Лінкі ўнівэрсальнага доступу

19 ліпеня ў Менску падчас заключнага дня працы V зьезда згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” з дэлегатамі сустрэліся прадстаўнікі беларускіх уладаў. У зьезьдзе ўзялі ўдзел больш за 200 дэлегатаў з 17-ці краінаў сьвету.


У сустрэчы з дэлегатамі ўзялі ўдзел міністар культуры Павал Латушка, намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Леанід Гуляка, прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі, інфармацыі, замежных спраў і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. На пытаньне аб магчымасьці вярнуцца да канстытуцыі 1994 года і надаць беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай міністар Латушка сказаў, што загадам гэтую справу ня вырашыць. Ён адзначыў, што міністэрства культуры будзе падаваць прыклад карыстаньня беларускай мовай.

“Давайце ня будзем гвалтам кагосьці да чагосьці прымушаць. Мы, на жаль, гэтую справу ўжо праходзілі. Зразумела, у гэтым накірунку будуць ісьці зьмены. Але зьмены будуць мець характар паступовы, эвалюцыйны, а не рэвалюцыйны”.

Спадар Латушка таксама паабяцаў вывучыць пытаньне адносна магчымасьці наданьня бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці.


Прадстаўніца міністэрства адукацыі Надзея Ганушчанка заявіла, што не існуе праблемаў з адукацыяй на беларускай мове, маўляў, у краіне 54% беларускамоўных школаў. Хаця ў Менску на беларускай мове навучаюцца толькі 3% вучняў. Яна адзначыла, што міністэрства плянуе павялічваць колькасьць беларускамоўных школаў.


Намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур заклікаў беларусаў замежжа да эканамічнага супрацоўніцтва:

“Мы вельмі зацікаўленыя ў тым, каб беларусы сур’ёзна дапамаглі нам у справе інвэстыцыйнай актыўнасьці. Мы – адна з трох краінаў на эўрапейскай прасторы, якой у выніку крызысу захавала эканамічны рост. Ваша дапамога можа быць у тым, каб садзейнічаць нашаму экспарту на вашых тэрыторыях праз вашы дыяспары”.

Адносна закліку да эканамічнага супрацоўніцтва Васіль Еўдакімаў з Вялікабрытаніі сказаў:

“У мяне ёсьць свой вопыт працы на Беларусі, вельмі нэгатыўны. Можа, таму, што проста ня з тымі людзьмі працаваў, падтрымка не на тым узроўні была. Безумоўна, каб пасьпяхова весьці бізнэс у Беларусі, патрэбная падтрымка афіцыйных структураў, уплывовых людзей”.

Лідэр “Бацькаўшчыны” Алена Макоўская адзначыла, што чакае рэакцыі ўладаў на выніковыя дакумэнты згуртаваньня.

“Мы апэлюем да дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь у пляне прыняцьця закону і дзяржаўнай праграмы адносна далейшай працы з нашым беларускім замежжам. Але тое, што адбыўся гэты дыялёг і гэтая праца, для нас гэта крок насустрач з боку беларускай дзяржавы. І мы спадзяемся, што далей супраца пойдзе канструктыўным чынам”.

Дэлегат зьезду, былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч жадае аднаго, каб у Беларусі “не было крывадушнай улады”, якая даслала на сустрэчу “клеркаў, якія нічога не вырашаюць”. Ён адзначыў, што сярод дэлегатаў знойдзецца чалавек дзесяць, якія давяраюць абяцаньням сёньняшняй улады. Паводле спадара Шушкевіча, “Бацькаўшчына” павінна захавацца як непалітызаваная структура і клапаціцца пра беларускасьць. Параўноўваючы першы і пяты зьезды беларусаў сьвету ён адзначыў:

“На першым зьезьдзе сябе ніхто не адчуваў рэпрэсаваным, прыціснутым. І ўлада падтрымлівала гэты падыход, улада была шчырай. У яе былі мінімальныя магчымасьці ў межах таго развалу, які быў, той адсутнасьці сродкаў. Але калі паўстала пытаньне, якую залю выдзеліць, то самую лепшую ў Беларусі. Якія ўмовы старыць – усё на што мы былі здольныя”.


***

Кіраўніцай Міжнароднага грамадзкага аб'яднаньня "Згуртаваньне беларусаў сьвету "Бацькаўшчына" на безальтэрнатыўнай аснове абрана Алена Макоўская. Яе кандыдатуру практычна аднагалосна (два дэлегаты ўстрымаліся) прыняў V зьезд беларусаў сьвету, паведаміў БалаПАН. Раней Макоўская ўзначальвала раду гэтай арганізацыі, якой кіраваў мастак Аляксей Марачкін, а да яго — народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў, акадэмік Радзім Гарэцкі і прафэсар Анатоль Грыцкевіч. Выступаючы на зьездзе, Макоўская зазначыла, што абраньне на пасаду старшыні арганізацыі — гэта "вялікі гонар, вялікая адказнасьць і вельмі высокая плянка", якой яна "пастараецца адпавядаць".

"Усе чатыры гады з моманту мінулага зьезда Макоўская не была ў цені майго аўтарытэту, — заявіў Марачкін. — Я стараўся даць дарогу маладым і ініцыятыўным людзям. Лічу, што Макоўская цудоўна справілася са сваімі абавязкамі старшыні рады".

Пісьменьнік Уладзімір Арлоў падарыў Макоўскай букет белых і чырвоных кветак. Абрана таксама Вялікая рада аб'яднаньня, куды ўвайшлі 53 прадстаўнікі беларусаў замежжа і 47 прадстаўнікоў Беларусі. З апошніх сфарміравана Малая рада.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG