Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да Лукашэнкі парадаў 3 ліпеня не было


Матэрыялы сьвяточнага нумару «Звязды» ў 1969-м годзе суправаджае абавязковае для тых часоў панарамнае фота прэзыдыюму ўрачыстага сходу.

Матэрыялы сьвяточнага нумару «Звязды» ў 1969-м годзе суправаджае абавязковае для тых часоў панарамнае фота прэзыдыюму ўрачыстага сходу.

Як адзначалі ў Беларусі дзень 3-га ліпеня да таго, як Беларусь стала незалежнай дзяржавай? Наш карэспандэнт пагартаў падшыўкі старых савецкіх газэт.

Агульнае ўражаньне такое — з кожным годам сьвята падаецца ўсё больш пампэзна. Калі адзначалі 25 і 50-годзьдзе, вайсковых парадаў не было наагул.
3 ліпеня 1969-га сьвяточны нумар «Звязды» выйшаў разам з ваеннай газэтай «Во славу Родины»
Але былі вялікія шэсьці вэтэранаў-пераможцаў з мноствам кветак і натоўпамі дзяцей з бацькамі на ходніках.

“Цьвіці, наш край, Беларусь родная!” — такія словы падала газэта “Звязда” 5 ліпеня 1969 году перад рэпартажам з урачыстага сходу, прысьвечанага 25-м угодкам вызваленьня, і выступам на ім тагачаснага першага сакратара ЦК КПБ Пятра Машэрава. А матэрыялы сьвяточнага нумару суправаджае абавязковае для тых часоў панарамнае фота прэзыдыюму ўрачыстага сходу.

У 2004 годзе ўсё выглядае інакш. Нумар той жа “Звязды” адкрыўся “шапкай” — “60 гадоў пад мірным небам!” і выступам, таксама на ўрачыстым сходзе, Аляксандра Лукашэнкі. Замест калектыўнага здымку на першай старонцы Аляксандар Лукашэнка, які вітаецца з вэтэранамі. Ён жа і на другой старонцы — выступае на ўрачыстым сходзе ў Палацы Рэспублікі. У нумары шмат здымкаў з вайсковага параду, чаго не было раней.

Аляксандар Класкоўскі, які працаваў галоўным рэдактарам газэты “Знамя юності”, кажа: праз такое параўнаньне добра праглядаецца эвалюцыя ўлады.

Замест калектыўнага здымку на першай старонцы Аляксандар Лукашэнка, які вітаецца з вэтэранамі.
На 2-й старонцы — таксама Лукашэнка.
У нумары шмат здымкаў з вайсковага параду, чаго не было раней.
“Машэраў быў адным з герояў партызанскага руху. І хоць там было шмат міталёгіі, гэты чалавек увасабляў асабісты ўнёсак у перамогу над фашызмам, у вызваленьне рэспублікі.

Што тычыцца найноўшай гісторыі Беларусі, то мы бачым тэндэнцыю ўмацаваньня менавіта пэрсаналізацыі рэжыму. Усе дасягненьні праецыруюцца на аднаго чалавека — кіраўніка дзяржавы. Зьмянілася нават сама рыторыка. Перамога старэйшых пакаленьняў прысабечваецца бюракратычным кланам: мы перамаглі фашызм, Захад павінен за гэта нам кланяцца. Вось такі гучыць рэфрэн“.

Колішні галоўны рэдактар “Народнай газэты” Мікалай Галко адзначае:

“Асаблівасьць афіцыйнай “Звязды”, хаця, на мой погляд, яна найлепшая з афіцыйных выданьняў, праяўляецца ў адсутнасьці праўды і шчырасьці. Я перакананы, што ў “Звяздзе”, дый у іншых афіцыйных выданьнях, было нямала і зараз ёсьць прыстойных, сумленных журналістаў. Але яны вымушаны выконваць каманды, якія паступаюць зьверху. У часы Машэрава “Звязда” шчыра асьвятляла вялікую падзею — вызваленьне сталіцы Беларусі ад гітлераўцаў.

А цяпер на гэты дзень 3-га ліпеня нагрувасьцілі шэраг дат. І атрымалася так, што не засталося ніводнай сапраўднай. Афіцыйныя выданьні цяпер так аздабляюць свае сьвяточныя старонкі, што нібыта ініцыятарам вызваленьня стаў цяперашні кіруючы рэжым. Бо ніводная афіцыйная газэта ня піша пра сапраўднае жыцьцё вэтэрана-пераможцы, хаця ўзровень ягонага жыцьця адрозьніваецца ў горшы бок ад вэтэрана пераможанай арміі. А сьвята на старонцы афіцыйных газэт падаецца ў маршавым тэмпе — толькі літаўры, толькі барабаны, толькі воклічы: “Мы — перамаглі!” Хаця сапраўднае жыцьцё цячэ неяк інакш”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG