Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Трапіш у аптэку — аддасі палову пэнсіі”


Агляд тэлефанаваньняў за аўторак, 7 ліпеня.

Спадар: “Адзначаецца тысячагодзьдзе Літвы. Беларусаў-ліцьвінаў зноў не паклікалі на сьвята. Ганьба! Вялікае Княства Літоўскае — нашая старажытная дзяржава. Чаму мы так лёгка адмовіліся ад нашай спадчыны? Аддалі славу нашых продкаў суседзям?”

На пытаньне слухача адказвае гісторык Яўген Анішчанка:

“Я думаю, што гэта сьведчаньне таго, што беларусы — абыякавыя людзі. У большасьці сваёй — людзі апатычныя і раўнадушныя”.

3 ліпеня ў Беларусі адзначалася афіцыйнае сьвята — Дзень Рэспублікі. Паводле вынікаў рэфэрэндуму 1996 году сьвяткаваньне Дня незалежнасьці перанесьлі на 3 ліпеня. Раней 3 ліпеня было Днём вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама Днём Менску, бо менавіта сталіца была вызваленая ў гэты дзень у 1944 годзе.

Спадар: “Сьвяткаваньне 65-х угодкаў вызваленьня Беларусі прайшло. Я з раёна вам званю. Але не было чуваць, якія дзяржавы віншавалі нашую рэспубліку з такімі ўгодкамі. Нешта не было чуваць ні суседзяў, ні Уга Чавэса. Можа, вы там у Менску чулі?

Паводле афіцыйнага сайту Аляксандра Лукашэнкі, з Днём Рэспублікі Беларусь павіншавалі кіраўнікі краінаў СНД, Баўгарыі, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Бэльгіі, Кітаю, Японіі, а таксама, як падае сайт, “кіраўнікі шэрагу азіяцкіх краінаў, краінаў Афрыкі і Арабскага Ўсходу”.

Завершым праграму такім тэлефанаваньнем:

Спадарыня: “Дзялюся сваімі ўражаньнямі. Дзецям вайны ўсім пасьля 70-ці скасавалі ўсе льготы на лекі. Я — бабулька, 74 гады мне. Зараз аддала на лекі амаль усю сваю пэнсію. Калі гэта скончыцца? Такія кошты на лекі! Скасавалі нам 50% зьніжку. Зараз чорт яго ведае, хоць у пятлю лезь. Ня хочацца жыць. Трапіш у аптэку — палову пэнсіі аддасі. Сёньня апошнія грошы аддала. І да пэнсіі, 2-га чысла, як хочаш, так і жыві”.

Тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG