Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускай мове неабходна вярнуць статус адзінай дзяржаўнай


Удзельнік зьезду

Удзельнік зьезду

Сёньня ў менскім міжнародным адукацыйным цэнтры ІВВ пачаў працу V зьезд згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”.

ФОТАРЭПАРТАЖ

У ім бяруць удзел больш за 200 дэлегатаў з 17-ці краінаў сьвету. На пачатку ўдзельнікі зьезду праслухалі аўдыёвітаньне ад старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы. Яна пажадала, каб дэлегаты ня толькі сустрэліся са сваякамі і наведалі радзіму, але маглі "зьяднаць усіх беларусаў вакол нашых супольных ідэялаў узаемаразуменьня і салідарнасьці".

Зьезд ладзіцца за сродкі самой арганізацыі, а таксама некаторых асяродкаў дыяспары. Старшыня “Бацькаўшчыны” Аляксей Марачкін адзначыў, што кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка не даслаў віншаваньне беларусам сьвету. Ад уладаў на зьезьдзе выступілі міністар культуры Павал Латушка і ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Леанід Гуляка. Спадар Латушка заклікаў дыяспару далучыцца да справы вяртаньня страчаных гісторыка-культурных каштоўнасьцяў:

Павал Латушка
“Сёньня сапраўды мы адчыняем свае дзьверы для беларусаў, мы адкрываем свае душы, свой дом. Сёньняшняя сустрэча ў Менску яшчэ раз пацьвярджае накіраванасьць дзяржаўнай палітыкі Беларусі на ўзаемадзеяньне і актывізацыю працы з суайчыньнікамі за мяжой”.

Асноўная тэма зьезду – нацыянальная ідэнтычнасьць беларусаў у сучасным сьвеце:праблемы захаваньня і разьвіцьця. Яе апірышчамі дэлегаты зьезду называюць наяўнасьць сувэрэннай дзяржаўнасьці, тысячагадовай гісторыі, сваёй мовы і самабытнай культуры. Праблема нацыянальнай ідэнтыфікацыі беларусаў сёньня вельмі востра стаіць у самой Беларусі. Пра гэта казаў у выступе кіраўнік “Бацькаўшчыны” Аляксей Марачкін:

Аляксей Марачкін
“Русыфікацыя нашага краю сёньня дасягнула найвышэйшага апагею. У паўсядзённым жыцьці – абвесткі на мове ў грамадзкім транспарце, назвы вуліц – мова існуе на ўзроўні сувэніру. Ва ўладных установах Беларусі яе цалкам ігнаруюць. Лідэр нацыі, прэзыдэнт краіны выказаўся адназначна: “На беларускай мове нельга выказаць нешта вялікае”. Ці варта тут гаварыць пра тое, што калі б такое выказаў прэзыдэнт Літвы ці Польшчы, то ягоная кар’ера назаўтра была б скончаная?! За беларускую мову ў беларускім войску маладафронтаўцу Франаку Вячорку пагражаюць крымінальнай адказнасьцю. Сёньняшняя моўная палітыка ў Беларусі вядзе да этнацыду нацыі і страты сувэрэнітэту. Таму неабходна вярнуць беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай у нашай краіне, як гэта было прапісана ў канстытуцыі 1994 года”.

Паводле гісторыка Натальлі Гардзіенкі, за мяжой пражывае да трох з паловай мільёнаў беларусаў. Як і для мітраполіі, для іх характэрная праблема страты нацыянальнай ідэнтычнасьці.

“Апошнім часам назіраецца тэндэнцыя да скарачэньня старых беларускіх арганізацый, якія былі яшчэ створаныя эмігрантамі часоў другой сусьветнай вайны, так званых першых беларускіх дыяспараў на Захадзе. Старое пакаленьне адыходзіць, а маладое не паўсюль можа замяніць і мае наогул цікавасьць да беларускай дзейнасьці. Нашчадкі беларусаў, на жаль, вельмі мала хто размаўляе па беларуску і, наогул, выказвае цікавасьць да свайго беларускага паходжаньня.”

Доктар гістарычных навук Янка Запруднік з ЗША ў сваім выступе адзначыў, што прысутнасьць беларусаў у Амэрыцы пазначана многімі пазытыўнымі фактамі. А што да прысутнасьці беларускай улады, дык яна далёка ад аптымальнай.

Янка Запруднік
“І ня толькі дзеля бягучага дыпляматычнага канфлікту паміж Менскам і Вашынгтонам. Галоўная праблема ў тым, што беларускі ўрад дасюль не здабыўся нават на прыняцьце закону аб суайчыньніках за мяжой. Ня кажучы ўжо пра актыўныя ўзаемасувязі з дыяспарай, якімі адзначаюцца пасяленцы зь іншых усходнеэўрапейскіх краінаў. Вось чаму адным з прыярытэтаў нашага згуртаваньня застаецца далейшае спрыяньне і дамаганьне, каб такі закон быў прыняты. Каб такі закон дапамагаў дзейнасьці замежных беларусаў на карысьць беларускай дэмакратычнай дзяржаўнасьці, народнага дабрабыту. Каб урэшце ўсе мы дзякуючы такому закону маглі сказаць з большай сілай, што жыве замежная Беларусь”.

ВІДЭА

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG