Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Радыё Швэцыя” па-беларуску – 3 гады ў эфіры


Вольга Караткевіч, Прага Сёньня беларуская служба "Радыё Швэцыя" адзначае тры гады выхаду ў эфір. У гэтай службе працуюць чатыры беларусы – два паводле кантракту і два пазаштатныя супрацоўнікі. На пытаньні "Свабоды" адказаў прадусар праграмы Дзьмітры Плакс.

Караткевіч: "У чым, Дзьмітры, адрозьненьне вашага радыё, якое перадае па-беларуску ад, прыкладам, Беларускай рэдакцыі Польскага Радыё ці Радыё Свабода па-беларуску?"

Плакс: "Ну, па-першае, мы не асьвятляем падзей у Беларусі. Гэта ня нашая вотчына. Мы асьвятляем выключна падзеі ў Швэцыі або беларуска-швэдзкія дачыненьні, калі ёсьць нешта агульнае.

Па-другое, "Радыё Швэцыя" - гэта грамадзкая станцыя, непалітычная, недзяржаўная. Так званы public service. Вось такія два асноўныя адрозьненьні"

Караткевіч: "Колькі беларусаў працуе ў штаце, калектыве?"

Плакс: "У штаце ў нас не працуе ніхто насамрэч. Я і мая калега Юлія Канавалава працуем па кантрактах: 70 адсоткаў ад стаўкі кожны. І яшчэ ў нас ёсьць два пазаштатныя супрацоўнікі - Лана Радзівонава і Яніна Фралова".

Караткевіч: "У сваім лісьце, у якім вы зьвяртаецеся да слухачоў, сярод іншага кажаце аб укладзе ў разьвіцьцё Інтэрнэту. Калі гаварыць аб слухацкай аўдыторыі, ёсьць магчымасьць яе падлічыць, параўнаць з інтэрнэтнай?"

Плакс: “Мы ня маем магчымасьці праводзіць даследваньні нашай аўдыторыі. Таму вельмі складана адказаць на гэтае пытаньне. Паводле апошняга апытаньня, якое праводзіў НІСЭПІ, нашую радыёстанцыю слухаюць каля 140 000 жыхароў Беларусі. Апытаньне тычылася таго, якія замежныя радыёстанцыі слухаюць на кароткіх хвалях рэспандэнты.

Мы выходзім у эфір 4 разы на тыдзень па суботах, нядзелях, панядзелках і аўторках у 20.30 паводле менскага часу на частаце на кароткіх хвалях 6065 кГЦ у дыяпазоне 49 мэтраў

У Інтэрнэце пакуль нас слухае значна меншая аўдыторыя, але колькасць інтэрнэт-наведвальнікаў стала павялічваецца. Асабліва цяпер, калі мы распачалі падкастынг".

Караткевіч: "Вы сказалі, што вашая місія расказваць, што адбываецца ў Швэдзкім Каралеўстве і аб дачыненьнях Беларусі і Швэцыі. Якая актуальная інфармацыя якраз аб стасунках Швэцыі і Беларусі?"

Плакс: "Напрыклад, інфармацыя, якая шырока прайшла тут, асьвятлялі гэта ня толькі мы, але і іншыя рэдакцыі Швэдзкага радыё - гэта інфармацыя пра тое, што Швэцыя будзе дапамагаць Беларусі ў будаўніцтве сховішча радыёактыўных парэшткаў. Заўтра, напрыклад, будзе вечарына ў Швэдзкім Доме пісьменьніка, куды прыедуць пераможцы моладзегвага кубку паэзіі, які штогод адбываецца ў Пінску. Мы таксама будзем гэта асьвятляць.

Варта адзначыць яшчэ, што нашае вяшчаньне - не заснаванае на навінах. Менавіта Беларускай службы "Радыё Швэцыя". У нас навін няма, але ёсьць агляды асноўных падзей. Мы даем іх па суботах. І я лічу добра, бо гэтым мы адрозьніваемся ад іншых радыёстанцый".

Інтэрнэт-адрас "Радыё Швэцыя" па-беларуску – radiobelarus.se.

Канал замежнага вяшчаньня швэдзкага радыё “Радыё Швэцыя” існуе з 1939 году, калі ў эфір выйшлі перадачы на ангельскай мове. Беларуская мова – самая “новая” сярод тых моваў, на якіх “Радыё Швэцыя” вяшчае сёньня – першая праграма на беларускай мове выйшла ў эфір 7 лістапада 2004 году
XS
SM
MD
LG