Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежныя СМІ пра флірт Лукашэнкі і гнеў “вялікай мядзьведзіцы”


Эўрапейскія аглядальнікі адзначаюць, што беларускі рэжым апошнім часам робіць усё больш сыгналаў у бок Захаду, насуперак прывілеяванаму характару стасункаў з Расеяй, якія апошнім часам пагаршаюцца.

Нягледзячы на відавочныя празаходнія крокі, Менск усё ж ня мае сродкаў, каб атрымаць “развод” ад Масквы, мяркуе швайцарскае выданьне Le Temps.

Чаго толькі ні рабіў апошнім часам Лукашэнка, каб пазбавіцца мянушкі “апошні дыктатар Эўропы”, адзначае аўтар артыкула. Беларускі кіраўнік вызваліў летась палітвязьняў у абмен на прыпыненьне візавых санкцыяў ЭЗ, потым атрымаў магчымасьць сустрэцца з папам рымскім ды з італьянскім прэм’ерам Бэрлюсконі, скарыстаў магчымасьць узяць удзел у праграме “Ўсходняга партнэрства”, нягледзячы на крытычныя заявы Масквы ў бок Брусэлю з гэтай нагоды. Таксама Лукашэнка выказаўся за аднаўленьне стасункаў з ЗША.

Гэтая дыпляматычная абыходлівасьць з Захадам сапсавала стасункі са “старэйшым братам”. Масква абвясьціла Беларусі “малочную вайну”, а “Газпром” выступіў з пагрозамі скараціць пастаўкі газу ў выпадку, калі Менск не ліквідуе запазычанасьць у 175 мільёнаў эўра.

Як піша Le Temps, Лукашэнка, знаходзячыся ў эканамічнай залежнасьці ад Расеі, імкнецца лявіраваць паміж Захадам і Масквой. Ён спрабуе атрымаць выгаду ад справакаванай ім жа самім дыпляматычнай напружанасьці. Магчыма, якраз дзякуючы такой палітыцы не вядомы нікому 15 гадоў таму папуліст і трымаецца пры ўладзе, адзначае швайцарскае выданьне.

Паводле галяндзкіх аглядальнікаў, празаходнія сыгналы колішняга расейскага хаўрусьніка ня могуць ня выклікаць гневу “вялікай мядзьведзіцы”. Зь іншага боку, чаго можа чакаць Беларусь ды іншыя ўдзельнікі “Ўсходняга партнэрства” ад ЭЗ?

Як піша лібэральнае нідэрляндзкае інтэрнэт-выданьне Рluspost, найбліжэйшым часам новы старшыня ЭЗ — Швэцыя — плянуе абмеркаваць пэрспэктывы пашырэньня Зьвязу, у тым ліку і праз далучэньне такіх усходнеэўрапейскіх краін, як Украіна, Малдова ды “апошняя дыктатура Эўропы” — Беларусь. Пытаньне эўрапейскіх межаў выклікае апошнім часам самыя гарачыя спрэчкі і дыскусіі ўнутры аб’яднанай Эўропы. У той час як кансэрватыўныя палітыкі са “старой Эўропы” выступаюць рэзка супраць далейшага пашырэньня эўрапейскіх межаў, прадстаўнікі новых краін — сяброў ЭЗ, а таксама лібэральныя эўрапейскія палітыкі лічаць ідэю далучэньня Беларусі ды Ўкраіны да Зьвязу слушнай і ня менш лягічнай, чым уступ у арганізацыю мусульманскай Турэччыны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG