Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Адмова Беларусі ад удзелу ў маскоўскім саміце Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) ня толькі ўскладніла і без таго няпростую сытуацыю”, — піша італьянскае выданьне Il Legno Storto.

З боку Менску гэта быў першы сьмелы крок у супрацьстаяньні экспансіянісцкай палітыцы Крамля, прычым якраз напярэдадні візыту ў Расею прэзыдэнта ЗША Барака Абамы. Падчас гэтага прымеркаванага на ліпень візыту амэрыканскага кіраўніка будзе абмяркоўвацца далікатнае пытаньне скарачэньня ядзерных узбраеньняў. Масква ж, маючы падпісаную дамову адносна калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня, прадэманстравала б Вашынгтону сваю ваенную вагу ды гегемонію ў Цэнтральнай Азіі.

Паводле італьянскіх аглядальнікаў, “непрыезд “бацькі” ў Маскву ды непадпісаньне Менскам (а таксама Ташкентам) пагадненьняў АДКБ у пэўнай ступені тармозіць гэты праект, і, больш за тое, стварае сапраўдны дыпляматычны прэцэдэнт. Бо, як піша Il Legno Storto, Менск заўсёды належаў да самых верных ды пасьлядоўных хаўрусьнікаў Крамля.

Выданьне цытуе словы прэсавага сакратара беларускага МЗС Андрэя Папова, які заявіў агенцтву Associated Press, што “адкрытая эканамічная дыскрымінацыя”, якая назіраецца ў выніку забароны Расеяй імпарту беларускага малака, “аб’ектыўна падрывае эканамічную бясьпеку дзяржавы-сябра Арганізацыі”, і прымаць на фоне гандлёвых войнаў паміж краінамі-сябрамі АДКБ рашэньні наконт іншых аспэктаў бясьпекі — “зьдзек са здаровага сэнсу”.

Тым часам, піша брытанская The Financial Times, Крэмль, у сваю чаргу, імкнецца ліквідаваць дыпляматычны раскол у дачыненьнях зь Беларусьсю, выкліканы гэтак званай “малочнай вайной”.

Выданьне падае, што ўчора расейскі прэм’ер Уладзімер Пуцін заклікаў міністраў, якія скардзяцца на тое, што Лукашэнка палітызуе малочную вайну, выказвацца больш далікатна ды стрымана. “Што б там ні было, мы зь Беларусьсю — адзіная сям’я. У сям’і могуць адбывацца і сваркі, і скандалы часам. Але ўсё роўна жыцьцё ідзе сваім парадкам. Трэба працаваць”, — сказаў Пуцін.

Паводле The Financial Times, апошні ўсплёск эмоцый дэманструе праблемы, зь якімі сутыкаецца Масква, спаборнічаючы з ЭЗ за ўплыў у былых савецкіх рэспубліках ды наладжваньне зь імі новых дачыненьняў у эканоміцы і бясьпецы.

Экспэрты лічаць, што Ўладзімір Пуцін, маючы за галоўную мэту мытны саюз, будзе імкнуцца згладжваць разыходжаньні паміж Расеяй і Беларусьсю.

“Я лічу, што канфлікт будзе ўладжаны”, — сказаў Фёдар Лук’янаў, рэдактар часопіса “Россия в глобальной политике”. — “Расея прыкладзе ўсе намаганьні, каб мытны саюз адбыўся”, — цытуе Лук’янава брытанскае выданьне.

У сваю чаргу, швэдзкае выданьне Svenska Dagbladet адзначае, што ў выніку малочнай вайны дачыненьні паміж Лукашэнкам і Крамлём зрабіліся кепскімі як ніколі. Цягам многіх галоў Беларусь эканамічна залежала і надалей залежыць ад магутнага ўсходняга суседа, і цяпер краіна апынулася ў надзвычай складанай сытуацыі.

Хоць афіцыйны Менск і зрабіў адпаведныя крокі ў бок Захаду, хоць Беларусь увайшла ў праграму “Ўсходняе партнэрства” і атрымала крэдыты ад МВФ і Ўсясьветнага банку, перад Беларусьсю ўсё ж стаіць складанае энэргетычнае пытаньне. Няпроста ёй будзе і знайсьці новыя краіны для паставак малочнай ды іншай прадукцыі.

“Малочная вайна” стварае цалкам новую сытуацыю. І тут вельмі цяжка прадказаць, які новы крок зробіць непрадказальны Лукашэнка. Цяпер ён спрабуе паставіць на карту важныя стратэгічныя пазыцыі краіны, аднак ягоная “фінансавая мускулатура” не настолькі магутная, каб зрабіць уражаньне на ўсходняга суседа”, — піша Svenska Dagbladet.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG