Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Такую ацэнку дзеяньням кіраўніцтва міжнароднага аддзелу Sveriges Radio (SR) даюць вядомыя прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі гэтай краіны.

Сёньня штотыднёвае выданьне Sydsvenskan, якое выдаецца ў горадзе Мальмё, надрукавала адкрыты ліст пратэсту 16 швэдзкіх пісьменьнікаў і дзеячаў культуры ў сувязі з закрыцьцём сёлета ад 1 верасьня беларускай праграмы Радыё Швэцыя.

Як гаворыцца ў лісьце 16-ці, беларускія праграмы SR “маюць вялікае значэньне для дэмакратычнага руху Беларусі, цягам свайго існаваньня яны ў многім садзейнічалі выхаду беларусаў з той ізаляцыі, у якой апынулася іх краіна ў выніку палітыкі прэзыдэнта Лукашэнкі.

Рашэньне SR аб закрыцьці вяшчаньне на беларускай мове на карысьць пашыранага вяшчаньня па-расейску, магчыма, і можна тлумачыць недасьведчанасьцю, аднак у любым выпадку гэты крок будзе працаваць на рэжым Лукашэнкі і будзе мець сумныя наступствы для дэмакратычнага разьвіцьця краіны”.

Паводле аўтараў звароту 16-ці да швэдзкай грамадзкасьці, “швэды, якія нічога ня ведаюць пра сваіх суседзяў на паўднёвым усходзе, хутчэй за ўсё невінаватыя”. Дзеячы мастацтва падкрэсьліваюць, што кіраўнік Міжнароднага каналу швэдзкага нацыянальнага радыё Інгэмар Лёфгрэн, які патлумачыў рашэньне “аб спыненьні беларускай праграмы на карысьць вяшчаньня на адной зь вялікіх эўрапейскіх моваў, а менавіта — расейскай, тым больш што гэта мова, якую разумеюць і ў Беларусі”, ня проста недасьведчаны чалавек. У яго рашэньні “дрэнна схаваная абыякавасьць як да беларускай мовы, так і да змаганьня беларусаў за адкрытую і незалежную Беларусь”.

Як гаворыцца ў адкрытым лісьце 16-ці, палітыка русыфікацыі – гэта адзін зь відавочных інструмэнтаў таталітарных уладаў за сваё існаваньне – у гэтай краіне драматычна скарачаецца колькасьць школ з выкладаньнем на беларускай мове, вывучэньне твораў клясыкаў беларускай літаратуры, больш таго, існуюць выпадкі, калі людзей арыштоўваюць на вуліцы, клясыфікуючы іх размову на матчынай мове як лаянку.

Паводле швэдзкіх дзеячаў літаратуры і мастацтва, “спадар Інгэмар Лёфгрэн мае рацыю толькі ў адным, большасьць беларусаў, сапраўды, разумеюць расейскую мову. Аднак прыкладна 70% насельніцтва лічаць беларускую мову сваёй роднай”.

“Беларусь не з’яўляецца Расеяй,– заўважаюць аўтары ліста.-- Ці гэта азначае штосьці для Швэдзкага Радыё?”

Як гаворыцца ў звароце, “значэньне беларускага вяшчаньня SR немагчыма пераацаніць. Калі пазбавіць слухачоў вяшчаньня па-беларуску, гэта можа выклікаць недавер да Захаду”.

16 швэдзкіх пісьменьнікаў і дзеячаў культуры заклікаюць кіраўніцтва SR перагледзець сваё рашэньне.

“Інакш дзеяньні Швэцыі ў накірунку пазбаўленьня беларускай грамадзкасьці свабоды слова можна параўнаць зь дзеяньнямі беларускай дыктатуры”,-- лічаць аўтары звароту, надрукаванага ў выданьні Sydsvenskan.

Пад лістом сярод іншых падпісаліся: Гэнрык Энбом, Пэр Бэргстрэм, Марыя Люндквіст, Нільс Гокансан, Андэрс Будэгард, Арнэ Юнсан, Іда Бэр'ель, Марыя Сэдэрбэрг, Андрэас Матсан.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG