Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У менскім палацы моладзі ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу “Галакост. Гісторыя. Урокі талерантнасьці”. Большасьць удзельнікаў конкурсу — не габрэі.


У менскім палацы моладзі адбылося ўзнагароджаньне пераможцаў конкурсу “Галакост. Гісторыя. Урокі талерантнасьці”. На конкурс з усёй краіны паступілі 919 твораў. Большасьць удзельнікаў конкурсу — не габрэі.

Конкурс быў прысьвечаны 65-годзьдзю зьнішчэньня менскага гета. Яго праводзілі Саюз беларускіх габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў, рэспубліканскі фонд “Галакост” і музэй гісторыі і культуры габрэяў Беларусі.

Творы на конкурс прыйшлі са 102 раёнаў краіны. Удзельнікі: школьнікі, студэнты, выкладчыкі ВНУ і школаў — даслалі краязнаўчыя работы, мэтадычныя матэрыялы, навуковыя дасьледаваньні, фільмы, прэзэнтацыі, малюнкі і апавяданьні.

Каля актавай залі дэманстраваліся малюнкі, якія сталі пераможцамі ў конкурсе. Сярод работ былі й намаляваныя 8-гадовымі школьнікамі.

Урачыстае паседжаньне пачалося з малітвы. Пасьля выступілі прадстаўнікі габрэйскіх арганізацый і былыя вязьні гета.

Леанід Левін
Старшыня Саюзу беларускіх габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў Леанід Левін лічыць, што конкурс даў адказ на асноўнае пытаньне: “Ці хвалюе сучасную моладзь тэма вайны, тэма Галакосту?”.

“Сапраўды было цікава паглядзець, як думае моладзь. Вы ведаеце, мы вельмі задаволеныя, бо, калі б вы хоць адзін-два найлепшыя творы ўзялі ў рукі, то такія думкі, такі погляд на ўсё гэта!.. Вось хоць адзін каласок зьявіўся сёньня, і гэта ўжо добра. Каласок дасьць зярняткі, а зярняткі дадуць нам іншыя каласкі”.



Дырэктарка музэю габрэйскай культуры Іна Герасімава выступіла перад прысутнымі.

“Журы конкурсу, у якое ўвайшлі 17 чалавек, склалася з пэдагогаў, журналістаў, карэспандэнтаў радыё і тэлебачаньня. Я хачу сказаць, што ацэньваў гэтыя работы не адзін чалавек. Акрамя таго, удзельнічалі дзеля таго, каб вызначыць вашы месцы, людзі, якія абсалютна ня маюць дачыненьня да пэдагогікі і гісторыі”.

Дыплямантам конкурсу дарылі кнігі і кветкі. Далёка ня ўсе прысутнічалі на цырымоніі ўзнагароджаньня, але арганізатары запэўнілі, што кожны ўдзельнік атрымае свой падарунак.

20 і 21 кастрычніка на мэмарыяле «Яма» адбудуцца ўрачыстыя мерапрыемствы ушанаваньня памяці ахвяраў менскага гета. Конкурс стаў часткай падрыхтоўкі да гэтай даты.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG