Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусь набліжаецца да Балтыкі


Ад 1 ліпеня Беларусь атрымае статус краіны-назіральніцы ў Радзе дзяржаў Балтыйскага мора (РДБМ).


З гэтай нагоды намесьнік кіраўніка МЗС Літвы Жыгімантас Павілёніс вітаў у Вільні прадстаўнікоў Беларусі, а таксама Гішпаніі і Румыніі, які таксама атрымалі аналягічны статус, падае сайт літоўскага замежнапалітычнага ведамства.

На сустрэчы, якая ладзілася ў гонар пачатку старшынства Літвы ў РДБМ , спадар Павілёніс прадставіў сябрам і назіральнікам арганізацыі асноўныя прыярытэты літоўскага старшынства: інавацыі, транспамежнае супрацоўніцтва, сумесныя дзеяньні ў галіне бясьпекі і экалёгіі.

Павілёніс выказаў упэўненасьць, што Беларусь цяпер будзе шырэй супрацоўнічаць з краінамі балтыйскага рэгіёну.

На сустрэчы падкрэсьлівалася, што балтыйскія дзяржавы надаюць вялікае значэньне каапэрацыі з краінамі-назіральніцамі, асабліва ў такіх напрамках, як барацьба з гандлем людзьмі, правы дзяцей, радыелягічная і ядзерная бясьпека ў рэгіёне.

Старшынства Літвы ў РДБМ пачнецца 1 ліпеня 2009-га і скончыцца 30 чэрвеня 2010 году.

Рада дзяржаў Балтыйскага мора была створана ў 1992 годзе.

Цяпер у яе склад уваходзяць 11 краін: Данія, Ісьляндыя, Латвія, Літва, Нарвэгія, Нямеччына, Польшча, Расея, Фінляндыя, Швэцыя, Эстонія. Статус назіральнікаў маюць Беларусь, Вялікабрытанія, Гішпанія, ЗША, Італія, Нідэрлянды, Румынія, Славаччына, Украіна і Францыя.
XS
SM
MD
LG