Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сувязі з канчатковай падрыхтоўкай да ваеннага параду, які адбудзецца ў Менску 3 ліпеня, істотна абмяжоўваецца рух у цэнтры гораду. Да позьняга вечара будзе закрыты рух транспарту на праспэкце Машэрава, а таксама на ўчастку ад праспэкту Пераможцаў да вуліцы Даўмана.

ФОТАГАЛЕРЭЯ

Між тым нязручнасьці, зьвязаныя з рэпэтыцыйным прагонам ваеннай тэхнікі, жыхары асобных кварталаў адчулі на сабе яшчэ раней. Перасоўваньне танкаў у раёне вуліц Багдановіча і Сурганава прывяло да таго, што зусім новы асфальт ператвораны ў “пральную дошку”. У сваю чаргу, дарожнікі кажуць, што да парадаў тэхніка павінна рыхтавацца адмыслова.

Вось ужо некалькі дзён “прасаваць” менскі асфальт танкавыя калёны пачынаюць у мікрараёне Ўручча. З ваеннай часткі цяжкая тэхніка “вылазіць” наўпрост на праспэкт Незалежнасьці, адкуль пачынаецца паход да месца параду 3 ліпеня. На скрыжаваньні праспэкту Незалежнасьці з вуліцай Сурганава танкі заварочваюць у бок праспэкту Машэрава, псуючы новае асфальтавае пакрыцьцё. На гэта скардзяцца перадусім кіроўцы, якія толькі тыдзень таму атрымалі нарэшце адрамантаваны кавалак дарогі ад вуліцы Якуба Коласа да плошчы Бангалор:

“На тым участку, што зусім нядаўна паклалі ад вуліцы Коласа да Сурганава, асфальт абсалютна пакоцалі. Вельмі адчувальная вібрацыя ад таго, што танк прайшоў і літаральна сплюшчыў трэкамі дарогу. Зьнешне пакрыцьцё нібыта не разбуранае, але пасьля гусеніц стала як пральная дошка. Едзеш на машыне — і гэткая дробная-дробная вібрацыя. Ад крамы “Рыга” да плошчы Бангалор гук з-пад колаў такі, нібыта едзеш па аб’ёмнай разьметцы на ўскрайку шашы. Канечне, гэта не па ўсёй шырыні дарогі, а месцамі, бо танкі ідуць жа строга па каляіне. І калі ў яе трапляеш, то вельмі адчувальна”.

Write Your Quote Here ...

Паводле спэцыялістаў дэпартамэнту “Белаўтадар”, кожны кілямэтар сучаснай аўтадарогі каштуе блізу 2 мільёнаў даляраў. Два аднабаковыя ўчасткі вуліцы Сурганава ў бок плошчы Бангалор будаўнікі рамантавалі ад мінулага году, уклаўшы ў аднаўленьне пакрыцьця як мінімум некалькі мільёнаў даляраў. Аднак цяпер, відавочна, давядзецца рэстаўраваць ужо адрамантаванае.

Начальнік упраўленьня ўтрыманьня дарожнай сеткі дэпартамэнту Аляксандар Галаўнёў не хавае крыўды, што да працы дарожнікаў такое абыякавае стаўленьне:
Калі амэрыканскія танкі ўвайшлі ў акупаваны Багдад, яны ішлі на гумовых падушках

“Мне дагэтуль падабаецца адзін здымак, на які я зьвярнуў увагу шмат гадоў таму. Калі амэрыканскія танкі ўвайшлі ў акупаваны Багдад, яны ішлі на гумовых падушках. І гэта акупанты па чужой краіне! Гэта да размовы пра тое, шкада працы ці не. Дык у нашым выпадку тэхніка яшчэ ішла ўначы. А калі падчас параду будзе 30 градусаў цяпла, то цяжка нават уявіць, што мы ўрэшце ўбачым. Ну ніяк нельга па асфальце езьдзіць на гусеніцах! І тое, што робяць гарадзкія ўлады, проста неперадавальна! Я ведаю, што ў Маскве для парадаў Кантэміраўскай дывізіі спэцыяльна абсталёўваецца тэхніка гусеніцамі з гумовымі пракладкамі, каб не псаваць асфальт. І тут, я лічу, вінаватыя менавіта гарадзкія ўлады. Парад парадам, але ж нельга дзеля гэтага гробіць працу і падаткі людзей. Яны ж ня ўласныя сродкі марнуюць, а гробяць нашы грошы”.

Між тым зацікаўленыя ведамствы ўскосна даюць зразумець: ваенны парад насамрэч можна аднесьці да форс-мажорных зьяваў, паколькі, як і стыхійнае бедзтва, спыніць яго немагчыма.

У прэсавай службе Менгарвыканкаму сьцьвярджаюць, што маршрут перасоўваньня ваеннай тэхнікі выпрацоўвае Міністэрства абароны, пасьля чаго ён узгадняецца зь іншымі дзяржаўнымі структурамі. У абаронным ведамстве нюансаў не разгалошваюць, бо мерапрыемствы такога ўзроўню — кампэтэнцыя вышэйшага кіраўніцтва краіны. Дарожныя ж службы проста канстатуюць, што да праходжаньня цяжкой тэхнікі ня маюць ніякага дачыненьня і толькі выконваюць вышэйшыя загады.

Дык ці існуюць папярэднія дамоўленасьці на псаваньне дарогаў дзеля дэманстрацыі ваеннай магутнасьці? Вось што адзначае колішні кіраўнік жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Менскага гарвыканкаму Іван Анташкевіч:

“Тут ніякіх дамоўленасьцяў не існуе, паколькі ёсьць адпаведны загад. Натуральна, гарвыканкам зацікаўлены, каб ваенныя пакрыцьцё не псавалі, і я мяркую, што з боку Мінабароны робіцца ўсё дзеля таго, каб не псаваць — у рамках тэхнічных магчымасьцяў. А як ужо атрымліваецца на справе — ніколі няма яснасьці, бо перасоўваньне такой тэхнікі праз горад адназначна не прадугледжана. Але ў любым выпадку, калі штосьці і будзе сапсавана, то ўсе выдаткі ад мерапрыемства горад будзе зьліквідоўваць самастойна, за кошт мясцовага бюджэту”.

Карэспандэнт: “То бок наўрад ці рамонт будзе весьціся за сродкі Мінабароны?”

“Не, бо ніхто з вайсковым ведамствам спрачацца і тым больш судзіцца ня будзе. Такая практыка, дарэчы, цягнецца яшчэ ад савецкіх часоў”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG