Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У праграме “Званкі на Свабоду” слухачы выказваюць меркаваньні пра замежныя крэдыты, якія бярэ Беларусь. Юрыст праваабарончай арганізацыі “Беларускі Хэльсынскі камітэт” Гары Паганяйла адказвае на пытаньне, чым выкліканая лібэралізацыя крымінальнага заканадаўства, якая плянуецца неўзабаве. Дасьледчыца Праваслаўнай царквы, рэдактарка парталу “Царква” Наталка Базылевіч камэнтуе развагі слухача пра тое, ці можна лічыць боскім знакам удар маланкі ў вежу царквы.


Паводле афіцыйных дадзеных, зьнешні дзяржаўны доўг Беларусі за першы квартал павялічыўся на 34,1% . Цяпер ён складае амаль 5 мільярдаў даляраў. Выказваньні слухачоў з нагоды крэдытаў, якія бярэ афіцыйны Менск у іншых дзяржаваў.

Спадар Буто, Менск: “Нарэшце расейцы зразумелі, якога добрага, вернага, таленавітага сябра маюць у асобе Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Яму, акрамя крэдыту, патрэбная яшчэ і шапка Манамаха. Да пабачэньня”.

Спадар Валер, Барысаў:

“У Лукашэнкі манера такая. Ён будзе і далей крэдыты браць,
покуль іх яму будуць даваць.
Толькі куды? Можа, у хакей гуляць?
Тэхналёгіі вытворчасьці і пэнсіі на адным месцы стаяць.
Украіна крэдыты таксама брала,
але затое даўнія пазыкі сваім суайчыньнікам па ашчадных касах аддала.
А наш “бацька”, відаць,
каб мільярды не аддаваць,
будзе, няйнакш, у Вэнэсуэле адпачываць.
А што тады зь яго возьмеш?
Будзе пад аховай Уга Чавэса, і там яго ніколі ня знойдзеш”.

Працягнем праграму такім тэлефанаваньнем:

Вадзім Шаргей, Менск: “Пачуў ва ўчорашняй вашай перадачы аб тым, што рыхтуецца лібэралізацыя Крымінальнага кодэксу, бо турмы на Беларусі перапоўненыя. На мой погляд, гэта зьвязана з прыходам новага міністра ўнутраных спраў Куляшова. Хацелася б пачуць больш падрабязную інфармацыю на гэты конт з вуснаў якога-небудзь экспэрта “Свабоды”.

Слухачу адказвае юрыст праваабарончай арганізацыі “Беларускі Хэльсынскі камітэт” Гары Паганяйла:

“Пытаньні лібэралізацыі крымінальнага заканадаўства ўздымаліся даўно. Гэта сапраўды вострая сёньня праблема. Турмы перапоўненыя. Паводле колькасьці вязьняў на 10 тысячаў насельніцтва Беларусь уваходзіць у першую пяцёрку. Але праблема яшчэ і ў тым, што шмат па якіх справах суды беспадстаўна пазбаўляюць волі. Хоць паводле крымінальнага кодэксу ёсьць і іншыя пакараньні”.

На чарзе такое тэлефанаваньне.

Ільля Копыл, Менск: “На беларускіх тэлеканалах прагучала інфармацыя, што ў купал адной праваслаўнай царквы Менску патрапіла маланка. Мяне гэта вельмі ўразіла. Як правіла, Бог стыхійныя бедзтвы накіроўвае ўбок ад царквы, аберагае яе. І вось маланка патрапіла проста ў купал. Магчыма, Бог зь нейкіх прычынаў гневаецца на царкву і царкоўных служак? Магчыма, Ён зразумеў, што царква служыць ня толькі Богу, але і д'яблу? Гэта не сьцьвярджэньне, а пытаньне, хутчэй за ўсё, да самога сябе. А можа, Бог вырашыў, што праваслаўных цэркваў пабудавана занадта многа?”

Развагі слухача камэнтуе дасьледчыца праваслаўнай царквы, рэдактарка парталу “Царква” Наталка Базылевіч:

“Наўрад ці Бог так наўпрост выражае сваю волю. Наўрад ці мы так можам інтэрпрэтаваць. Калі мы ўсе катастрофы будзем разглядаць пад прызмай, што Бог хоча кагосьці пакараць, то мы далёка зойдзем з такімі інтэрпрэтацыямі. Сапраўды, часам Бог паказвае нейкія знакі, але трэба быць вельмі духова сталым, каб гэтыя знакі спрабаваць разгадаць ці пачуць. Бог заўсёды заклікае нас да пакаяньня, да зьмяненьня свайго жыцьця. І кожная трагедыя дапамагае задумацца. Маланку, якая патрапіла ў купал храма, мы таксама можам успрымаць як заклік да пакаяньня”.

Тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG