Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Дракахруст: Беларуская супольнасьць выжыве


Юры Дракахруст

Юры Дракахруст

Выйшла 16-я кніга з сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе” — “Акцэнты Свабоды” Юрыя Дракахруста. Гэтая кніга — зборнік выбраных перадачаў праграмы Беларускай службы Радыё Свабода “Праскі акцэнт”, якія выйшлі ў эфір у 2001—2008 гадох.


“Акцэнты Свабоды” — гэта палемічныя старонкі перадачы “Праскі акцэнт”. 62 экспэрты — палітыкі, палітолягі, філёзафы, праваабаронцы, журналісты — спрачаюцца пра парадоксы нацыі і дзяржаўнасьці, аўтарытарызм і дэмакратыю, Усход і Захад. І самае галоўнае — пра Беларусь ХХІ стагодзьдзя.

Распавядае аўтар кнігі Юры Дракахруст:

“Беларусь прарастае, як трава праз асфальт. Беларусь, Беларушчына захоплівае парадаксальным чынам нават тых людзей, якія ёй чужыя, якія мелі адносна яе нейкія свае пляны. У гэтым сэнсе мы бачым эвалюцыю Аляксандра Лукашэнкі, які пачынаў, нават калі стаў прэзыдэнтам, зь нейкага ўяўленьня пра тое, што Беларусь — гэта нейкая недарэчнасьць. Зьбег абставінаў, хітрасьць, іронія прымусілі яго захоўваць Беларусь”.

Шэф-рэдактару “Нашай Нівы” Андрэю Дынько самому неаднаразова даводзілася ўдзельнічаць у праграмах “Праскі акцэнт”:

“Юрыю Дракахрусту ўдаецца ў сваёй праграме зводзіць людзей процілеглых палітычных поглядаў, культураў і пакаленьняў — вось што важна. У яго выходзіць пляцоўка для дыялёгу ў лепшай форме, на ёй тчэцца рэальны палітычны кантэкст. Гэта бліскучае ток-шоў. Цікава пабачыць, ці ўдалося аўтару гэтых ток-шоў зафіксаваць гэты ток на паперы”.

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі параіў выкладчыкам факультэту журналістыкі выкарыстоўваць “Акцэнты Свабоды” як дапаможнік. На яго думку, гэта ўзор прафэсійнага мэдыяпрадукту:

“Паколькі я сам журналіст, то выдатна ўяўляю, якая катаржная праца стаіць за гэтай процьмай перадач такога складанага, я б сказаў, нэрвовага фармату. Там вялікая галерэя выступоўцаў, але ўсе гэтыя пярэстыя сюжэты, россыпы развагаў зьнітаваныя інтэлектам і майстэрствам вядоўцы. З аднаго боку, ён пазьбягае такой эмацыйнай ангажаванасьці, ня цісьне на суразмоўцаў, але разам з тым не праміне, напрыклад, дасьціпна зрэзаць нейкага аматара звонкай, але пустой фразы. І ён заўжды ўчэпіста трымае дыскусію ў сваім інтэлектуальным сілавым полі. Таму гэты зборнік я зь лёгкай душой раіў бы як дапаможнік для журфаку”.

Аўтар “Акцэнтаў Свабоды” Юры Дракахруст перакананы: кніга дыхае гістарычным аптымізмам:

“Беларуская супольнасьць выжыве. У яе зьяўляюцца новыя сілы. У гэтым сэнсе яна аптымістычная. У тым сэнсе, што штосьці хуценька здарыцца, з заўтра на пасьлязаўтра — такога аптымізму яна не дае. І, я кажу, менавіта таму, што гэта не адна асобная перадача. У гэтай кніжцы мы бачым пэрспэктыву. І, больш за тое, людзі прагназуюць нейкія падзеі, але мы ўжо ведаем, чытач ужо ведае, чым яно насамрэч скончылася”.
XS
SM
MD
LG