Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа ў Беларусі адбыцца рэвалюцыя?


Іна Студзінская, Менск Якіх толькі рэвалюцыяў не адбылося ў сьвеце пасьля Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі: і навукова-тэхнічная, і культурная, і нават сэксуальная. Ці магчымая рэвалюцыя ў сучасных беларускіх умовах, і якая рэвалюцыя патрэбная беларусам?

Пасьля распаду Савецкага Саюзу практычна ўва ўсіх постсавецкіх дзяржавах кастрычніцкае сьвята або зьнікла з календароў, або стала называцца па-іншаму. У Расеі, да прыкладу, 7-га лістапада – Дзень згоды й прымірэньня. І толькі ў Беларусі 7-га лістапада па-ранейшаму сьвяточны Дзень Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Хаця былі спробы на пачатку 1990-х гадоў, пасьля забароны Кампартыі, адмяніць сьвяткаваньні 7-га лістапада, але настальгія па старым часе перамагла. І адным з ініцыятараў аднаўленьня кастрычніцкага сьвята быў тагачасны народны дэпутат Аляксандар Лукашэнка.

Літаральна праз паўтара году той самы склад Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня, які адмяняў сьвята, рэанімаваў Дзень рэвалюцыі. І хоць няма цяпер у гэты дзень вайсковых парадаў, шматлюдных дэманстрацыяў і сьвяточных шэсьцяў, за старой звычкаю беларускі народ яго адзначае. Праўда, цяперашнія ўлады каторы год не дазваляюць камуністам прайсьці па сталічным праспэкце ад помніка Леніну да дому-музэю І зьезду РСДРП і правесьці ў парку Горкага мітынг...

Што думаюць людзі пра тое, ці патрэбная рэвалюцыя ў Беларусі?

(Хлопец: ) “Рэвалюцыя патрэбная, бо гэта вельмі хуткія зьмены там, дзе яны ўжо даўно патрэбныя. У нас шмат чаго мела б зрабіцца, але не зрабілася ў эканоміцы, палітыцы, культуры – гэта ўжо вельмі шырокі спэктар!”

(Дзяўчына: ) “Ну, ня веру я, што беларусы неяк уздымуцца! Ня той гэта народ. Рэвалюцыя сама па сабе – гэта нешта ненатуральнае, гэта нешта ламае. Больш неяк прываблівае ідэя эвалюцыі. Браць нешта лепшае зь мінулага і ўносіць у будучыню”.

(Жанчына: ) “Я абсалютна перакананая, што наш народ – рэвалюцыйны. У XIX стагодзьдзі рэвалюцыі ў Беларусі здараліся амаль кожныя 30 гадоў. І я ўпэўненая, што нават 70 гадоў савецкай улады не змаглі зьнішчыць народ, для якога пратэст натуральны”.

(Хлопец: ) “Па-мойму, рэвалюцыя ўжо адбылася. Паза-пазаўчора мы жылі ў адной краіне, а сёньня – ужо ў іншай. Мы нядаўна зь сябрам разважалі пра шляхі сусьветнай цывілізацыі й прыйшлі да высновы, што цяпер у Беларусі фармуецца свая асобная ад усяго сьвету цывілізацыя”.

Можа, сапраўды ў нас свой, беларускі шлях разьвіцьця, свая, беларуская цывілізацыя? Нашы найбліжэйшыя суседзі з былых братніх савецкіх рэспублік пайшлі іншым шляхам. Яны не баяцца зьменаў. Сьмела ідуць на новыя выбары кіраўнікоў, прагнуць перамен.

Я размаўляла з трыма вядомымі і ў сваіх краінах, і ў Беларусі асобамі, якія не хавалі сымпатыяў да нашай краіны – з украінцам, расейцам і літоўцам.

Ці магчымая рэвалюцыя ва Ўкраіне, дзе кіпяць выбарчыя жарсьці? Разважае Дмытро Карчынскі – лідэр украінскай партыі “Братство”, экс-кандыдат у прэзыдэнты Ўкраіны:

(Карчынскі: ) “Цяпер рэвалюцыйныя настроі даволі моцныя ва Ўкраіне. І мы ўвесь час зьвяртаемся па досьвед вялікіх дзеячоў мінулага, у тым ліку й тых, якія зрабілі Кастрычніцкую рэвалюцыю. Напрыклад, партыя “Братство”, якую я прадстаўляю, рыхтуе цяпер сцэнар, падобны да бальшавіцкага. На выпадак, калі ва Ўкраіне здарыцца нешта паводле грузінскага ці югаслаўскага сцэнару, у нас ужо падрыхтаваны лёзунгі “Далоў часовы ўрад Юшчанкі-Цімашэнкі”, і мы паспрабуем выканаць ролю бальшавікоў ва Ўкраіне”.

Суседняя Літва адной зь першых сярод былых савецкіх рэспублік пачала рэвалюцыйныя перамены. Усе памятаюць, як яшчэ ў 1990-м літоўскія дэпутаты Вярхоўнага Савету СССР на чале з Ландсбэргісам і Прунскене пакінулі залю паседжаньняў... З таго часу ў Літве зьмянілася ўжо некалькі прэзыдэнтаў. А зусім нядаўна ў маленькай мірнай Літве адбыўся імпічмэнт.

Беларус з паходжаньня, дэпутат літоўскага Сэйму Вацлаў Станкевіч – супраць рэвалюцыяў.

(Cтанкевіч: ) “Вось быў у Літве імпічмэнт, і я перакананы, што некаторыя грамадзяне Літвы скажуць, што гэта была рэвалюцыя. Кожны трактуе па-свойму. Я не лічу, што гэта была рэвалюцыя. Рэвалюцыю, калі разумець гэта, як у 1917 годзе, на эўрапейскім кантынэнце ўжо цяжка ўявіць. У Літве час рэвалюцыяў ужо прайшоў”.

Расея вельмі багатая на ўсялякага роду рэвалюцыі і ўзрушэньні. Гаворыць Канстанцін Баравой, сябра “Дэмакратычнага саюзу”:

(Баравой: ) “Я думаю, гэта нармальны шлях разьвіцьця палітычнага працэсу, калі палітычныя сілы, якія ўжо на сыходзе, якія не падтрымліваюцца грамадзтвам, народам, чапляюцца за ўладу. І іх даводзіцца адхіляць ад улады сілай. Гэта горшы спосаб перадачы ўлады, таму што ён прымушае адмаўляцца ад дэмакратычных прынцыпаў абодва бакі. Але, на жаль, гэта часта здараецца. Апошні выпадак – Грузія. Наступным выпадкам, баюся, будзе Беларусь”.

У сьвеце ўжо склаўся стэрэатып, што беларусы – народ талерантны, памяркоўны, цярплівы. Ён доўга можа трываць. Зрэдку зрываецца й бунтуе. Масавыя выступленьні рабочых у красавіку 1991 году супраць зьніжэньня роўню жыцьця, мізэрных заробкаў, скончыліся даволі хутка – людзям паабяцалі танную кілбасу й падвышэньне заробкаў. Выступленьні апазыцыі пры канцы 1990-х жорстка душыліся ўладамі.

Цяпер масавых пратэстаў, можна сказаць, няма. Нават пасьля рэфэрэндуму на Кастрычніцкую плошчу ў сталіцы выходзілі толькі сотні людзей. Але суседзі вераць, што беларусы вось-вось прачнуцца... Гаворыць лідэр украінскай партыі “Братство”, экс-кандыдат у прэзыдэнты Ўкраіны Дмытро Карчынскі:

(Карчынскі: ) “Я ўсё ж такі веру ў беларускі народ і веру, што нацыя “прачнецца”. І ўся праблема зьдзяйсьненьня рэвалюцыі ў Беларусі палягае ў тым, што там ёсьць толькі адзін рэвалюцыянэр – Лукашэнка, іншых няма”.

Дэпутат літоўскага Сэйму Вацлаў Станкевіч больш стрыманы:

(Станкевіч: ) “Я вельмі сымпатызую беларускаму народу. Таму я не жадаю рэвалюцыяў Беларусі. І паколькі я пераабраны на другую кадэнцыю, як чалец парлямэнту буду рабіць усё, каб рэвалюцыяў у простым сэнсе не было. Я думаю, што ўсе беларускія пытаньні што да рэфэрэндуму, выбараў абсалютна рэальна вырашыць мірным шляхам. Я зычу нечага накшталт сьпеўнай, аксамітнай рэвалюцыі, але ні ў якім разе не рэвалюцыі ў прамым сэнсе слова”.

Сябра расейскага “Дэмакратычнага саюзу” Канстанцін Баравой дапускае, што рэвалюцыйныя перамены ў Беларусі могуць адбыцца ўжо ў хуткім часе.

(Баравой: ) “Ступень цярплівасьці ў грамадзянаў таталітарнага грамадзтва вельмі высокая. Але нямірнае разьвіцьцё падзеяў, рэвалюцыйнае разьвіцьцё адбываецца цягам фактычна некалькіх дзён, некалькіх месяцаў. Проста народ разумее, што ўсё, больш трываць нельга, выходзіць на вуліцы. Разумеюць гэта й тыя, хто спрабуе спыніць народ – спэцслужбы, вайскоўцы, і адмаўляюцца ваяваць з народам. Так адбываюцца апошнія рэвалюцыі. Я думаю, нешта падобнае будзе і ў Беларусі, пагатоў што ўсё менш падтрымкі Лукашэнка адчувае з боку Расеі. І сысьці ня можа, бо баіцца. І таму гэтая супярэчнасьць можа быць вырашаная найбліжэйшым часам. Такое ўражаньне, што Лукашэнка сыдзе не праз 20 гадоў, а даволі хутка”.

А што думаюць самі беларусы? Мечыслаў Грыб, экс-старшыня Вярхоўнага Савету XII скліканьня – супраць рэвалюцыйных пераўтварэньняў:

(Грыб: ) “Я не прыхільнік пераваротаў. Ня з нашымі людзьмі пакуль што гэта рабіць”.

(Карэспандэнтка: ) “Проста народ не дасьпеў ці наагул ён ня здольны – ціхі, талерантны, памяркоўны?”

(Грыб: ) “Ён яшчэ не дасьпеў. Народ як народ, як і ўсюды. Можа, больш цярплівы за іншыя. Пакуль што такой магчымасьці няма”.

Намесьнік галоўнага рэдактара “Белорусской деловой газеты” Ірына Халіп прытрымліваецца іншай думкі.

(Халіп: ) “Я веру ў свой народ і веру, што рэвалюцыя магчымая. Бо наш вельмі сумны досьвед апошніх выбараў дэманструе вельмі добра: выбары ўжо скончыліся, дасягнуць нечага так званым дэмакратычным шляхам немагчыма. І народ, я думаю, сасьпее. Мне здаецца, калі рэвалюцыі не адбылося адразу пасьля рэфэрэндуму, то, магчыма, у наступным годзе, магчыма, у 2006-м мы ўжо не дазволім Лукашэнку пайсьці на трэці тэрмін”.

Бісмарк некалі сказаў: “Рэвалюцыі задумваюць інтэлектуалы, зьдзяйсьняюць фанаты, а вынікамі яе карыстаюцца прайдзісьветы”. Адзін мой суразмоўца, студэнт-гісторык, выказаўся такім чынам:

(Хлопец: ) “Наконт рэвалюцыі хацелася б прывесьці цытату ўсім вядомага Жырыноўскага, які ў адным інтэрвію сказаў: “А што Беларусь? Горш ужо ня будзе”. Таму, можа, варта паспрабаваць?”
XS
SM
MD
LG