Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Магілёве актывісты антыядзернага руху Беларусі стварылі кааліцыю “Рэгіёны супраць АЭС”. Першай яе акцыяй стане агульнабеларускі дзень інфармаваньня насельніцтва пра небясьпеку АЭС.

Так пастанавілі заснавальнікі кааліцыі з Гораччыны, Бялыніччыны, Вілейшчыны, а таксама зь Менску й Магілёва. Дні інфармаваньня, заяўляюць актывісты, будуць праводзіцца рэгулярна.

Падчас гэтых акцыяў актывісты-антыядзернікі зьбіраюцца казаць людзям тое, што, на іхную думку, ня кажуць дзяржаўныя мас-мэдыі й чыноўнікі.

Эдуард Брокараў
“Інфармацыі ў нас хапае. І яна абапіраецца ня толькі на нашыя эмоцыі, што мы баімся нейкай катастрофы ці яшчэ чаго. Яна абапіраецца перадусім на высновы навукоўцаў, на высновы эканамістаў, якія кажуць, што АЭС — гэта цалкам нявыгадны праект, тут палітыка. А калі на першы плян выходзяць палітычныя моманты, лёгіку адсоўваюць убок, а крайнімі, як кажуць, будзем мы”, — зазначае каардынатар кааліцыі Эдуард Брокараў.

У беларускім грамадзтве, цьвердзяць актывісты, няма аднадушша адносна будоўлі АЭС і яе небясьпекі:

Юры Міляшкевіч
“Мы ня хочам эксплюатаваць чарнобыльскі сындром. Людзі пацярпелі й на сваім уласным жыцьці ведаюць, што такое атам. Мы хочам распавесьці й пра тое, што атамная станцыя можа быць небясьпечнай у пляне эканамічным, у пляне залежнасьці ад аднаго пастаўшчыка сыравіны”, — кажа пра намеры кааліцыі эколяг, намесьнік старшыні Цэнтру падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятываў Юры Міляшкевіч.

Усе спробы актывістаў антыядзерных ініцыятываў наладзіць грамадзкае абмеркаваньне пэрспэктываў будаўніцтва АЭС і яе небясьпекі ўлада блякуе. Забараняюць чыноўнікі актывістам праводзіць і публічныя акцыі пратэсту. На Вілейшчыне, напрыклад, райвыканкам ня даў дазволу на тры антыядзерныя пікеты. Чым тлумачаць актывісты такія дзеяньні ўлады? Гаворыць праваабаронца зь Вілейшчыны Ўладзімер Малярчук.

Уладзімер Малярчук
“Страхам, страхам перад адказнасьцю за свае словы. Думаюць яны, можа, так, як і мы, бо мы і яны — беларусы, і ў іх ёсьць дзеці і ўнукі, і ў нас ёсьць. Аднак калі мяне нішто ня зможа спыніць, каб выказаць сваё меркаваньне, то ён глядзіць за кожным сваім словам. Ён ніколі ня скажа нічога лішняга. Калі раптам якое пытаньне, то адкажа: “Без камэнтароў”.

Страх і пасіўнасьць ня толькі чыноўнікаў, але і большай часткі насельніцтва Беларусі пакуль не дазваляюць праводзіць масавыя акцыі пратэсту, прызналі ўдзельнікі сёньняшняга сходу. Дзеля гэтага варта больш актыўна тлумачыць людзям нэгатыўныя наступствы мірнага атаму. Агульнанацыянальныя дні інфармаваньня й пакажуць, наколькі здольныя мы зьмяніць сытуацыю, кажуць актывісты-антыядзернікі. Першы дзень інфармаваньня павінен адбыцца ў ліпені.



Атамную электрастанцыю зьбіраюцца будаваць на Астравеччыне. Як паведамляюць афіцыйныя крыніцы, узводзіць яе будуць расейцы. АЭС абыдзецца Беларусі прыкладна ў 6,5 мільярда даляраў. Беларускі ўрад ужо зьвярнуўся да Расеі па крэдыт у 9 мільярдаў.

Першапачаткова пад АЭС разглядаліся тры пляцоўкі: дзьве на Магілёўшчыне — Краснапалянская й Кукшынаўская, і адна на Гарадзеншчыне — у Астравецкім раёне. Супраць будаўніцтва АЭС ля вёскі Кукшынава ў Горацкім раёне выступілі мясцовыя грамадзкія актывісты. Ад лістапада 2007 году яны сабралі пяць тысяч подпісаў праціўнікаў узьвядзеньня станцыі. Подпісы дасланыя ва ўрад і адміністрацыю прэзыдэнта.
XS
SM
MD
LG