Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выходныя ў радавым маёнтку Агінскіх на Смаргоншчыне адбыўся фэст “Залесьсе запрашае сяброў”. Імпрэза, ініцыяваная мясцовымі ўладамі, мела на мэце прыцягнуць увагу да палацавага комплексу, дзе цягам двух дзясяткаў гадоў на пачатку ХІХ стагодзьдзя жыў і працаваў вядомы кампазытар, дыплямат, паўстанец Міхал Клеафас Агінскі. Вагі мерапрыемству дадала прысутнасьць асобаў, чыё жыцьцё зьвязанае з гэтымі мясьцінамі — грамадзкіх дзеячаў, прадстаўнікоў дзяржаўных структураў.

Мясцовыя жыхары зь цяжкасьцю прыгадваюць, каб пад закансэрваванымі сьценамі маёнтку Агінскага віравала столькі народу. Хтосьці завіхаўся сярод вырабаў народных майстроў, нехта дэгуставаў залескія прысмакі, іншыя занялі месцы ў імправізаваным амфітэатры, дзе пад гукі сусьветна вядомага палянэзу ля-мінор дэманстравалі сваё майстэрства танцоры.

Дэпутат Пётар Южык
У перапынках на прыбудаваную да старога млына сцэну падымаліся людзі, якія, на думку мясцовага кіраўніцтва, здольныя “замовіць слоўца” на карысьць аднаўленьня сядзібы. Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Тацяна Голубева амаль 20 гадоў кіравала аб’яднаньнем “Смаргоньсілікатабэтон”, дзе працуе ці ня большасьць залесцаў. Шкадавала, што разбураецца знакавы палац, былы гаспадар якога дагэтуль на вуснах у мільёнаў людзей. Тут жа яшчэ адзін парлямэнтар Пётар Южык. Цікаўлюся: што прывяло яго сюды?
Я думаю, што да 250-годзьдзя нараджэньня Агінскага ў 2015 годзе тут усё будзе адноўлена”.

“Ох, такім пытаньнем можна зьбіць з ног.. Чаму я тут? Я тут нарадзіўся, хадзіў у школу, тут пахаваныя мае дзед з бабай, маці. Тут прайшло маё дзяцінства, мая маладосьць. Тут было маё каханьне — першае, і ня першае. Тут усё роднае, тут людзі жывуць, якія любяць працаваць, якія любяць свой куток, сваю зямлю, сваю мову і культуру. Тут жывуць людзі, якія будавалі і будуюць нашу дзяржаву, нашу Беларусь. Тут мае карані, тут мае землякі, мае аднаклясьнікі. І я ведаў, што многія зь іх прыедуць сёньня, таму не прыехаць я папросту ня мог. Кожная сустрэча — гэта ўспаміны, кожнае спатканьне — гэта сьлёзы на вачах. Душой прыгарнуўся да таго, што называецца жыцьцём. А яно сёньня няпростае, і трэба цаніць тое, што было, тое, што ёсьць, і будаваць лепшую будучыню, якая, я веру, у нас будзе”.

Ці могуць падобныя мерапрыемствы прыцягнуць увагу да праблемы аднаўленьня сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага? Прысутны на фэсьце старшыня Нацыянальнай камісіі Беларусі ў справах ЮНЭСКА Ўладзімер Шчасны лічыць, што маёнтку тэарэтычна хопіць нават капітальнага рамонту:

Уладзімер Шчасны дэгустуе залескія пачастункі.

“Тут і асаблівай патрэбы ў такой увазе няма, таму што справа рухаецца. І я думаю, што да 250-годзьдзя нараджэньня Агінскага ў 2015 годзе тут усё будзе адноўлена”.

Карэспандэнт: “Той факт, што маёнтак перададзены на балянс мясцовых уладаў, не адкіне назад ранейшую працу?”

“Мяркую, што не адкіне, адно калі крыху прыпыніць. Таму што цяпер адбываецца ўласна працэс перадачы. Але раённыя, мясцовыя ўлады папросту атрымалі падарунак ад дзяржавы. Яны яшчэ гэтага проста не разумеюць. Канечне, цяжка знайсьці сродкі, прычым грошы немалыя. Але ўрэшце грошы знойдуцца, і маёнтак будзе ў іхных руках. Гэта важна, бо зь цягам часу гэта будзе працаваць на эканоміку рэгіёну, таму што брэнд Агінскага раскручаны, і Залесьсе будзе тым жа, што Міхалаўскае Пушкіна. То бок тут і працоўныя месцы зьявяцца, і ўсё іншае, трэба толькі цярпеньне і час”.
Гэта першае ў гісторыі сьвята, ініцыяванае ўладамі, старшынёй сельскага савету

Мастак Сяргей Верамейчык яшчэ 20 гадоў таму прыехаў зь місіянэрскай мэтай спрыяць аднаўленьню Паўночных Атэнаў — так у свой час ахрысьціла Залесьсе культурная эліта. А ў выніку памяняў Менск на “даўгабуд”, вакол якога шмат размоваў, але мала рэальнай працы:

Сьцяну галерэі ператварылі ў выставу рэпрадукцый Сяргея Верамейчыка.

“Як у нас на Беларусі тлумачаць: хто такі пэсыміст? Гэта добра інфармаваны аптыміст. У мяне ёсьць досьвед, калі мы рабілі першыя сьвяты, яшчэ з 1990-га. Таксама была мара і мэта прывабіць увагу да Залесься. Прайшлі 16 сьвятаў, але вялікіх зьменаў ня бачу. Зразумела, заўсёды ёсьць надзея, але тут ці нейкі шчасьлівы выпадак здарыцца, ці адбудуцца кардынальныя зьмены ў агульным падыходзе. Толькі ў выніку гэта магчымыя зьмены. Бо ўсе гэтыя казкі я чую тут, жывучы з 1989 году. Дарэчы, гэта першае ў гісторыі сьвята, ініцыяванае ўладамі, старшынёй сельскага савету. Яна напісала праект і выйграла грант, як яна казала, Усясьветнага банку. Але ў Дэпартамэнце па гуманітарнай дапамозе паведамілі: сродкі атрымалі, але адправілі назад — маўляў, няма чаго чужыя грошы разбазарваць. Таму вымушаныя былі абысьціся сваімі сіламі. Так што ўвага ў любым выпадку будзе, але ўсё гэта так шмат гадоў доўжыцца, што прынцыпова сытуацыю не ўратуе”.

Пэнсіянэр Валер Аносаў ня надта спадзяецца, што на свае вочы пабачыць адноўленыя Паўночныя Атэны:

“Гадоў сорак таму, калі намесьнікам старшыні Савету міністраў БССР была такая Сьняжкова, палякі прапаноўвалі зрабіць капітальны рамонт палаца. Але ў адказ ім было заяўлена, што ў савецкіх — уласная годнасьць. І з тых часоў усё толькі разбураецца. І я ўжо нават сказаў маме: маўляў, прынамсі мы з табой тут, падаецца, пры сваім жыцьці ўжо нічога ня ўбачым. Хоць само па сабе вось такое мерапрыемства, канечне, вартае, патрэбнае. Яно ідзе ня толькі на карысьць справе, але і надзвычай важнае для мясцовых жыхароў. Гэта нешта такое, што да іхнага разуменьня ў іншай сытуацыі, магчыма, і не даходзіла — ва ўсёй гэтай звыклай будзённасьці. Гэта знакава, бо гэта нешта большае, чым будзённасьць. Даецца магчымасьць зьвярнуцца да вякоў, да спадчыны — ня той учорашняй-пазаўчорашняй, а куды глыбейшай. Бо ў зямлі нашыя карані”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG