Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наўкол — пандэмія, а ў Беларусі — адзін падазроны


Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла пра вынікі абсьледаваньня людзей, якія прыяжджаюць у Беларусь з краінаў, дзе выяўленыя хворыя на гэтак званы сьвіны грып. З красавіка праз абсьледаваньне прайшлі болей за 151 тысячу чалавек. Падазрэньні наконт сьвінога грыпу ўзьніклі ў мэдыкаў адносна толькі аднаго турыста з Італіі, які прыляцеў у Гомель.

Падазрэньні не пацьвердзіліся, турыст хварэў на ВРЗ (вострае рэсьпіраторнае захворваньне).

У прэсавым рэлізе Мінздраву паведамляецца:

“У суседніх зь Беларусьсю краінах зарэгістравана выпадкаў захворваньня на пандэмію грыпу:

  • у Расеі — 41 выпадак,
  • Украіне — 1, Літве — 22,
  • Латвіі — 19,
  • Польшчы — 93 выпадкі.

У Рэспубліцы Беларусь ажыцьцяўляецца маніторынг за пасажырамі, якія прыбылі авіятранспартам з краінаў з пашыранай эпідэміяй. За пэрыяд з 31 ліпеня па 2 жніўня агледжана 82 рэйсы, у тым ліку транзытныя. Абсьледавана 8460 пасажыраў, у тым ліку 479 сябраў экіпажаў. З моманту маніторынгу, гэта значыць з 27 красавіка, усяго агледжана 1907 рэйсаў, 151 155 пасажыраў і сябраў экіпажаў.

Пры правядзеньні санітарна-карантыннага кантролю асобаў, хворых на высокапатагенны грып ці іншыя інфэкцыйныя захворваньні, на якія распаўсюджваюцца захады санітарнай аховы тэрыторыі, ня выяўлена.

За пэрыяд з 31 ліпеня па 2 жніўня выяўлены адзін хворы з тэмпэратурай, які прыбыў з гораду Піза (Італія) у аэрапорт Гомелю з праявамі вострай рэсьпіраторнай віруснай інфэкцыі. Канчатковы дыягназ у яго — востры фарынгіт.

“Паводле стану на 3 жніўня ў нашай краіне выпадкаў захворваньняў, якія выкліканыя высокапатагенным грыпам RH1N1, не зарэгістравана. Сытуацыя знаходзіцца пад трывалым кантролем Мінздраву і іншых зацікаўленых ведамстваў Беларусі”, — паведаміла “Свабодзе” выканаўца абавязкаў прэсавага сакратара Мінздраву Раіса Чудук.

Яна дадала, што ў беларускіх шпіталях ёсьць усё неабходнае абсталяваньне і тэсты для выяўленьня выпадкаў сьвінога грыпу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG