Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва і Беларусь будуць разам ва “Ўсходнім партнэрстве”


Літва і Беларусь хочуць рэалізаваць некалькі супольных праектаў у рамках праграмы “Ўсходняе партнэрства”. Пра гэта сёньня паведамілі намесьнік міністра замежных спраў Літвы Эвалдас Ігнатавічус і ягоны беларускі калега Валер Варанецкі пасьля заканчэньня ў Менску чарговага раўнду перамоваў паміж прадстаўнікамі двух міністэрстваў.

Эвалдас Ігнатавічус сказаў журналістам, што “Ўсходняе партнэрства” адкрывае новыя магчымасьці для супольнай працы Літвы і Беларусі. Ён акрэсьліў асноўныя сфэры супрацоўніцтва. Гэта — энэргетыка, транспарт, экалёгія.

“Калі казаць канкрэтна, гэта, вядома, разьвіцьцё аўтамагістралі Клайпеда — Менск, потым у кірунку Кіева, камбінаваны цягнік „Вікінг“, уключэньне Літвы і Беларусі ў транспартны калідор Усход — Захад. І, канечне, трэба мадэрнізаваць памежныя і мытныя пераходы, спрасьціць працэдуру іх праходжаньня. Экалёгія, найперш, тычыцца ракі Нёман. А ад экалёгіі можна пераходзіць да турызму. Нёман адкрывае магчымасьці воднага турызму, уключаючы Літву, Польшчу, Беларусь і Калінінградзкую вобласьць”.

Роля Літвы як непасрэднай суседкі Беларусі пасьля прыняцьця праграмы “Ўсходняе партнэрства” робіцца яшчэ больш важнай, лічыць палітоляг, старшыня Беларускага Шуманаўскага таварыства Ігар Лялькоў:

“Літва можа быць (разам з Польшчай) адной з краінаў, якая будзе наўпрост супрацоўнічаць зь Беларусьсю ў рамках „Усходняга партнэрства“. Таму што наўпроставая праца, прыкладам, з Партугаліяй альбо Мальтай наўрад ці магчымая ў заўважных маштабах. А што тычыцца Літвы і Польшчы, дык тут праекты, якія зьвязаныя з эканамічнай супрацай з Эўразьвязам, найперш у энэргетычнай галіне, цалкам магчымыя. І Літва, і Польшча могуць стаць іхнымі асноўнымі ўдзельнікамі з боку Эўразьвязу”.

Сустаршыня Палітрады Аб’яднаных дэмсілаў Анатоль Лябедзька пазаўчора сустракаўся з групай дэпутатаў літоўскага сойму, якія прыяжджалі ў Менск. Падчас размовы яны пацьвердзілі жаданьне Літвы інтэграваць Беларусь у эўрапейскія праграмы, асабліва сумесныя. Беларускія апазыцыянэры таксама хацелі б далучыцца да гэтай працы, цьвердзіць спадар Лябедзька:

Анатоль Лябедзька
“Для нас вельмі важна, каб у распрацоўцы такіх праектаў удзельнічалі і экспэрты аб’яднаных дэмакратычных сілаў. І пра гэта мы размаўлялі і ў МЗС Літвы, і з дэпутатамі розных фракцыяў літоўскага сойму. Калі гэты прынцып будзе захаваны, то я думаю, што можа быць пэўная пэрспэктыва. Рэсурсаў у праграме ня так шмат, але пад невялікія праекты можна разьлічваць на выдзяленьне рэсурсаў. І калі гэта атрымаецца пасьпяхова, то за імі могуць прыйсьці і прыватныя інвэстыцыі”.

26 чэрвеня ў Горадні плянуецца сустрэча кіраўнікоў урадаў Беларусі і Літвы. Прэм’еры таксама будуць абмяркоўваць сумесную працу ва “Ўсходнім партнэрстве”.
XS
SM
MD
LG