Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Школьная рэформа: што паказалі першыя тры тыдні?


1 верасьня на ўрачыстасьцях з нагоды адкрыцьця чарговай новай школы ў сталічным мікрараёне Лошыца прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка заявіў: “Мы вярнуліся да нармальнай 11-гадовай школы”.

Normal 0

Магчыма, ня ўсе памятаюць, што ў 1996 годзе менавіта кіраўнік дзяржавы ініцыяваў пераход да 12-годкі. Не дачакаўшыся першага паўнавартаснага выпуску, каб зрабіць высновы, улада вырашыла “асадзіць назад”. 1 верасьня і настаўнікі, і вучні, і іх бацькі чакалі з хваляваньнем — беларуская школа чарговым разам рэфармуецца. Спачатку было шмат пытаньняў, непаразуменьняў па вучэбных плянах, праграмах, падручніках. Прайшло больш за тры тыдні вучобы. Што зьмянілася, якія праблемы застаюцца нявырашанымі?

Усе школьнікі зараз вучацца па агульных праграмах — паводле “Адзінага тыпавога навучальнага пляну”. Старшаклясьнікам давядзецца засвоіць школьную праграму, разьлічаную на два гады, за адзін год. Увесну будуць два выпускі сярэдняй школы (11 кляса — якая і павінна была ў 2009 годзе скончыць сярэднюю школу паводле 11-гадовай праграмы, і так званая адзінаццатая “штрых” — каго меркавалі былі вучыць 12 гадоў). Да таго ж два выпускі базавай школы (дзевятая кляса і дзевятая “штрых”). Намесьнік начальніка Ўпраўленьня сярэдняй адукацыі Мінадукацыі Валянціна Маеўская распавядае:

“Калі сёлета 11-я клясы скончылі 94 тысячы вучняў, то на наступны год плянуецца выпуск каля 100 тысяч — гэта 43 тысячы вучняў 11-х клясаў і 57 тысяч — 11-х “штрых. Павелічэньне неістотнае”.

Чыноўнікі супакойваюць: распрацаваныя адмысловыя пераходныя праграмы. Настаўнік беларускай мовы і літаратуры з амаль 40-гадовым стажам Рыгор Сыраватка, аднак, занепакоены:

“Трэба ж за адзін год засвоіць два гады фактычна. І атрымліваецца, што па некаторых тэмах па той жа літаратуры тое, што ўкладалася ў 4 урокі калісьці, плюс адна гадзіна па ўсясьветнай культуры — зараз трэба ўкласьці ў адну гадзіну”. Я б назваў гэты курс “Азнаямленьне зь літаратурай”. Фактычна, аналізу паглыбленага даць увогуле немагчыма”.

Толькі факты: на вывучэньне творчасьці Ўладзімера Караткевіча і раману “Каласы пад сярпом тваім” адведзена 3 гадзіны, на “Знак бяды” Васіля Быкава — 2 гадзіны, на раман-эпапэю “Вайна і мір” — 4 гадзіны.

Намесьнік начальніка Ўпраўленьня Мінадукацыі Валянціна Маеўская кажа::

“Тут хвалявацца няма падставаў. Літаратура — дысцыпліна культуралягічнага цыклю, якая пасьлядоўна і сыстэмна павінна далучаць вучня да мастацтва. І праграмы па літаратуры прадугледжваюць вывучэньне яе паралельна з музыкай, жывапісам, тэатрам, кіно. А літаратурныя творы, вялікія па аб’ёме, патрабуюць папярэдняга прачытаньня. Таму неабходна ставіць пытаньне не пра колькасьць гадзін, а пра тое, як пабудаваць працу настаўніка”.

Хочацца спадзявацца, што хоць некаторыя сьвядомыя школьнікі яшчэ могуць прачытаць летам ці ў вольны час праграмныя творы. Але наўрад ці яны папярэдне і самастойна адолеюць фізыку і хімію, якія таксама трэба засвоіць у сьціслыя тэрміны. Што да жывапісу, музыкі, кіно, пра якія ўзгадвае Валянціна Маеўская, дык прадмет “Усясьветная і айчынная мастацкая культура” наагул скасаваны.

“Зьмест гэтага прадмету перайшоў у гісторыю, грамадазнаўства. Тая ж самая літаратура частку ўзяла. І на факультатывах рэкамэндуем вучням, якія жадаюць прадоўжыць вывучэньне ўсясьветнай і айчыннай мастацкай культуры, вывучаць яе”.

Дый усе астатнія прадметы больш паглыблена, на павышаным узроўні прапануецца засвойваць на факультатыўных занятках. Валянціна Маеўская тлумачыць:

“Усе факультатыўныя заняткі ва ўсіх установах адукацыі праводзяцца бясплатна ў адпаведнасьці з тыпавым навучальным плянам і фінансуюцца зь бюджэту. Настаўніку гэтыя заняткі ўваходзяць у аб’ём пэдагагічнай нагрузкі”.

На самой справе — не заўсёды так. Маці першаклясьніка, якая аддала дзіця ў гімназію з паглыбленым вывучэньнем моваў, распавяла:

“Адзін раз на тыдзень факультатыў бясплатны, а другі раз на тыдзень — платны. Атрымліваецца, што маё дзіця і да рэформы павінна было вывучаць замежную мову два разы на тыдзень, але зараз за адзін занятак я плачу. А ў іншай школе (якая звычайная, не гімназія, не з паглыбленым вывучэньнем моваў) дзіця сяброўкі таксама ходзіць у першую клясу, тры разы на тыдзень у яго той жа факультатыў, але бясплатна”.

Замежныя мовы цяпер вывучаюць з трэцяй клясы на базавым узроўні — па дзьве гадзіны на тыдзень. Выключэньне — гімназіі, якія былі з гуманітарным ці лінгвістычным ухілам: там замест 5 урокаў на тыдзень засталося 4. Затое вывучэньне другой замежнай мовы наагул скасавалі.

У першыя дні верасьня былі сур’ёзныя праблемы з падручнікамі. Натуральна, за такі кароткі тэрмін, у які адбываецца рэформа, падрыхтаваць новыя не пасьпелі, старых не хапае. Да таго ж у 8-й і 9-й клясах, у 11-й і 11-й “штрых” патрэбныя адны і тыя ж падручнікі. Настаўнік Рыгор Сыраватка кажа:

“Вельмі цяжка праблемы вырашаюцца. Напрыклад, на сёньняшні дзень па пятай клясе ў мяне падручніка няма. У сёмай клясе адзін падручнік на два чалавекі па літаратуры. Ну, а так — неяк вырашаецца праблема, тут абмены ідуць паміж школамі, яшчэ, так бы мовіць, тусуемся”.

Дагэтуль няма падручніка па чарчэньні, якое сёлета ўвялі ў праграму — не пасьпелі падрыхтаваць. Настаўнікам рэкамэндавана шукаць старыя падручнікі, якія ўжо сьпісаныя, больш матэрыялу даваць на ўроках, а школьнікам — весьці падрабязныя канспэкты. Рыгор Сыраватка з Іванава іранізуе:

“Раней выдаваліся дапаможнікі да экзамэнаў з адказамі на білеты. Я заўсёды казаў: прачытаеш, засвоіш гэта — тры балы гарантавана. Вось зараз гэта было б асноўным падручнікам”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG