Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мінпрыроды абмеркавалі АЭС з грамадзкасьцю


Падчас абмеркаваньня.

Падчас абмеркаваньня.

Сёньня ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў адбылося абмеркаваньне “Ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе” будаўніцтва Беларускай АЭС. Прадстаўнікі грамадзкасьці выступілі супраць узьвядзеньня станцыі.

Міністэрства энэргетыкі тыдзень таму падрыхтавала на 130 старонках сваю ацэнку ўзьдзеяньня АЭС на навакольнае асяродзьдзе. Сёньня адбылося першае абмеркаваньне дакумэнта з грамадзкасьцю. Як паведаміў начальнік спэцыяльнай інспэкцыі дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы Аляксандар Андрэеў, Міністэрства прыродных рэсурсаў настойвае на грамадзкіх слуханьнях па гэтай тэме ня толькі ў Астраўцы 9-га кастрычніка, але і ў Менскай і Віцебскай абласьцях. Сябра маскоўскай групы “Экаабарона” Андрэй Ажароўскі мяркуе, што Міністэрства энэргетыкі не ўлічыла ў сваім дакумэнце шэраг пытаньняў:

Андрэй Ажароўскі
“Якасьць дакумэнту паганая. Да яго заўвагаў у нас хутка будзе больш, чым памер самога дакумэнту. Поўная лухта напісаная пра тое, што Расея прыме гэтыя адкіды. Гэта вельмі вялікае пытаньне, ці пойдзе Расея на парушэньне свайго заканадаўства аб ахове навакольнага асяродзьдзя і ці будзе яна прымаць адкіды зь Беларусі на беззваротнай аснове. Прыняць мы можам, але мы будзем вяртаць эквівалент гэтага ядзернага дзярма назад. І поўная адсутнасьць ацэнкі ўзьдзеяньня працэсу вываду АЭС з эксплюатацыі. Мы тут атрымалі вельмі цікавую інфармацыю, што фінальны могільнік праз 60 гадоў будзе на той жа пляцоўцы ў Астраўцы”.

Удзельнікі дыскусіі адзначылі таксама, што чыноўнікі не абышліся ў сваёй ацэнцы без маніпуляцый. Дыскутанты спадзяюцца спыніць “небясьпечны праект”. Уладзімер Валодзін, сябра Беларускай партыі зялёных, адзначыў:

“Грамадзкасьць адназначна выступіла адзіным фронтам. Была нейкая прадстаўніца ад БРСМ, але яна маўчала. Усе, хто выказваўся, казалі, што яны супраць АЭС. Але дзяржаўныя інстанцыі, якія павінны рабіць незалежную ацэнку магчымага ўзьдзеяньня АЭС на навакольнае асяродзьдзе і грамадзтва, займаюць адназначна праатамную пазыцыю. Гэтыя людзі проста баяцца страціць працоўныя месцы, і ні на ёту іх меркаваньне ня зрушыцца. Размаўляць зь імі, як паказала сёньняшняя сустрэча, проста бессэнсоўна”.

Аляксандар Сыкала
Сябра Беларускай партыі зялёных Аляксандар Сыкала адзначыў:

“Ацэнка ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе” міністэрствам энэргетыкі падрыхтавана фармальна. Гэта была фармальная адпіска людзей, якім сказалі: што хочаце, тое і пішыце. Усё будзе прынята, рашэньне ўжо ёсьць. Але захаваць палітэс трэба. Вось яны і прыйшлі захоўваць палітэс”.

Намесьніца міністра прыродных рэсурсаў Галіна Валчуга, падводзячы вынікі дыскусіі, сказала:

Галіна Валчуга
“І тыя, хто кажа „мы“, і тыя, хто кажа „яны“, — усе мы горача хочам жыць у чыстай Беларусі, і ў гэтым мы адзіныя. Мы хочам, каб нашы дзеці былі здаровыя, каб анкалягічныя захворваньні не былі ў кожнай сям’і. Я заклікаю зрабіць усё магчымае для таго, каб мы атрымалі праект, а не крычалі: „мы супраць, бо мы ня хочам праекту, які дазволіць дастойна жыць у цывілізаванай краіне“. Давайце разумна падыходзіць да пытаньняў і вырашаць іх разумна, а ня з пункту адмаўленьня ўсяго”.

Неўзабаве грамадзкія арганізацыі плянуюць прэзэнтаваць у Менску сваю ацэнку дакумэнту, падрыхтаванага міністэрствам энэргетыкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG