Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніком Міжнароднага грамадзкага аб'яднаньня "Згуртаваньне беларусаў сьвету "Бацькаўшчына" на безальтэрнатыўнай аснове абраная Алена Макоўская.

За яе кандыдатуру практычна аднагалосна (два дэлегаты ўстрымаліся) прагаласаваў V зьезд беларусаў сьвету, які прайшоў у Менску 18—19 ліпеня, перадае БелаПАН.

Раней А.Макоўская ўзначальвала раду гэтай арганізацыі, якой кіраваў мастак Аляксей Марачкін, а да яго — народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў, акадэмік Радзім Гарэцкі і прафэсар Анатоль Грыцкевіч.

Алена Макоўская
Падчас выступу на зьезьдзе, А.Макоўская адзначыла, што абраньне на пасаду старшыні арганізацыі — гэта "вялікі гонар, вялікая адказнасьць і вельмі высокая плянка", якой яна "пастараецца адпавядаць".

Абрана таксама Вялікая рада аб'яднаньня, куды ўвайшлі 53 прадстаўнікі беларусаў замежжа і 47 прадстаўнікоў Беларусі. З апошніх сфармавана Малая рада.

V зьезд беларусаў сьвету прыняў шэраг дакумэнтаў. Ён прапанаваў уладам стварыць пасьведчаньне беларуса замежжа па аналёгіі з картай паляка. Гэта ініцыятыва ўтрымліваюцца ў прапанаваных зьменах у праект закона "Аб беларусах замежжа".

На думку ўдзельнікаў зьезда, такое пасьведчаньне павінна дапамагчы этнічным беларусам пры наведваньні імі гістарычнай радзімы, у прыватнасьці, атрымліваць шматразовую беларускую візу на льготных умовах, не рэгістравацца пасьля прыбыцьця ў Беларусь, мець доступ да адукацыі і мэдычнай дапамогі нароўні з грамадзянамі Беларусі.

Акрамя таго, зьезд прыняў адозвы да розных дзяржаўных органаў аб стварэньні ўстаноў па справах беларускай дыяспары, ахове гісторыка-культурных каштоўнасьцей, падтрымцы беларускамоўных мэдыяў за межамі Беларусі, захаваньні і падтрымцы Беларускага дома.

Таксама дэлегаты прынялі рэзалюцыі – “Беларуская мова – аснова незалежнасьці Беларусі” і “Нацыянальная ідэнтычнасьць беларусаў у сучасным сьвеце:праблемы захаваньня і разьвіцьця”.

Дэлегаты выказалі занепакоенасьць працягам русыфікацыі і заклікалі адміністрацыю прэзыдэнта і ўрад да неадкладнага выпраўленьня моўнай сытуацыі ў Беларусі. Зьезд прапанаваў аб'явіць 2010-ы Годам роднай мовы.

Таксама зьезд прапанаваў праект праграмы “Беларусы ў сьвеце” на 2009-2013 гады. Яна мае на мэце захаваньне беларускай прысутнасьці ў сьвеце ў розных яе формах і праявах, кансалідацыю беларускай нацыі і ўмацаваньне грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Яна накіравана на стварэньне ўмоваў для захаваньня нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусаў у краінах пражываньня.

Беларусы сьвету зьвярнуліся да беларускіх уладаў з заклікам устанавіць у Менску помнік з нагоды 600-годзьдзя перамогі пад Грунвальдам. Старшыня руху салідарнасьці "Разам" Вячаслаў Сіўчык у сваім выступе прапанаваў аб’явіць 23 жніўня Днём памяці ахвяраў сталінізму і нацызму, аднак гэтая прапанова не была пастаўлена на галасаваньне зьезду.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG