Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сьвята праз мэталадэтэктар


Праваахоўныя органы сталіцы рыхтуюцца да сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці. Раніцай 3 ліпеня ў Менску пачнецца вайсковы парад, а ўначы — сьвяточны канцэрт і фаервэрк. На мерапрыемствы можна будзе патрапіць толькі пасьля праверкі мэталадэтэктарам. Улады вырашылі пайсьці на такія меры перасьцярогі пасьля леташняга выбуху на канцэрце, у выніку якога больш за паўсотні параненых трапілі ў шпіталі. Злачынцаў дагэтуль не знайшлі.

Сёлета 3 ліпеня ахвотныя патрапіць на масавыя мерапрыемствы ў цэнтры Менску і ў мікрараёнах вымушаныя будуць прайсьці праз адмысловыя турнікеты. Згодна з загадам, міліцыянты павінны будуць кожнага чалавека праверыць мэталадэтэктарам.

Такія захады бясьпекі прадыктаваныя леташнім тэрактам падчас сьвяточнага канцэрту ўначы з 3 на 4 ліпеня. Тады ад выбуху бомбы было паранена больш за паўсотні чалавек, у тым ліку дзеці. Некалькі чалавек сталі інвалідамі.

Супрацоўнік упраўленьня інфармацыі менскай міліцыі Яўген Сачык паведаміў “Свабодзе”:

“Ахоўваная тэрыторыя будзе агароджана турнікетамі. Кожны чалавек, які захоча патрапіць за агароджаную тэрыторыю, абавязаны будзе прайсьці праз мэталадэтэктар.

Такія тэрыторыі будуць праходзіць ва ўсіх тых месцах, дзе будуць адбывацца сьвяточныя мерапрыемствы раённага ўзроўню, ня кажучы пра гарадзкі ці рэспубліканскі.

Праносіць усё можна: і пілачкі для пазногцяў, і манікюрныя наборы. Папросту мэталічныя рэчы будуць падлягаць агляду. Калі чалавек будзе праходзіць праз мэталадэтэктар, мы будзем ведаць, што ў яго ёсьць мэталічная рэч”.

Сёлета на масавыя мерапрыемствы нельга будзе браць з сабой сабак і нават хамячкоў. Забаронена прыносіць алькагольныя напоі, а таксама вялікія спартовыя сумкі і заплечнікі.

Акрамя таго, менская міліцыя будзе працаваць ва ўзмоцненым рэжыме. Міліцыянты ў цывільным і ў форме будуць сачыць за парадкам падчас канцэртаў у мікрараёнах цягам усяго дня.

У менскай міліцыі запэўнілі, што на мерапрыемства можна будзе прыходзіць зь дзецьмі рознага ўзросту.

Міліцыянты сьцьвярджаюць, што людзей нападпітку ў натоўп прапускаць ня будуць.

Назіральнікі лічаць, што менчукоў на сьвяткаваньні будзе няшмат. Паколькі наперадзе чатыры выходныя дні і летняя гарачыня нарэшце зьмяніла халодныя дажджы, людзі паедуць адпачываць на лецішчы і азёры.

Пацярпелыя летась ад выбуху бомбы і іх сваякі яшчэ ня хутка захочуць трапіць на афіцыйнае масавае мерапрыемства. Людзі ня надта давяраюць дзеяньням праваахоўных органаў і пабойваюцца новага выбуху
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG