Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Гэтая кніга – паліфанія меркаваньняў наконт Беларусі"


Выйшла 16-я кніга з сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе” “Акцэнты Свабоды” Юрыя Дракахруста. Гэтая кніга — зборнік выбраных перадачаў праграмы Беларускай службы Радыё Свабода «Праскі акцэнт», якія выйшлі ў эфір у 2001—2008 гадох.


Віктар Марціновіч, намесьнік рэдактара “Белгазеты”:

““Беларуская палітычная культура – гэта культура маўчаньня. Усе самыя моцныя, самыя дурныя, самыя страшныя і самыя сьмешныя рэчы ў Беларусі робяцца моўчкі. На просьбу аб інтэрвію ты ў дзьвюх трацінах выпадкаў тут атрымліваеш адмову.

Усё ад таго, што Беларусь – гэта прастора маналёгу. Вось ужо паўтара дзясятка гадоў у ёй гучыць адзіны голас. Усе, хто – НЯ ГЭТЫ ГОЛАС, вымушаныя маўчаць.

У гэтым сэнсе кніга “Акцэнты Свабоды” для разуменьня таго, што ёсьць Беларусь у шырокім сэнсе і што ёсьць беларуская палітыка ў сэнсе больш вузкім, робіць куды больш, чым калі б яе аўтар, зубр беларускага палітычнага дыскурсу Юры Дракахруст, сеў і проста напісаў нейкі тэкст, нейкую мэтанарацыю, якая тлумачыць усё. Таму што гэтая кніга – шматгалосьсе. Паліфанія меркаваньняў наконт Беларусі. Гэтая кніга – спрэчкі і дыскусіі розных людзей, якія, не напаткаўшы Дракахруста, - працягвалі б рабіць свае моцныя, дурныя, страшныя і сьмешныя рэчы – моўчкі.

Роля аўтара гэтай кнігі абсалютна постмадэрнісцкая. Як Уорхал усьвядоміў, што ўсё, што трэба, ужо зьнята і намалявана, трэба толькі крыху “падыджэіць”, склеіўшы ўжо існыя вобразы, як дадаісты зразумелі, што Джаконда ўжо ёсьць, трэба толькі ўзяць і прыляпіць да яе вусы, Юра ўзяў усіх нас, герояў сваёй кнігі, і прыляпіў да нас вусы. Дакладней, сваю бараду.

У кнізе мы гаворым так, як прыдумаў аўтар. Па вялікім рахунку, усе мы, “гаварашчыя галовы” Беларусі, прыдуманыя Юрыем Дракахрустам. Безь яго было б толькі яшчэ некалькі гадзінаў эфірнага маўчаньня. Толькі чарговая порцыя глупстваў, зробленых бяз словаў”.
XS
SM
MD
LG