Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская школа ўступіла ў другі год рэформы. І зноў перад настаўнікамі і вучнямі старэйшых клясаў паўсталі мінулагоднія праблемы: не хапае падручнікаў. Асабліва востра гэта адчулі выпускнікі — вучні 11-х “штрых” клясаў.

Сёлетнім выпускнікам школ, гімназій, ліцэяў не пашанцавала больш за ўсіх. Летась яны трымалі экзамэны за курс базавай школы, сёлета — за курс сярэдняй. Праграму двух гадоў яны вымушаныя засвоіць за год. А тут яшчэ дэфіцыт падручнікаў. Настаўніца адной зь вясковых школ тлумачыць:

“Праблема ў тым, што 11-штрых вучыцца па праграмах 10 і 11 клясы, то бок падручнікі 10 і 11 клясаў агульныя ў першым паўгодзьдзі”.

Намесьніца міністра адукацыі Тацяна Кавалёва распавяла, што сёлета дэфіцыт падручнікаў будзе толькі па 12 прадметах з 1 па 11 клясы:

Тацяна Кавалёва
“Усё ж такі і ў гэтым навучальным годзе па значна меншай колькасьці тэм і прадметаў застанецца неабходнасьць і магчымасьць выкарыстаньня матэрыялаў на электронных носьбітах. Таму што немэтазгодна выдаваць падручнік на адзін год”.

Найбольш складаная сытуацыя з падручнікамі па матэматыцы, замежных мовах, расейскай мове і беларускай літаратуры. Па гэтых прадметах падручнікі Міністэрства адукацыі рэкамэндуе разьмяркоўваць як “кляса-камплект” — на ўроках школьнікі карыстаюцца некалькімі экзэмплярамі на ўсіх, а дома ім раяць рыхтавацца да ўрокаў з выкарыстаньнем электронных носьбітаў. Але, як распавядала настаўніца расейскай мовы адной зь вясковых школ:
падручніка расейскай мовы для 10 клясы ў інтэрнэце — няма наагул ...

“Яны ня ўсе ёсьць, па-першае. Я ўчора, да прыкладу, шукала падручнік расейскай мовы для 10 клясы ў інтэрнэце — яго няма наагул. А як выкручваемся? Альбо адзін на дваіх, адзін на трох. А калі падручнікі наагул яшчэ не прыйшлі, да прыкладу, па ангельскай мове, то адзін асобнік знаходзіцца ў кабінэце і пішуць рэжым падрыхтоўкі да ўрокаў: з 15-й да 16-й гадзіны прыходзяць у кабінэт вучні 10 клясы, а з 16-й да 17-й — 11 клясы”.

Перад Міністэрствам адукацыі была пастаўлена задача да канца 2008 году забясьпечыць кожную школу краіны высакахуткасным доступам у інтэрнэт. Задача выкананая часткова — у гарадзкіх школах інтэрнэт ёсьць. Што да вясковых школ, настаўніца распавяла:
У нас, да прыкладу, “ByFly” няма. Мы спампоўваем за свае грошы ...

“А ў сельскіх школах няма, там ня “цягнуць” тэлефонныя лініі мясцовыя. У нас, да прыкладу, “ByFly” няма. Мы спампоўваем за свае грошы, а потым з прэміяльнага фонду плацім за тэлефон. У нас набягае тысяч 60 у месяц. Для школы гэта вялізныя грошы, у нас жа няма свайго грашовага фонду”.

Калі колькасьць вучняў у клясе вясковай школы невялікая, настаўнікі звычайна стараюцца зрабіць раздрукоўкі для тых вучняў, у каго няма дома кампутара. Калі ў клясе 25 вучняў — гэта праблематычна, кажа настаўніца. А да поўнай кампутарызацыі яшчэ далёка:

“Ну вядома ж, не ўва ўсіх ёсьць дома кампутар. У паловы ёсьць, у паловы няма. Тым, у каго няма, мы стараемся даваць падручнікі, але праблема застаецца. Я звычайна кажу сама: “у каго няма кампутара, падыходзьце. І чалавек 8 з маёй клясы падыходзілі”.

Чыноўнікі Мінадукацыі суцяшаюць, што засталося цярпець адзін год, пэрыяд пераходу на 11-годку цалкам завершыцца, далей у школе будзе спакойны рэжым працы. А пакуль вучням 11-х клясаў, калі яны хочуць добра вучыцца, даводзіцца самім здабываць навучальныя матэрыялы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG