Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напярэдадні новага навучальнага году дзяржаўныя выдавецтвы ў сьпешным парадку друкуюць новыя падручнікі. У выніку згорнутай на загад Аляксандра Лукашэнкі школьнай рэформы патрэба ў нанава перапісаных дапаможніках сёлета ўзрасла шматразова. Але калі ў вучняў і настаўнікаў ад няспынных зьменаў галава ідзе кругам, то друкарні атрымліваюць магчымасьць зарабіць на падвышаным попыце.


Згодна зь леташнім дэкрэтам Аляксандра Лукашэнкі “Аб асобных пытаньнях агульнай сярэдняй адукацыі” і ў зьвязку з увядзеньнем адзінага тыпавога вучэбнага пляна Міністэрства адукацыі перапрацавала навучальныя праграмы па ўсіх прадметах. Для 1—11 клясаў летась выдадзена паўсотні праграмаў накладам блізу 120 тысяч асобнікаў. Адкарэктаваны плян выпуску дапаможнікаў на 2009/2010 навучальны год — 170 найменьняў. Агулам для школаў з 11-гадовым тэрмінам навучаньня трэба выдаць 128 найменьняў падручнікаў накладам каля 5 мільёнаў асобнікаў! Дырэктарка выдавецтва “Народная асьвета” Ларыса Мінько запэўнівае, што магутнасьці ўстановы падрыхтаваныя да такога аўралу:

“Мы цалкам прыстасаваныя да розных аб’ёмаў, таму што мы ўжо шмат гадоў выдаём школьную літаратуру і ў нас заўсёды было, а ня толькі зараз, шмат найменьняў падручнікаў”.

У адпаведнасьці з графікам выпуску навучальных дапаможнікаў ужо выдадзена 99 найменьняў накладам больш за 3 мільёны, ці 81% ад агульнай колькасьці. Пры гэтым чыноўнікі ад адукацыі прызнаюцца: па некаторых дысцыплінах дзецям давядзецца карыстацца электроннымі носьбітамі — прыкладам, друкаваць некаторыя падручнікі для выпускных клясаў чамусьці немэтазгодна. Гаворыць намесьніца міністра адукацыі Тацяна Кавалёва:

“Да 1 верасьня ў агульнаадукацыйныя ўстановы паступяць 109 найменьняў новай вучэбнай літаратуры. 17 завезена яшчэ ў мінулым годзе дзеля забесьпячэньня працы ў рамках праграмы 11-гадовай школы. На выданьне новай літаратуры выдаткавана 20,2 мільярда рублёў. Захаваньне 11-штрых клясаў па значна меншай колькасьці тэмаў і прадметаў пакіне магчымасьць выкарыстаньня матэрыялаў на электронных носьбітах. Таму што немэтазгодна выдаваць дапаможнік на адзін год. Мы высьветлілі, што гэта ні ў кога не выклікае напружанасьці, як гэта часам выклікае ў журналістаў. Сёлета толькі па 12 прадметах на ўвесь блёк з 1 па 11 клясы застанецца такая сытуацыя, калі будуць давацца матэрыялы на электронных носьбітах”.

Згаданыя спадарыняй Кавалёвай 20 мільярдаў рублёў былі б ня супраць асвоіць многія прадпрымальныя людзі, аднак менскі выдавец Яраслаў Чапля цьвердзіць: дзялянка збольшага ўжо падзеленая.

“Калі мы гаворым пра падручнікі, то іх маюць права выдаваць толькі дзяржаўныя выдавецтвы. Афіцыйнае меркаваньне такое: дай усім, дык будуць выдаваць нізкапробную навучальную літаратуру, а гэта няправільна, бо павінен захоўвацца пэўны ўзровень. Пісьменных, адукаваных спэцыялістаў, якія могуць пісаць на ўзроўні — раз, і каб даступна было дзецям — два — на кожнае выдавецтва не набярэсься. Але пры гэтым розныя дапаможнікі — прыкладам, кантрольныя працы — выдаюць некалькі прыватных выдавецтваў. І ўсё ж падручнікі — прэрагатыва дзяржаўная. Дарэчы, фінансуецца ўсё сёлета няважна, ёсьць праблемы ў той жа “Народнай асьветы”. То бок насамрэч гэтая дзялка збольшага дзяржаўная. Але нешта рацыянальнае тут ёсьць. Каб не было так, як у Маскве — сто падручнікаў, і ня ведаеш, па якім займацца. У выніку бардак у школах, толькі бацькам і дзецям горш. А так, на якім узроўні ні было б, яны ўсё ж аднолькавыя”.

Іншы выдавец, Зьміцер Колас, згадвае: у свой час распрацоўваць і друкаваць праграмы для школьнага навучаньня маглі ня толькі дзяржаўныя структуры. Тэарэтычна кожны ахвотны мог падрыхтаваць бізнэс-плян і пры наяўнасьці магчымасьцяў атрымаць ліцэнзію на занятак такой дзейнасьцю:

“А ў сьвеце ўвогуле практыкуюцца конкурсы на выданьне такой літаратуры. Прыкладам, нейкая ўстанова распрацавала падручнік. Але распрацаваць — адно, а выдаць яго — зусім іншае. Дык вось што да выданьня, думаю, можна было б абвяшчаць тэндэры. Нават было б таньней. Таму што невялікія выдавецтвы маюць малыя накладныя выдаткі. У часы існаваньня ліцэю быў Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтар, які складаўся зь ліцэю, выдавецтва і кіна-відэастудыі. Дык вось у выдавецтва была адпаведная ліцэнзія, хоць яно было недзяржаўнае. І тады мы выдалі некалькі падручнікаў для агульнаадукацыйных школаў, у прыватнасьці, “Хрэстаматыю па літаратуры народаў сьвету” для 10 клясу. То бок — для ўсіх школаў Беларусі”.

На перакананьне бальшыні прадстаўнікоў прыватных выдавецтваў, дзяржава наўрад ці дапусьціць “чужакоў” у галіну, дзе круцяцца немалыя сумы. А калі такія раз-пораз і зьяўляюцца, то наўрад ці іх можна назваць выпадковымі гульцамі. Як кажа Зьміцер Колас, пры штогадовай патрэбе ў сотнях найменьняў праграмных дапаможнікаў кошт пытаньня досыць высокі:

“У асноўным сфэра манапалізаваная некалькімі дзяржаўнымі выдавецтвамі, але сярод іх ёсьць ня толькі дзяржаўныя. Цяжка сказаць, хто і на якіх падставах вызначае, каму даваць дазвол, а каму не. Але я ведаю, што пару хлопцаў, якія ў свой час атрымалі такую магчымасьць, жывуць, можна сказаць, нічога асабліва ня робячы. Людзі папросту ўжо мільянэры. Магу сказаць, што мы, выдаўшы тую хрэстаматыю, атрымалі чысты прыбытак у 70 тысяч даляраў. Уявіце, пры накладзе 80 тысяч толькі для беларускамоўных школаў! Увогуле, што такое кніжка, якая каштуе, прыкладам, 10 тысяч рублёў? З 10 тысяч дазваляецца 30% камэрцыйнага інтарэсу дадаваць. Гэта значыць, 3 тысячы — 1 даляр. Памножце на 80 тысяч — вось табе і арытмэтыка”.

Карэспандэнт: “Дык вы выпусьцілі адну кнігу, а іх жа сотні найменьняў?”

“Ну, так. А ўзяць тых, хто выдае дапаможную літаратуру для абітурыентаў. Кожны абітурыент яе купіць, правільна? Набыў — і выкінуў, а на наступны год новыя паступаюць. Наклады няхай нават не 80 тысяч, бо зразумела, што паступае меней, чым вучыцца ў школах. Няхай выдаюць нават 20 тысяч, але такіх кніжак уявіце колькі па ўсіх прадметах і па ўсялякіх асаблівасьцях навучаньня!”

Наклады школьных дапаможнікаў шматразова перавышаюць наклады ўсёй іншай мастацкай, навуковай, спэцыяльнай літаратуры, якая выдаецца ў краіне. Але падручнікі, якія перапісваюцца з устойлівай рэгулярнасьцю, а таму маральна старэюць, ва ўмовах Беларусі надзвычай хутка ператвараюцца ў макулятуру.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG