Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскі дэмакратычны актывіст, сябра БНФ Зьміцер Жалезьнічэнка, які месяц таму вярнуўся з войска, паступіў вучыцца ў Тэхнічны ўнівэрсытэт у Амстэрдаме.


Зьмітру Жалезьнічэнку днямі прыйшло пацьвярджэньне з офісу Брытанскай рады ў Кіеве аб здадзеным тэсьце на веданьне ангельскай мовы. Навучацца Зьміцер будзе па-ангельску, таму тэставаньне было апошняй умовай залічэньня ў галяндзкі ўнівэрсытэт:

“Здаваў тэст IELTS – гэта міжнародная сыстэма праверкі ангельскай мовы. Здаваў тэст у Кіеве. Яго можна здаваць і ў Менску, але вельмі рэдка – раз на тры месяцы. Па датах абсалютна не стасуецца. У Кіеве ў сярэднім – раз на два тыдні. Таму, калі быў яшчэ ў войску, з дапамогай сяброў зарэгістраваўся там. З войска выйшаў, мінула пару тыдняў – і я паехаў і здаў тэст. Здаваў яго ў Брытанскай радзе. У Беларусі такой установы няма. Але яна ёсьць амаль ва ўсіх краінах сьвету. Гэта арганізацыя, якая займаецца пэўнымі адукацыйнымі праектамі. І заўсёды ў Брытанскай радзе здаецца гэты тэст IELTS”.

Зьміцер набраў 7,5 бала з магчымых 9, а для навучаньня ва ўнівэрсытэце ў Амстэрдаме дастаткова было атрымаць 6 балаў. Астатнія іспыты былі залічаны аўтаматычна па выніках двухгадовай вучобы Зьмітра Жалезьнічэнкі на матэматычным факультэце ў Гомельскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Ф. Скарыны. Рэктарат двойчы адлічваў яго адтуль за грамадзкую дзейнасьць, пасьля чаго Зьмітра Жалезьнічэнку тэрмінова забралі ў войска. У Нідэрляндах да Зьмітра паставіліся спагадліва:

“Яны паглядзелі вынікі атэстату са школы, акадэмічныя даведкі за два курсы й сказалі, што здаваць трэба толькі ангельскі тэст. Праграма фундуецца ўрадам Нідэрляндаў і прызначана для падтрымкі студэнтаў, у тым ліку й зь Беларусі, якія з пэўных прычынаў ня могуць працягваць вучобу тут. Навучаньне будзе весьціся зь першага курсу. Міжнародны дыплём бакаляўра ўрэшце атрымаю — пасьля чатырох гадоў навучаньня. Спэцыяльнасьць — праграміст, хаця ў дыплёме будзе запісана “інжынэр”. Але менавіта інжынэр-праграміст, то бок тое, чаму я навучаўся ў Гомельскім унівэрсытэце”.

"Шукаў працягу адукацыі тут"


Жалезьнічэнка кажа, што хацеў бы працягваць навучаньне на радзіме, за мяжу ён выпраўляецца вымушана:

“Канечне, шукаў працягу адукацыі тут. Думаю, паступіў бы, калі б была надзея, што дадуць спакойна скончыць унівэрсытэт. Што ня будзе праблем, выкліканых менавіта грамадзкай дзейнасьцю, што можна будзе вучыцца і твая вучоба залежаць будзе толькі ад адзнакаў і наведваньня ўсяго, што зьвязана з вучобай, а не ад палітычных поглядаў ці нейкай грамадзкай актыўнасьці”.

Зьміцер сваю будучыню ня зьвязвае з палітычнай дзейнасьцю. Лічыць, што ёсьць у Беларусі асобы, у якіх гэта лепей атрымліваецца. Пасьля вучобы за мяжой ён хацеў бы быць карысным на Бацькаўшчыне:

“Натуральна, разглядаю магчымасьць вяртаньня, калі праграма навучаньня скончыцца. Я хачу быць карысным тут. А падчас вучобы можна й там займацца той жа грамадзкай дзейнасьцю. Канечне, то будзе дзейнасьць трохі ў іншым фармаце. Але я думаю, што магу быць карысны менавіта як праграміст. Змагу прымяняць тыя веды, якія я маю й атрымаю яшчэ ва ўнівэрсытэце. І ад гэтага, можа, будзе больш карысьці, чымсьці ад простага валянтэра тут. Будзем спрабаваць: сьвет вялікі й магчымасьцяў шмат”.

Belarus - Homel opposition activist Zmicier Zhaleznichenka, large


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG