Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Euobserver: Фэрэра-Вальднэр ня лічыць справу Зэльцэра палітычнай


Эўрапейскія аглядальнікі камэнтуюць першы візыт у Беларусь эўракамісара Бэніты Фэрэра-Вальднэр і даюць яму наступную ацэнку: “добры пачатак двухбаковым стасункам пакладзены, аднак канкрэтныя крокі яшчэ ня зробленыя”.


Як піша выданьне Wiener Zeitung, ЭЗ хацеў бы і надалей падтрымліваць Беларусь у выпадку, калі Менск будзе дэманстраваць павагу да правоў чалавека і дэмакратычных свабодаў.

Лукашэнка, якога называюць “апошнім дыктатарам Эўропы”, прасыгналізаваў, як мінімум, пра гатоўнасьць да дыялёгу.

“Мы шчыра хочам добрых стасункаў з ЭЗ, нават калі гэта некаторым і не падабаецца”, — цытуе Wiener Zeitung словы беларускага кіраўніка.

Многія выданьні Польшчы згадваюць наступныя словы эўракамісара, сказаныя ёю ўчора ў Менску: “Беларусь мае вялікі патэнцыял для супрацоўніцтва з Эўропай”. Таксама шмат якія польскія выданьні падаюць яе фразу: “Калі беларусы абралі эўрапейскі шлях, іх будуць сустракаць з распасьцертымі абдымкамі”.

Польскія СМІ таксама прыводзяць і асноўныя ўмовы, выстаўленыя Зьвязам Менску ў абмен на шчыльныя двухбаковыя адносіны: супрацоўніцтва зь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) у справе зьмяненьня выбарчага заканадаўства Беларусі, свабода СМІ, свабода сходаў, рэгістрацыя недзяржаўных арганізацыяў, вызваленьне палітзьняволеных.

Як падае брусэльскае выданьне EUOBSERVER, камісар ЭЗ па зьнешніх сувязях Бэніта Фэрэра-Вальднэр зьвярнулася да беларускага кіраўніка Лукашэнкі з заклікам вызваліць усіх палітзьняволеных. Аднак калі карэспандэнт выданьня спытаўся яе пра лёс амэрыканскага грамадзяніна Эмануіла Зэльцэра, прэсавы сакратар эўракамісара адказала, што пра Зэльцэра перадавалася “толькі ў навінах”, і адмовілася назваць яго справу палітычнай.

Амэрыканскі адвакат, які быў арыштаваны летась у Менску беларускім КГБ і асуджаны на тры гады турмы ў закрытым судзе, на мінулым тыдні пачаў галадоўку на знак пратэсту супраць несправядлівага пакараньня. Хворы на дыябэт Зэльцэр вельмі схуднеў у беларускай калёніі. Аднак яго лёс хвалюе ЭЗ вельмі мала, піша EUOBSERVER.

Швэдзкае выданьне Blekinge Läns Tidning падае, што эўракамісар паабяцала Менску “шырокае кола агульных інтарэсаў”. Яна таксама вітала словы прэзыдэнта Лукашэнкі, які ў часе сустрэчы заявіў, што імкнецца да ўмацаваньня кантактаў з ЭЗ.

Выданьне пры гэтым адзначае далёка ня простыя дачыненьні Менску з расейскім хаўрусьнікам і піша, што цяперашні стан Беларусі, якая знаходзіцца паміж Расеяй і ЭЗ, найдакладней можна назваць турбулентным.

Нямецкая газэта Tagesspiegel піша пра складанасьці ўзаемаадносін паміж колішнімі славянскімі братамі і адзначае, што напружанасьць паміж Менскам і Масквой пачала нарастаць пасьля праскага саміту ЭЗ, на якім абмяркоўвалася праграма “Ўсходняе партнэрства”. Тады, каб спыніць падзеньне расейскага ўплыву на тэрыторыі СССР, прэзыдэнт Мядзьведзеў і прэм’ер Пуцін зрабілі стаўку на эканамічны ціск. На гэта Менск адказаў абразамі, заклікам да МВФ аб дапамозе і стварэньнем мытных пастоў на мяжы з Расеяй. Праўдападобна, што цярпеньне Масквы на гэтым скончылася. Tagesspiegel прыводзіць словы ананімнага крамлёўскага чыноўніка: “Напэўна, камусьці надакучыла быць прэзыдэнтам Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG