Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыцьцё і сьмерць мітаў: Талерантны народ


Удзельнічае гісторык Алесь Краўцэвіч. Эфір 9 ліпеня 2009 году.

Талерантнасьць — гэта цярпімасьць асобнага індывіда ці якой-небудзь супольнасьці людзей да прадстаўнікоў іншых канфэсіяў, палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў, этнасацыяльных групаў, а таксама да іншадумства, чужых поглядаў, вераваньняў, паводзінаў, да крытыкі іншымі індывідамі сваіх ідэяў, пазыцыяў і дзеяньняў. Звычайна складваецца на працягу многіх гадоў пад уплывам сацыяльных фактараў, грамадзка-палітычных працэсаў, асаблівасьцяў этнакультурнага разьвіцьця, канфэсійнай сытуацыі.

Існуе ўстойлівае перакананьне, што для мэнтальнасьці і нацыянальнага характару беларусаў у мінулым і ў сучасны пэрыяд былі ўласьцівыя этнакультурная і рэлігійная талерантнасьць, аб чым сьведчаць адсутнасьць на беларускіх землях вострых, крывавых канфліктаў на этнічнай і канфэсійнай глебе, працяглае мірнае суіснаваньне нацыянальных супольнасьцяў, канфэсіяў, плённае ўзаемадзеяньне розных народных традыцыяў, звычаяў, абрадаў. Талерантны народ — гэта прыгожы міт пра беларусаў, якім карыстаюцца ідэолягі і палітыкі як важкім аргумэнтам.


Алесь Краўцэвіч
Вячаслаў Ракіцкі

Вячаслаў Ракіцкі: Аксіёму пра адвечную беларускую талерантнасьць не аспрэчвае ніхто: ні афіцыёзная ідэалёгія, ні незалежныя навукоўцы, ні свабодныя інтэлектуалы. Увогуле талерантнасьць выяўляецца ва ўсіх сфэрах жыцьця. У якіх сфэрах у Беларусі яна выяўляецца найбольш выразна, бясспрэчна?

Алесь Краўцэвіч: Варта вылучаць два аспэкты гэтага міту — культурніцкі і сацыяльна-палітычны, талерантнасьць культурніцкую і талерантнасьць сацыяльна-палітычную. У сэнсе культурніцкім гэта вельмі плённы культуратворны міт з надзвычай салідным гістарычным падмуркам. У сэнсе сацыяльна-палітычным сытуацыя выглядае больш складана.

Ракіцкі: Як зразумець яе на звычайным узроўні культурніцкую, духоўную, рэлігійную талерантнасьць беларусаў?

Краўцэвіч: Прывяду прыклад з свайго прыватнага жыцьця. На маёй роднай Мастоўшчыне ў мястэчку Пескі ў праваслаўныя сьвяты не працуюць каталікі з павагі да суседзяў, а ў каталіцкія сьвяты — праваслаўныя. На пахаваньні суседзкай бабулі-каталічкі майго праваслаўнага бацьку папрасілі несьці крыж сьпераду пахавальнай працэсіі.

Ракіцкі: З чаго вынікае беларуская талерантнасьць? Якія яе вытокі?

Краўцэвіч: Цярпімасьць і разуменьне беларусаў у адносінах да культуры і веравызнаньня розных людзей вынікае са спрадвечнага памежнага становішча нашай краіны.
Беларускі народ ёсьць прадуктам памежжа цывілізацыяў.
Беларусь, беларускі народ ёсьць прадуктам памежжа цывілізацыяў. Пачаткі беларускага этнасу сягаюць у глыбокую старажытнасьць: УІ УІІ стагодзьдзі, да памежнага кантакту славянаў з балтамі. Славянскія каляністы пранікалі на землі, заселеныя балтамі, прыносілі свае звычаі, мову культуру, але таксама арганічна засвойвалі мясцовую балцкую культуру, найперш матэрыяльную, якая стагодзьдзямі дапасоўвалася да мясцовых геаграфічна-кліматычных умоваў.

Ракіцкі: І ўрэшце беларусы апынуліся на скрыжаваньні заходняй і ўсходняй цывілізацыяў. Ці лёгка адаптавалі яны заходнюю і ўсходнюю культуры? Як пераадольвалі супярэчнасьці? Ці былі канфлікты?

Краўцэвіч: Сапраўды, Беларусь апынулася на памежжы бізантыйскай і заходнеэўрапейскай цывілізацыяў. Спачатку пераважалі бізантыйскія ўплывы — хрысьціянства прынялі ад Бізантыі, таксама пісьменнасьць, традыцыі мураванай архітэктуры. У прамежку паміж паловай ХІІІ і канцом ХІУ стагодзьдзяў Беларусь перажыла найбольш важны культурніцкі пералом у сваёй гісторыі, а менавіта: пераход ад арыентацыі бізантыйскай да заходнеэўрапейскай. Спачатку пачалі зьяўляцца новыя катэгорыі матэрыяльнай культуры, якія паходзілі з Заходняй Эўропы: гатычная архітэктура (напрыклад, знакамітая Белая вежа ў Камянцы), кафля, вялікіх памераў гатычная цэгла, узоры ўзбраеньня і шмат што яшчэ. Нарэшце Ягайла ў 1385-1386 гадах праз прыняцьце дзяржаўнай ідэалёгіяй каталіцызму далучыў нашу краіну да абсягу заходняй цывілізацыі. Але сытуацыя памежжа працягвалася. Мясцовыя традыцыі перапляталіся з новымі эўрапейскімі, каталіцтва суседзіла з праваслаўем, потым яшчэ дадалося пратэстанцтва. Саперніцтва існавала, але яно прыносіла культурніцкі плён — заходняя традыцыя ў кантакце зь мясцовай стварала ўнікальны культурны сынтэз.
Заходняя традыцыя ў кантакце зь мясцовай стварала ўнікальны культурны сынтэз.


Ракіцкі: Традыцыйна беларусы ганарацца мірным суіснаваньнем людзей розных нацыянальнасьцяў. Як фармавалася міжнацыянальная цярпімасьць?

Краўцэвіч: Ад VІ стагодзьдзя на беларускай тэрыторыі славяне мірна ўзаемадзейнічалі з балтамі. Ад ХІУ стагодзьдзя сюды пачалі прыбываць габрэі — гэты нястомны рухавік эканомікі, са сваёй адметнай, старанна зьбераганай культурай. Вітаўт прывёў на захад Беларусі тысячы татараў, якія прынялі беларускую мову, але захавалі сваю веру — іслам. Побач з праваслаўнымі хрысьціянамі жылі іншыя хрысьціяне — каталікі, пратэстанты, уніяты. Як тут ня быць талерантным, калі хочаш жыць спакойна і мірна з суседзямі?! Саперніцтва культураў і веравызнаньняў у нас ніколі не набывала формы вайны — рэлігійнай ці міжнацыянальнай. Менавіта разнастайнасьць культураў была адной з прычынаў дасканалай кадыфікацыі права. Я маю на ўвазе Літоўскі статут, які дзейнічаў чатыры стагодзьдзі. Беларусы — народ, які прывык шанаваць права, аснову добрасуседзтва.
Разнастайнасьць культураў была адной з прычынаў дасканалай кадыфікацыі права.


Ракіцкі: На пачатку нашай размовы Вы паставілі пад сумнеў сацыяльна-палітычную талерантнасьць беларусаў. Чаму? Хіба гэты міт не адпавядае гістарычным фактам? Ён неадпаведны рэчаіснасьці?

Краўцэвіч: Міт пра адвечную сацыяльна-палітычную талерантнасьць беларусаў — цярпімасьць, пакорлівасьць любой уладзе, палітычная інэртнасьць — ня толькі шкодны, але і ня мае пад сабой рэальных гістарычных падставаў. Вось канкрэтныя прыклады. Першыя добра зафіксаваныя дакумэнтальна беларускія партызаны зьявіліся ў ХУІІ стагодзьдзі ў пару маскоўкай акупацыі Беларусі ў час вайны 1654 — 1667 гадоў. Маскоўскія ваяводы называлі беларускіх партызанаў “шышамі” і скардзіліся на іх цару ў Маскву. Маўляў, зьбіраюцца ў атрады, часам па некалькі тысячаў чалавек і “твоіх государевых людей б’ют до смерті, не допускают запасаться провіантом і кормом для лошадей”. А вядомы выпадак з той жа вайны, калі магілёўскія гараджане выразалі 10-тысячны маскоўскі гарнізон у сваім горадзе.

Ракіцкі: І ўсё ж, такіх фактаў, як мне падаецца, меней, чым фактаў цярплівасьці беларусаў да розных акупантаў, якіх яны спазналі спаўна. Ці ня маем мы справу з падменай паняцьцяў? Ці не называем талерантнасьцю канфармізм?

Краўцэвіч: Канфармізм, палітычная інэртнасьць — гэта стратэгія выжываньня большасьці ў любой нацыі. Супраціў, перамены ініцыюе эліта. У нашай краіне існуе вялікая праблема эліты, а менавіта: найбольш адукаваная і актыўная частка грамадзтва не аб’яднаная пад сьцягам нацыянальнай ідэі. Гэта наступствы найноўшай гісторыі Беларусі ва ўмовах памежжа. Інэртнасьць бальшыні сёньняшніх беларусаў у палітычных справах — вынік вынішчэньня беларускіх элітаў у ХХ стагодзьдзі, асабліва сталінскімі рэпрэсіямі і Другой усясьветнай вайной. Лепшыя і самыя актыўныя беларусы фізычна вынішчаліся, на іх месца прыяжджалі расейцы, і вырасталі свае дэгенэраты. Недахоп палітычнай актыўнасьці, імкненьне адсядзецца, не канфліктаваць з уладай — зразумелая рэч у краіне памежжа, дзе толькі ў ХХ стагодзьдзі некалькі разоў зьмянялася ўлада. Найбольш актыўныя пры адной уладзе гублялі галовы, калі прыходзіла іншая. Тым ня меней у Беларусі яшчэ больш дзесятка гадоў існаваў актыўны антысавецкі супраціў пасьля заканчэньня апошняй вайны. А чаго варты Слуцкі збройны чын?! Аказваецца, за БНР добраахвотна ваявала больш як 10 тысяч беларусаў. А які прыгожы міт генэрала Булак-Балаховіча!

Ракіцкі: Вельмі часта можна пачуць, што талерантнасьць на мяжы ці нават у форме канфармізму ўсё ж мела плён, была мэтазгоднай. Дзякуючы гэтаму беларуская нацыя змагла выжыць у вельмі неспрыяльных гістарычных умовах. І мову захавалі, і духоўныя, матэрыяльныя каштоўнасьці, на падставе якіх усё ж магчымае і нацыянальнае, і дзяржаўнае, і культурнае адраджэньне…

Краўцэвіч: Катэгарычна ня згодны з гэтай тэзай.
Канфармізм — вымушаны стан беларусаў, бо ў іх доўга была не свая, а чужая ўлада.
Канфармізм — вымушаны стан беларусаў, бо ў іх доўга была не свая, а чужая ўлада. Іншая рэч, што ў вельмі многіх выпадках ён быў шчыры. У нас канфармізм прымаў і прымае форму вырачэньня ўласнай нацыянальнай тоеснасьці, культурніцкай канвэрсіі. І для беларускай культуры гэта нясе толькі разбурэньне. Прыклад вымушанага канфармізму — дзеяньні летувіскіх камуністаў, якія адбудоўвалі гістарычныя помнікі ў сваёй рэспубліцы. У той самы час нашы камуністы шчыра і навыперадкі іх зьнішчалі.

Ракіцкі: А ці не з прычыны талерантнасьці беларусы многія свае культурныя здабыткі падарылі іншым народам? Чаму беларусы гублялі сваю ідэнтычнасьць, чаму многія імігравалі ў іншыя культуры? Чаму нават ад мовы — цэнтральнага паняцьця культуры — адмаўляліся? Ці не адбывалася гэта з прычыны ўсё той жа міталягічнай талерантнасьці?

Краўцэвіч: Сытуацыя памежжа мае ня толькі станоўчыя, але і адмоўныя праявы. Масавая культурніцкая канвэрсія беларусаў — адмоўная праява сытуацыі памежжа.
Масавая культурніцкая канвэрсія беларусаў — адмоўная праява сытуацыі памежжа.
Мы былі заслонай Захаду ад Усходу. Пакуль мы супраціўляліся расейцам, з другога боку на нас ішла польская культурніцкая экспансія.

Ракіцкі: А мо міт пра талерантнасьць, які ўжо ўвайшоў у падсьвядомасьць нацыі, разбурае іншае, ня меней важнае пачуцьцё — пачуцьцё нацыянальнай годнасьці?

Краўцэвіч: На маю думку, якраз талерантнасьць можа быць падставай для беларускай нацыянальнай годнасьці. У дыскусіях з замежнікамі я часта прывожу аргумэнт — беларусы ніколі не дапускалі габрэйскіх ці якіх іншых пагромаў. І суразмоўцы-эўрапейцы гэта ацэньваюць, бо нават самыя сёньня дэмакратычныя эўрапейскія краіны ў сваёй гісторыі маюць выпадкі агрэсіўных праяваў неталерантнасьці. А яшчэ можна ўзгадаць сьвятую інквізыцыю, якая на
Талерантнасьць можа быць падставай для беларускай нацыянальнай годнасьці.
Беларусі проста не магла актыўна дзейнічаць — ня тыя былі грамадзкія настроі. А расейцам можна прыпомніць, як яны палілі сваіх ерэтыкоў, ці як доўгі час не дапускалі друкаваную кнігу ў сваю краіну: зьнішчалі друкарні, а кнігі таксама палілі.

Ракіцкі: Што зь міту пра талерантнасьць беларусаў трэба ў найноўшай гісторыі нацыі, якая мае ісьці сваім самастойным шляхам у супольнасьці зь іншымі народамі, захаваць, а ад чаго адмовіцца ці нават разбураць?

Краўцэвіч: Міт пра культурніцкую талерантнасьць беларусаў — цалкам адэкватны, стваральны, ён прадстаўляе нашу непаўторнасьць у багатай мазаіцы культураў
Міт пра культурніцкую талерантнасьць беларусаў — цалкам адэкватны, стваральны.
розных народаў сьвету. У ім наша адметнасьць і гонар перад усім сьветам. У сучасным сьвеце, асабліва ў Эўропе талерантнасьць ўзьведзена ў ранг найвышэйшай ідэалягічнай каштоўнасьці. Але ў большасьці эўрапейскіх краінаў практыка талерантнасьці мае адносна кароткую гісторыю. А беларусы, наадварот, могуць пахваліцца даўняй гістарычнай традыцыяй талерантнасьці і пры выпадку дапячы эўрапейца: “Вось у нас у ХУІ стагодзьдзі езуіты зацята змагаліся з Сымонам Будным, малюючы на яго карыкатуры (менавіта карыкатурны партрэт Буднага — адзіная захаваная ягоная выява), а вось ў вас яго б спалілі на вогнішчы”. Міт пра палітычную талерантнасьць беларусаў фармуюць нашы ворагі. Маўляў, адмовіліся ад усяго свайго — мовы, культуры, нацыянальнай тоеснасьці. Гэты міт, па-першае, неадэкватны; па-другое, варожы, прыніжальны шкодны для нашай тоеснасьці, скіраваны каб прадставіць беларусаў, паводле выказваньня сьветлай памяці Міхася Ткачова, “гноем, на якім прарастаюць культуры іншых народаў”.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG