Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Анішчанка — несумленны прафэсіянал”


Галоўны санітарны лекар Расіі Генадзь Анішчанка выказаў сумнеў, што ў Беларусі няма хворых на грып, выкліканы вірусам A/H1N1: “Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Эўропы і ня мець ніводнага выпадку захворваньня проста ня можа”, — заявіў спадар Анішчанка. Ці былі зарэгістраваныя выпадкі сьвінога грыпу ў Беларусі, якая сытуацыя ў суседніх краінах?

Галоўны санітарны лекар Расіі Генадзь Анішчанка выказаў меркаваньне, што ў краінах, дзе пакуль не адзначана ніводнага выпадку захворваньня на грып A/H1N1, або няма руху людзей празь мяжу, або ня выпрацавана эфэктыўная дыягностыка. Як да гэтых выказваньняў ставяцца беларускія адмыслоўцы? Галоўны эпідэміёляг Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан пацьвердзіла, што пакуль у Беларусі сапраўды не было зарэгістравана выпадкаў грыпу, выкліканага вірусам A/H1N1, але яна не пярэчыць, што яны могуць зьявіцца:

“На сёньняшні дзень мы лічым, што сытуацыя ў Беларусі спрыяльная. Пакуль яшчэ ня ўсе вяртаюцца з краінаў, дзе рэгіструюцца выпадкі хваробы. Вось зараз канец жніўня — верасень, я думаю, у нас зьявяцца гэтыя выпадкі. А з другога боку, у нас было дагледжана 2170 рэйсаў — за 3 месяцы ў нас не такі моцны наплыў турыстаў, перасадачных рэйсаў у нас ня так шмат, як у іншых краінах Эўропы”.

Ці можа існаваць, так бы мовіць, выспа ў цэнтры Эўропы, дзе няма выпадкаў так званага сьвінога грыпу, калі ў суседніх краінах вірус распаўсюджваецца? Кандыдат мэдычных навук, выкладчык эпідэміялёгіі ў Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі Мікола Галабародзька выказаў такое меркаваньне:

Калі ён ёсьць вакол у Эўропе, безумоўна, гэты вірус павінен цыркуляваць і ў нас.
“Калі ён ёсьць вакол у Эўропе, безумоўна, гэты вірус павінен цыркуляваць і ў нас. Але ёсьць яшчэ іншае пытаньне. Гэта пытаньне рэгістрацыі выпадкаў. Кожнага, хто мае тэмпэратуру, хто чхнуў, не дасьледуюць на вірус сьвінога грыпу. Проста магло так надарыцца, што тых людзей, якіх павінны дасьледаваць на сьвіны грып, іх не дасьледавалі. У нас вірус можа дзесьці цыркуляваць, але ў такіх лёгкіх варыянтах, якія не падпадаюць пад неабходнасьць дасьледаваньня. Я думаю, спадар Анішчанка мае рацыю ў тым сэнсе, што, хутчэй за ўсе, вірус на тэрыторыі Беларусі ёсьць, але ён ня мае рацыі, калі кажа дрэнна пра нашу мікрабіялягічную, эпідэміялягічную службы”.

На афіцыйных сайтах Міністэрства аховы здароўя Беларусі і НДІ эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі апублікавана справаздача “Захворвальнасьць на пандэмічны грып A/H1N1 у сьвеце”. Што да памежных зь Беларусьсю краінаў, у Польшчы зарэгістраваныя 132 выпадкі, у Расеі — 55, у Літве — 29, у Латвіі — 19 выпадкаў.

У Беларусі паводле стану на 13 жніўня з моманту ўвядзеньня маніторынгу (з 27 красавіка 2009 года) дагледжана 2199 рэйсаў, 174 996 чалавек (пасажыраў і чальцоў экіпажу). 2 жніўня ў Гомелі з падазрэньнем на сьвіны грып быў шпіталізаваны хлопчык, які вярнуўся з Італіі. Грамадзяніна ЗША з памежнага пункту Брузгі даставілі ў інфэкцыйны шпіталь у Горадню, але дыягназ не пацьвердзіўся, кажа галоўны эпідэміёляг Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан:

“У нас былі тры падазроныя выпадкі пандэмічнага грыпу, і ўсе яны не пацьвердзіліся. Лябараторныя дасьледаваньні былі праведзеныя ўсімі тымі тэстамі, якія прадугледжаныя міжнароднымі стандартамі, і ПЦР-дыягностыкай. Таму мы ня можам сказаць, што ў нас штосьці робіцца ня так”.

Несумленны і прафэсіянал — гэта дрэнна. На маю думку, ён не санітарны лекар, ён нехта са штату паслугачоў Пуціна, Мядзьведзева і кампаніі.
Што да выказваньняў на адрас Беларусі галоўнага лекара Расеі, кандыдат мэдычных навук, эпідэміёляг Мікола Галабародзька назваў Анішчанку несумленным прафэсіяналам:

“Несумленны і прафэсіянал — гэта дрэнна. На маю думку, ён не санітарны лекар, ён нехта са штату паслугачоў Пуціна, Мядзьведзева і кампаніі. Усё ж эканамічныя блякады віна з Грузіі, віна з Малдовы, нядаўняе беларускае малако — зразумела, што гэта ня мае дачыненьня да якасьці прадукцыі. А гэта ўсё робіцца ягонымі рукамі. Гэта несумленна”.

Агулам хворых на сьвіны грып у сьвеце зарэгістравана 219 681. Памерлі 1882 чалавекі, паведамляе Усясьветная арганізацыя аховы здароўя.
XS
SM
MD
LG