Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе будуць будаваць АЭС, вызначаць да канца году


Грамадзкія слуханьні наконт будаўніцтва АЭС у Беларусі плянуюцца на 9-га кастрычніка. Але ўжо вызначана, якую менавіта АЭС будуць будаваць і дзе будуць рыхтаваць спэцыялістаў для яе абслугоўваньня.


Калі “ўсё будзе нармальна ісьці”, кажуць у дырэкцыі будаўніцтва АЭС, да канца году вызначацца і зь месцам будаўніцтва.

Вядучы інжынэр-тэхноляг аддзелу кіраваньня праектам “Дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі” Міхаіл Жук распавядае пра зроблены выбар:

“Праект будзе расейскі, праект выбраны — гэта АЭС-2006. Такія ж атамныя станцыі будуюцца на Ленінградзкай АЭС-2 і Варонескай АЭС-2”.
Праект будзе расейскі


Навучацца абслугоўваньню АЭС беларускія спэцыялісты таксама будуць у Расеі:

“Базавай для навучаньня беларускіх спэцыялістаў выбрана Балакоўская атамная электрастанцыя ў Саратаўскай вобласьці, якая ўжо некалькі апошніх гадоў прызнаецца лепшай АЭС Расеі”.

Няма толькі пэўнасьці, дзе менавіта будуць будаваць АЭС:

“Разглядаюцца тры магчымыя пляцоўкі разьмяшчэньня АЭС. Дзьве ў Магілёўскай вобласьці і адна ў Гарадзенскай. Гарадзенская, Астравецкая, лічыцца прыярытэтнай. У кастрычніку плянуюцца слуханьні па ўзьдзеяньні на навакольнае асяродзьдзе, будуць праведзены кансультацыі з грамадзкасьцю”.

Калі ўсё будзе “ісьці нармальна”, сказаў сп. Жук, то можна чакаць, што да канца году месца для будоўлі АЭС у Беларусі будзе вызначана.

На думку Валянціны Брылёвай, навуковай супрацоўніцы Аб’яднанага інстытуту энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў “Сосны”, нельга казаць, што вялікая колькасьць беларусаў — супраць будаўніцтва АЭС.
Мэр Астраўца нас запэўніў, што 90% жыхароў Астравецкага раёну падтрымліваюць будаўніцтва


“Павінна быць апытаньне грамадзкай думкі, агалошаны лічбы, а проста так казаць, што ўсе супраць, — нельга. Прыяжджалі да нас з Астраўца, у інстытуце была прэс-канфэрэнцыя, і сам мэр Астраўца нас запэўніў, што 90% жыхароў Астравецкага раёну падтрымліваюць будаўніцтва. Гэта — са словаў мэра”.

Ці пацьверджаны сацыялягічнымі дасьледаваньнямі “90%” у словах мэра, Валянціна Брылёва не ўдакладніла. Але дадала, што, паводле апошніх апытаньняў Інстытуту сацыялёгіі, 59% жыхароў усёй Беларусі ідэю будоўлі АЭС падтрымалі.

На думку Мікалая Ўласевіча, ініцыятара антыядзернай кампаніі, грамадзкія слуханьні, якія праводзяцца ўжо пасьля таго, як абмеркавана, хто менавіта будзе будаваць АЭС, — гэта фікцыя, дэкарацыя, “пыл у вочы”:

“Абмеркаваньне гэтае будзе фармальным. Бо дагэтуль яны нас, па сутнасьці, інфармавалі пра тое, што робяць, постфактум. І то — гэта была вельмі дазаваная інфармацыя. Фактычна, на мой погляд, рашэньне прынятае”.
Абмеркаваньне гэтае будзе фармальным


Але, як той казаў, рабі, што павінен, і будзь што будзе, лічыць сп. Уласевіч:

“Безумоўна, мы будзем да канца ўдзельнічаць у гэтай працэдуры, безумоўна. І наша задача — як мага больш патрабаваць ад дзяржавы выкананьня Орхускай канвэнцыі, пра доступ да інфармацыі і права людзей удзельнічаць у абмеркаваньні і рашэньні гэтага пытаньня”.

На сайце Міністэрства прыроды 31 жніўня зьявілася паведамленьне “Інфармаваньне грамадзкасьці аб заплянаваным будаўніцтве АЭС на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”. Паводле яго, грамадзкія абмеркаваньні ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе пройдуць у Астраўцы 9 кастрычніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG