшлі”) паказаць, што яны знайшлі. А яны яшчэ раней вырашылі сабе зрабіць зямлянку і адну яміну вельмі глыбока раскапалі, мэтраў на пяць углыбіню, і там выйшлі на пласт пахаваньняў, на тыя чарапы з прастрэленымі дзюрачкамі ў патыліцы. Пазьняк тады гэта ўсё сфатаграфаваў, некалькі чарапоў нават было дастана, пакладзены ў скрынку. Паехалі мы тады ў Бараўляны, была заведзена крымінальная справа. І праз тыдзень мы зноў сабраліся і з Пазьняком разам паехалі ў суседнія вёскі – Цна, Ёдкава – і гаварылі зь людзьмі. Пажылыя людзі расказвалі пра сваё дзяцінства, як тады яны малымі дзецьмі цікаўнымі бегалі ў тыя Курапаты, знаходзілі дзюркі ў плоце, падбягалі да тых магілаў, усё гэта бачылі, усё гэта чулі. І галоўнае ж, кожны вечар гэтыя стрэлы гучалі. Ну і тады, пасьля таго, як выйшаў артыкул, “Талака” ўзялася. Там быў зроблены мітынг. Прыйшло многа людзей, мы былі ўражаны, як многа людзей сабралася на той мітынг. І міліцыя стаяла побач, ніхто нас не разганяў, яны слухалі, проста слухалі. І я думаю, што для іх таксама гэта было шокам і адкрыцьцём”.

Трэба сказаць, што Курапацкія шок і адкрыцьцё хутка прайшлі. Гэтаксама, як і першая эўфарыя нацыянальнага адраджэньня. Вярнуліся на паноўнае месца расейская мова, савецкая сымболіка і слаўныя камуністычныя ды кагэбэшныя традыцыі. Праўды пра Курапаты аказалася недастаткова, каб яна стала флагманам грунтоўнае трансфармацыі. А першае і самае галоўнае месца, дзе мусіла адбыцца гэтая трансфармацыя – у сям’і. Татальная беларуская зьява – у сем’ях пра рэпрэсаваных сваякоў не гавораць. Можна казаць пра выключэньні, але правіла гучыць менавіта так. Не гаварылі за савецкім часам, ня сталі гаварыць пасьля адкрыцьця Курапатаў, не гавораць і сёньня. Ясна, што яшчэ праз пакаленьне ці нават менш, гаварыць ужо ня будзе каму.

Вядома, архівы рэпрэсаваных дагэтуль застаюцца пад замком. Але гаворка не пра тое, а пра сямейную памяць, якая не перадавалася. Прычым незалежна ад таго, цікавіліся вы гэтай тэмай ці не. Карэспандэнт Свабоды Ганна Соўсь ужо колькі гадоў асьвятляе на радыё Курапацкую тэму, зь яе рэпартажаў склалася цэлая кніга пра Курапаты. Сёньня Ганна распавядае паказальную гісторыю сваёй сям’і.

Соўсь: “Калі я паказала свайму бацьку фота старой маладэчанскай турмы ў кнізе Міхася Чарняўскага пра Расьціслава Лапіцкага, ягонай першай рэакцыяй было: “Пасьля вайны мы з маці сюды прыносілі перадачы бацьку”.

Восеньню будзе 15 гадоў, як майго дзеда Васіля Соўся няма ў гэтым сьвеце. І мне дагэтуль чамусьці падрабязна не расказалі, за што і колькі ён сядзеў у маладэчанскай турме за сталінскім часам.

З дзіцячых успамінаў застаецца толькі, як дзядуля Васіль расказваў, як да саветаў ён і бабуля зараблялі за дзень працы на ўласным млыне столькі, што за гэта можна было купіць карову. Мая бабуля Люба любіла гаварыць: “Каб не бальшавікі, мае дзеці вучыліся б Вільні, альбо ў Варшаве”… Усе трое яе дзяцей атрымалі вышэйшую адукацыю ў Менску, але яна ўсё роўна згадвала Вільню і Варшаву.

Яна ніколі не расказвала ўнукам пра тое, колькі і чаму пасьля вайны сядзеў мой дзед Васіль.

У Маладэчне ў будынку, дзе раней месьцілася турма, цяпер знаходзіцца архіў. Ня так далёка ад яго, музычная вучэльня, дзе выкладае музыку мая стрыечная цёця Сьвятлана Соўсь. Восем гадоў таму, калі на “Свабодзе” пачынаўся цыкль “Палітычная геаграфія”, я захацела быць першай і паехала ў Маладэчна. Спынілася ў цёці, і разглядаючы старыя фотаальбомы, доўга углядалася ў твары сваіх прадзедаў па бацьку. Мяне ўразілі шляхетныя паўусьмешкі, прыгожая вайсковая форма, стыльныя жаночыя сукенкі і глыбокія позіркі. За гэта дакладна маглі пасадзіць… Засынаючы ў чыстай і вялікай хаце ў ложку з накрухмаленымі белымі прасьцінамі, я адчула моцную настальгію па сям’і, якой насамрэч ня ведала, але заўсёды інтуітыўна адчувала.

Мая маці не любіла сваю мачаху. Напэўна гэта было ўзаемна. Але быў момант, калі згадваючы пра яе, яна падтрымлівала мачаху. У дзень сьмерці Сталіна Людміла Няхай(Акуліч) разам са сваім сынам (зводным братам маёй маці) спалілі партрэт вусатага павадыра. За сталінскім часам быў расстраляны яе бацька Максім Акуліч – настаўнік з Бабруйску. Я любіла няродную мне па крыві бабулю Люсю, але яна мне так ніколі так і не расказала пра расстрэл яе бацькі. Баялася, як баялася мая родная бабуля Люба расказаць, чаму ў маладэчанскай турме сядзеў мой дзед Васіль Соўсь.

Як і многія беларусы, я дагэтуль ня ведаю ўсё праўды пра маіх рэпрэсаваных продкаў
”.

У сем’ях пра рэпрэсіі не гаварылі. Я хачу зрабіць акцэнт на вось гэтым моманце – і пасьля адкрыцьця Курапат не загаварылі. Можна адшукаць масу прычын гэтага маўчаньня, але, на маю думку, пачынаць трэба зь сябе, з уласнага, з пакаленьня ў пакаленьне перадаванага страху, які запісаў тэму сталінскіх рэпрэсіяў ледзьве не ў разрад непрыстойнасьцяў. А можа быць, настолькі законапаслухмяныя былі і ўладацэнтрычныя, што пры ўсіх пераменах дапускалі, што калі сядзеў, значыць, нешта там магло і быць... Нават калі гэта родны бацька альбо дзед. З аднаго боку, не паверылі, што ў сваяка ўсё чыста. Зь іншага боку, не паверылі, што нешта зьмянілася і гаварыць цяпер можна. Пудзіла КГБ і анэкдоты пра “таварыша маёра” нікуды ня зьніклі. Таму, выходзіць, прычына ў гэтым – не паверылі. Таму й не пусьцілі ў душы і сэрцы, у розумы і псыхіку ніякай трансфармацыі. Таму з тым і засталіся – зь недаверам сваім і страхам.

Тое самае, дарэчы, адбылося і з Чарнобыльскай тэмай, і з тэмай русыфікацыі. Курапаты проста дадаліся яшчэ адным каменем на душу і “каменем у агарод” беларускай нацыянальнай непаўнавартасьці, яшчэ адной неадпомшчанай абразай нацыянальнае годнасьці. Як нацыя мы, мабыць, ніяк не дасьпелімся да таго, каб выбраць сабе такіх лідэраў, што павялі б нас усіх на расчыстку нашых душэўных агародаў ад камянёў. Але да пэўнага часу ў такім самым стане перабывалі і ўкраінцы, і армяне, і габрэі. Маўчалі ў сем’ях, каб не траўмаваць псыхіку дзяцей. Пакуль урэшце не зьявіліся такія лідэры і воля лідэраў гаварыць пра генацыд, галакост ці галадамор – на сьвет цэлы. Нешта падобнае непазьбежна адбудзецца і з намі. Але ўжо паводле іншага сцэнару. І не праз Курапаты. Бо не перамянілі людзей Курапаты. Калі й кранаюць гэтую тэму, дык толькі ўскосна, як у сямейнай гісторыі Зьмітра Бартосіка.

Бартосік: “Пра маіх дзядоў і бабуляў я магу расказаць шмат гісторыяў. Але адна запомнілася асабліва. Як карцінка сваёй эпохі. Як выхаплены кадар. Мой дзед, Анатоль Францавіч Бартосік, адэсіт, сьпявак, гаварун-весялун, музыка на мандаліне, быў зацятым і шчырым сталіністам. Паляк-сталініст. Для мяне гэтыя рэчы неспалучальныя. Альбо ён быў няшчырым сталіністам, які на ўсялякі выпадак запабягаў перад рэжымам. Альбо ён быў кепскім палякам. Зрэшты, кім бы ён ні быў, а ягоная звычка заўжды за сталом, якая б нагода ні была, ці то дзень нараджэньня дзяцей, ці то Новы год, уздымаць першы тост за вялікага Сталіна, гэтая звычка не дадае майму дзядулю плюсаў. Праўда, да гэтай ягонай звычкі ўздымаць першы келіх за правадыра і настаўніка, усе сваякі ды знаёмыя неяк прызвычаіліся. Дзень нараджэньня дачкі – “я прапаную выпіць за нашага дарагога і любімага”. Гадавіна вясельля – “вып’ем першы тост за самага нашага роднага чалавека, Іосіфа Вісарыёнавіча”. Абмыўка новай канапы – “ўздымем нашы келіхі за дарагога правадыра”. Ну, хочацца чалавеку выпіць за Сталіна больш, чым за маму родную. Ну, трэба ж зразумець чалавека не самай добранадзейнай нацыянальнасьці і ня самай беззаганнай біяграфіі. Але аднойчы дзядуля датаставаўся.

Надыходзіў Новы 1958 год. За сталом сабралася шмат гасьцей. Нават больш, чым звычайна. Бо нехта прывёў сваіх знаёмых, нехта запрасіў сваякоў. І ў сьвяточнай мітусьні неяк толкам не пазнаёміліся. Але радыёла была настроена на Маскву. Шампанскае было разьліта па келіхах. Ёлка пералівалася сапраўднымі сьвечкамі і папяровымі гірляндамі. І пад бой крамлёўскіх курантаў дзядуля завёў сваю ўлюбёную песьню. “Першы тост я прапаную выпіць за нашага мудрага і вялікага таварыша Сталіна!” Келіхі ўзьняліся далёка ня ўсе. Узьнікла напружаная паўза. У паветры павісла нядобрая цішыня. Дзядуля паўтарыў свой тост. Колькі келіхаў былі дэманстратыўна пастаўлены на стол. Дзеду шапнулі, што сярод гасьцей ёсьць тыя, хто прыйшоў зь лягера. Але той ніяк не сунімаўся. І трэці раз з ідыёцкім бляскам у вачах прачытаў оду мудраму настаўніку. І тут здарылася тое, чаго дзед не чакаў. Ягоны лепшы сябра. Які ніколі не сядзеў. Які заўжды моўчкі выпіваў разам зь дзедам за правадыра. Гэты лепшы сябра паволі паставіў свой келіх на стол. Павярнуўся ўсім корпусам да дзеда. І гледзячы проста таму ў вочы заляпіў дзядулю звонкую аплявуху. Скандал узьнік ненадоўга, бо ўжо праз хвіліну ён быў замяты ў наступных тостах, у размовах пра жыцьцё, у расповедах тых, хто прыйшоў адтуль... І сьвята пакацілася далей, патанаючы ў дыме папяросаў “Казбек”, пад голас патэфоннага Ўцёсава, і яшчэ доўга працягвалася на засьнежаных вуліцах з доўгімі провадамі гасьцей.

Кажуць, пасьля таго Новага году дзядуля больш ніколі не ўздымаў тостаў за вялікага правадыра
”.

Адно з тлумачэньняў, чаму ў беларускіх сем’ях не гаварылі пра рэпрэсаваных сваякоў і ўвогуле пра сталінскія рэпрэсіі, гучыць так – ня ведалі. Самі ня ведалі, што там і як. Але гэта няпраўда.

Масавыя расстрэлы трыццатых гадоў не маглі быць таямніцай у тагачасным Менску. Нават дзеці з навакольных вёсак пра тое ведалі. Ці ўявіце сабе, калі б сёньня штодня расстрэльвалі сотні жыхароў і гасьцей сталіцы – нерэальна, каб мы пра гэта нават нічога ня чулі. Таму – ведалі беларусы пра ўсё гэта і да адкрыцьця Курапат. Прычым, ведалі ўсе. Але не гаварылі, таму на пераходзе пакаленьняў гэтае веданьне кудысьці прапала.

Неяк у гутарцы на гэтую тэму з журналістам Андрэем Баркоўскім мяне спыніла яго выказваньне пра тое, што і да адкрыцьця Курапатаў усе пра гэта ведалі. Калі ня розумам, дык чуцьцём.

Баркоўскі: “Ёсьць месцы, пра якія кажуць: “Хацеў бы сюды вярнуцца”. Там лёгка дыхаць, там плённа думаецца і няма месца роспачы. Такім месцам можа быць лес...

Лес не належыць нікому, нават падлеткам паваеннага пакаленьня, якія пачуваліся гаспадарамі сусьвету ў навакольных менскіх лясах. Пакуль аднойчы лес не спалохаў нас і не прымусіў ставіцца да сябе з насьцярогаю і пашанай. Але што той выпадкова знойдзены іржавы нямецкі “Вальтэр” ці страляныя гільзы другой сусьветнай, трывожная рамантыка кіношнай вайны, калі аднойчы лес расказаў пра абсалютнае зло. Мы яшчэ не ўсьведамлялі, што гэта такое, а зло ўжо мела сваё ўяўленьне пра нас...

Я ня быў у Курапатах падчас раскопак Зянона Пазьняка, які першы сказаў праўду. Аднак перад тым ужо было прадчуваньне праўды. Далібог, нешта прысутнічала ў паветры. “Паўжывыя” ахвяры рэпрэсіяў, якім удалося ацалець, з пачаткам “адлігі” вярнуліся ў родныя мясьціны і маглі жыць проста ў кватэры насупраць. Пра такога нават у сябе на кухні гаварылі паўшэптам, і цураліся не таму, што грэбавалі, а таму што ад яго веяла подыхам сьмерці. Рана пастарэлыя, “чужыя” сярод “сваіх” тыя людзі прынесьлі з сабой прадчуваньне праўды. Бяда была ў тым, што тады мы больш хацелі ня праўды, а менавіта прадчуваньня. У саму праўду не хацелася верыць, такой страшнай яна магла аказацца... Так і вырасьлі з тым прадчуваньнем. А праўда, між тым, крычала адусюль: “Вас падманваюць!”.

Я ня быў у Курапатах і ў 1988 годзе, калі адбылася першая масавая дэманстрацыя “Дзяды”. Я быў у войску. Ад дзіўнага і новага слова “Чаромха” сьвярбела ў носе. Маці “вохкала” і дзякавала Богу, што мяне там не было.

Я быў там аднойчы. Калі прайшоў шэсьцем разам з тысячамі беларусаў. Тады, у 1989-м велізарны натоўп людзей пранёс “Крыж пакутаў” праз увесь горад. Я прайшоў гэты шлях і больш не хачу туды вяртацца. Хваляваньне таго моманту важна перажыць аднойчы. Кактэйль з пачуцьця страху, годнасьці й п’янкога духу свабоды.

Праўда пра Курапаты – гэта праўда, якую згубілі нашы дзяды, не знайшлі бацькі, адшукалі мы і будуць ведаць нашыя дзеці. Бо гэты лес зрабіў нас іншымі. Вялікая таямніца перастала быць таямніцай.

Штогод на Дзяды сотні людзей прыходзяць у Курапаты, каб памянуць тых, хто загінуў ад бальшавіцкай кулі. Але я не магу туды ісьці. Ёсьць месцы, пра якія кажуць “Не магу туды вяртацца”. Для мяне Курапаты – якраз тое месца. Я не хачу вяртацца ў Курапаты і не хачу каб Курапаты вярталіся ў Беларусь...


У Сержука Вітушкі свой погляд на гэтую справу. Як чалавек грамадзкі, ён схільны наадварот, заклікаць людзей ісьці ў Курапаты.

Вітушка: “Я думаю, чаму так мала людзей прыходзіць у Курапаты. Чаму людзі баяцца дакрануцца да гэтага, да гэтай праўды. Напэўна, кожны чалавек у Беларусі чуў пра гэта, але па-ранейшаму хаваецца ад гэтай інфармацыі. Ну так бывае, што калі чалавеку баліць, дык другі будзе крычаць, мітусіцца, шукаць нейкага паратунку, а другі будзе, наадварот, цярпець неяк так...

Ёсьць народы, якія многа пра гэта гавораць. І ня проста гавораць – крычаць. А беларусы... таксама ж ведалі, ведалі пра гэтыя рэпрэсіі ўсе, але нашыя бацькі-дзяды маўчалі. Выбралі такую тактыку – маўчаць, цярпець, хай забудзецца, хай так вось загояцца гэтыя раны. Ім гэта, можа, і памагло. Але дзецям-унукам гэтая інфармацыя, гэтая праўда была невядомая. І таму дзеці і ўнукі рызыкуюць сёньня паўтарыць гэтыя памылкі. Таму ніхто й не абураецца, калі сёньня існуюць гэтыя камуністычныя назвы вуліц і гарадоў і ўзнаўляюцца помнікі Сталіну, ня тое што помнікі Леніну стаяць. Таму трэба гаварыць, і трэба вывучаць гэтую гісторыю. Але мы напэўна ніколі ня зможам быць такімі, як іншыя народы. І так гучна пра гэта гаварыць і проста крычаць. Але ў беларусаў ёсьць свой спосаб, свой настрой, зь якім можна дакранацца да гэтай праўды. Вось на Дзяды ці на Радуніцу людзі ідуць на могілкі зь вельмі дзіўным адчуваньнем. Няма болю, няма здранцьвеньня, няма плачу, як у момант пахаваньня. А на Дзяды, на Радуніцу ідуць з мудрым спакоем. І вось з такім настроем варта падступацца да гэтай тэмы
”.

Дзьве процілеглыя, але не супярэчныя думкі. Адзін заклікае дакрануцца да Курапатаў, другі адказвае: не хачу туды вяртацца. Яны не супярэчныя, бо кожны выбірае сваё. І гэта зусім ня значыць, што аднаму больш баліць, чым другому. Калі гэтыя думкі заспрачаюцца міжсобку, дык зусім не за боль, а толькі за патас.

Галоўная тайна Курапацкага лесу сёньня ўжо ня ў тым, што ён ёсьць і ня ў тым, хто там расстраляны. Беларусы ў масе сваёй адмаўчаліся пра сталінскія рэпрэсіі. І цяпер ужо позна заклікаць гаварыць пра гэта ў сем’ях. Тым больш, што грамадзкі клімат ніяк не спрыяе такім размовам. Тым больш, што нікуды ня зьнік страх. Тым больш, што колішні недавер даўно схапіўся, нібы цэмэнт.

Але й Курапаты не адыгралі яшчэ ўсёй сваёй гістарычнай ролі. Таго шоку 20-гадовае даўніны не паўторыш. У Курапатаў, на маю думку, іншы працяг – не палітычны, а культурны. Яны мусяць ператварыцца ў эпас. Дзе сотні і тысячы сьведчаньняў зьліюцца з мноствам вобразаў айчыннай культуры, пачынаючы ад неверагодна дакладных прароцтваў Купалы, які ў вершах сваіх бачыў і апісаў Курапаты задоўга да катастрофы, пачынаючы з Коласа і з Быкава... Але гэта ўжо тэма іншае перадачы.

XS
SM
MD
LG