Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 гадоў турмы і 8 мільёнаў кампэнсацыі за цынкавую труну


Міжгарнізонны ваенны суд Віцебску пакараў за дзедаўшчыну трох дэсантнікаў. Шарагоўца Ільлю Казеку асудзілі на шэсьць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму, сяржанта Віталя Плюто — на год службы ў дысцыплінарным батальёне, а малодшага сяржанта Дзьмітрыя Хлуса пазбавілі званьня.


СЛУХАЦЬ:


Сваімі дзеяньнямі яны давялі да самагубства свайго таварыша па службе, жыхара Крычаўшчыны Дзяніса Філатава.

Як ён быў у вучэбцы, то там захварэў на запаленьне лёгкіх. Месяц у шпіталі праляжаў. І калі ён прыехаў, Казека, які больш за ўсіх зьдзекаваўся, стварыў яму невыносныя ўмовы службы, за тое, нібы ён у шпіталі не лячыўся, а адпачываў.
Дзяніса Філатава прызвалі ў войска сёлета 15 студзеня. У віцебскую вайсковую частку № 52400 ён патрапіў пасьля барысаўскай вучэбкі 3 траўня, а 15 траўня яго знайшлі павешаным. У гэтай жа вайсковай частцы й праходзіў судовы працэс. Ён доўжыўся паўтара тыдні. Увесь гэты час на ім прысутнічала маці Філатава Аксана Васільеўна:

“Як ён быў у вучэбцы, то там захварэў на запаленьне лёгкіх. Месяц у шпіталі праляжаў. І калі ён прыехаў, Казека, які больш за ўсіх зьдзекаваўся, стварыў яму невыносныя ўмовы службы, за тое, нібы ён у шпіталі не лячыўся, а адпачываў. Тых, хто пацярпеў, дваццаць чалавек, некаторыя зь іх праўду казалі да канца, а некаторыя казалі, што ня памятаюць ці ня ведаюць. Я так зразумела, што яны не хацелі казаць, каб не паказваць, што там тварылася”.

У ходзе расьсьледаваньня віцебская міжгарнізонная ваенная пракуратура ўстанавіла, што Ільля Казека, Дзьмітры Хлус, Віталь Плюто доўгі час зьневажалі сваіх маладых таварышаў па службе. У сваіх лістах дадому Дзяніс Філатаў пісаў:

“Мама, я так хацеў служыць, аднак тут можна з глузду зьехаць. У гэтай вар’ятні. Тут не паводле статуту жывуць, а паводле дзедаўшчыны. Законаў тут няма”.




У міжгарнізонным ваенным судзе камэнтаваць выракі вайскоўцам адмовіліся. Спаслаліся тое, што яны будуць абскарджаныя.

“Адзін з трох быў прызнаны вінаватым у нестатутных адносінах і перавышэньні ўлады. Удзельнічаў у зьбіцьці таварышаў па службе разам зь сяржантамі. Пакараньне — шэсьць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніях ва ўмовах строгага рэжыму”, — паведамілі ў судзе.

Як удалося высьветліць, гаворка ідзе пра шарагоўца Ільлю Казеку. Яму забаронена два гады пасьля вызваленьня займаць кіроўныя пасады. Ён мусіць таксама выплаціць 8 мільёнаў кампэнсацыі маральнай шкоды сям’і Філатавых.

Сяржант Віталь Плюто атрымаў два гады дысбату, але паводле амністыі гэты тэрмін зьменшаны да году. Яго таксама пазбавілі сяржанцкага званьня.

Малодшы сяржант Дзьмітры Хлус атрымаў адзін год дысбату. Ён прызнаў сваю віну й супрацоўнічаў са сьледзтвам. З улікам амністыі яго вызвалілі з-пад варты, і ён працягне служыць як шараговец.

Пасьля здарэньня зьмянілі кіраўніцтва вайсковай часткі.

Сьмерць у войску шарагоўца Дзяніса Філатава — ня першая ў Крычаўскім раёне. За чатыры гады яна трэцяя. Гаворыць крычаўскі праваабаронца і журналіст Сяргей Няроўны:

“Гэта для невялікага гораду зашмат. Бацькі гэтых салдат — простыя людзі. У Філатава бацька — мэханізатар, маці — даярка. У іх сродкаў, нават у Віцебск паехаць на суд, і то няшмат. Ідзе тэндэнцыя. Беларускае войска хворае, з савецкага яно ўзяла найгоршае. Уладзе лепш замаўчаць гэта й напісаць, што ўсё добра”.

Аксана Філатава гадуе яшчэ аднаго сына. Яму шаснаццаць. “У войска”, кажа яна, “я яго не адпушчу. Няхай што хочуць са мной робяць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG