Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цянюта аспрэчвае адлічэньне з расейскай акадэміі


Андрусь Цянюта

Андрусь Цянюта

Сябра “Маладога фронту” Андрусь Цянюта з Гомелю аспрэчвае адлічэньне з Бранскай сельгасакадэміі, дзе ён завочна вучыўся на інжынэра-мэханіка.

СЛУХАЦЬ:


Гарадзкі ваенкамат тым часам ініцыяваў супраць актывіста адміністрацыйную справу за няяўку на прызыў паводле позвы й запатрабаваў прайсьці паглыбленае мэдычнае дасьледаваньне на прыдатнасьць яго да вайсковай службы.

Дырэктарка навучальна-кансультацыйнага пункту Бранскай сельскагаспадарчай акадэміі Тацьцяна Белавус, якая арганізуе заняткі для завочнікаў, сьцьвярджае, што Андрусь Цянюта адлічаны зь іх вышэйшай навучальнай установы за акадэмічную запазычанасьць:

“Ён адлічаны за акадэмічную запазычанасьць: ня здаў два экзамэны за другі курс — матэматыку й тэхналёгію расьлінаводзтва. Арыгінал загаду захоўваецца ў самой акадэміі. Патрэбен — няхай едуць і бяруць. Калі чалавек ня здаў экзамэн і залік, то мы ня маем права пераводзіць яго на трэці й наступныя курсы. Ён за год чамусьці не пажадаў гэтую акадэмічную запазычанасьць зьліквідаваць”.

Андрэй Цянюта адмаўляе наяўнасьць запазычанасьці:
Тут ці нашыя мясцовыя чэкісты паварушыліся, ці, можа, яны пагутарылі са сваімі калегамі з Бранску ...

“Па матэматыцы запазычанасьць для мяне як бы зразумелая — у мяне яна была на першым курсе, але я потым пасьпяхова яе пераздаў. Інакш мяне не перавялі б на другі курс — яго я таксама пасьпяхова скончыў. Адкуль яны ўзялі запазычанасьць па тэхналёгіі расьлінаводзтва, я ня ведаю. Лічу, што маё адлічэньне палітычна матываванае — дзеля таго каб забраць мяне ў войска. Тут ці нашыя мясцовыя чэкісты паварушыліся, ці, можа, яны пагутарылі са сваімі калегамі з Бранску”.

Спадар Цянюта не зьбіраецца мірыцца са сваім нечаканым адлічэньнем:

“Думаю спачатку дачакацца адказу зь Міністэрства адукацыі Расейскай Фэдэрацыі. Калі ўжо будзе зусім туга, падам у суд. Пры любым раскладзе я хачу вучыцца ў гэтай установе, таму што за два гады я ўжо выдаткаваў на навучаньне шмат часу й сродкаў”.

Тым часам сталі вядомыя й вынікі паглыбленага дасьледаваньня Андрэя Цянюты ў шпіталі хуткай мэдычнай дапамогі:

“Сёньня я выпісаўся са шпіталю, у якім ляжаў на дзённым стацыянары. Мне паставілі дыягназ: скаліёз 2 ступені й плоскаступнёвасьць 2 ступені. Звычайна, паводле нарматываў, з такім скаліёзам у войска не бяруць”.

1 верасьня суд Савецкага раёну Гомеля разгледзіць адміністрацыйную справу Андруся Цянюты — яе ініцыяваў гарадзкі ваенкамат за няяўку паводле позвы. Папярэдняе паседжаньне суду не адбылося з тае прычыны, што судзьдзя на запатрабаваньне Андруся Цянюты ня мог весьці разгляд справы па-беларуску, а перакладчыка з расейскай мовы на беларускую ў судзе няма.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG