Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейская рада замежных адносін (European Council on Foreign Relations) — агульнаэўрапейскі think tank, які займаецца дасьледаваньнем замежнай палітыкі Эўразьвязу — нядаўна апублікавала досьлед пра магчымасьці і абмежаваньні супрацоўніцтва Эўразьвязу з шасьцю постсавецкімі краінамі, якія ў траўні ў Празе падпісалі дэклярацыю аб далучэньні да Ўсходняга партнэрства.

Высновы аўтараў досьледу, Ніку Папэску і Эндру Ўілсана, несуцяшальныя. Паводле іх, шэсьць усходніх суседзяў Эўразьвязу і ўдзельнікаў Усходняга партнэрства — Беларусь, Украіна, Малдова, Грузія, Армэнія і Азэрбайджан — апынуліся ў абставінах найгоршага эканамічнага крызісу і палітычнага замяшаньня ад 1991 году, калі гэтыя былыя савецкія рэспублікі сталі незалежнымі.

Чаго Эўропе баяцца Ва Ўсходнім партнэрстве?

Папэску і Ўілсан прыгадваюць леташнюю расейска-грузінскую вайну і тое, што расейскія танкі стаяць напагатове ўсяго за 100 кілямэтраў ад грузінскай сталіцы. Яны таксама згадваюць газавую вайну Ўкраіны з Расеяй у студзені, нядаўні падпал малдаўскага парлямэнту і далёкія ад дэмакратычнасьці выбары ў Армэніі ў траўні. Аўтарытарныя Азэрбайджан і Беларусь, паводле аўтараў досьледу, хоць і выглядаюць унутрана стабільнымі краінамі, у замежнай палітыцы перажываюць вельмі гарачы час — Баку пераарыентоўвае сваю энэргетычную палітыку ў бок Масквы, а Менск паварочвае штораз мацней на Захад па меры таго, як канчаюцца яго фінансавыя рэсурсы.

Досьлед агульна сьцьвярджае, што ўсходнія суседзі Эўразьвязу церпяць ад трох тыпаў немачы. Першы тып зьвязаны з крызысам дзяржаўнасьці, калі дзяржаўны мэханізм знутры разьядае карупцыя і сэпаратысцкія рэгіянальныя тэндэнцыі. Другі тып зьвязаны з памкненьнямі Расеі адбудаваць сваю зону ўплыву і падарваць сувэрэннасьць усходніх суседзяў Эўразьвязу. А трэці тып зьвязаны з глябальным эканамічным крызісам, які пагражае гэтым постсавецкім суседзям каляпсам эканомікі, калі не дзяржаўнасьці.

Дужаньне з Расеяй

Папэску і Ўілсан глядзяць на шэсьць краін Усходняга партнэрства праз прызму палітычнага суперніцтва паміж Эўразьвязам і Расеяй. На іх думку, у цяперашніх абставінах больш шанцаў выйграць у гэтым суперніцтве мае Расея.

Пэрспэктыва поўнага членства ў Эўразьвязе надалей захоўвае вялікую сілу прыцягненьня для постсавецкіх краінаў, але Эўразьвяз, паводле аўтараў, марнуе гэты патэнцыял прыцягальнасьці, не гарантуючы такой пэрспэктывы краінам Усходняга партнэрства і не падкрэсьліваючы іх эўрапейскай ідэнтычнасьці (даклад нагадвае, што ў дэклярацыі аб Усходнім партнэрстве, падпісанай у Празе ў траўні, заходнеэўрапейскія краіны прыбралі першапачатковую фармулёўку "эўрапейскія краіны" ў адносінах да ўсходніх суседзяў, замяніўшы яе больш нэўтральным акрэсьленьнем "краіны-партнэры").

З другога боку, адзначаюць Папэску і Ўілсан, Расея на кожным кроку не вагаецца скарыстоўваць рыторыку аб братэрстве з былымі постсавецкімі краінамі.

Эканамічна Эўразьвяз нібыта выйграé — аб’ём гандлю ва ўсіх краінах Ўсходняга партнэрства, за выняткам Беларусі, большы з Эўразьвязам, чым з Расеяй. Але даклад зьвяртае ўвагу на тое, што Расея лепш выкарыстоўвае свой эканамічны патэнцыял, каб здабыць палітычны ўплыў у сваім суседзтве. "Расея засяроджвае свае інвэстыцыі ў стратэгічных сфэрах, такіх як інфраструктура і энэргія. Краінам можна жыць бяз мэблі IKEA, але нельга бяз газу”, — сьцьвярджаюць Папэску і Ўілсан.

Бяз лёгкіх візаў справа далёка ня зойдзе

Але найбольш шкоды стасункам Эўразьвязу з усходнімі суседзямі, на думку аўтараў, прыносіць рэстрыктыўная візавая палітыка. А Расея, дадаюць яны, празь бязьвізавы рэжым з суседнімі краінамі ды дазвол грамадзянам гэтай краіны працаваць у расейскай эканоміцы стварае моцную сувязь паміж сабою і былымі савецкімі рэспублікамі.

Даклад адзначае таксама відавочны факт перавагі Расеі над Эўразьвязам у мэдыяльнай сфэры постсавецкіх краінаў.

Якія рэкамэндацыі аўтары дакладу даюць Эўразьвязу дзеля пабольшаньня свайго ўплыву ва ўсходнім суседзтве?

Па-першае, яны раяць лібэралізаваць візавы рэжым з усходнімі краінамі. Украіна і Малдова павінны атрымаць "дарожныя мапы" адносна руху да поўнай адмены візавага рэжыму. Каўкаскім краінам і Беларусі Эўразьвяз павінен прапанаваць візавыя палёгкі для такіх катэгорый грамадзянаў як журналісты, бізнэсмэны і студэнты. Візавыя аплаты павінны быць адмененыя для ўсіх краінаў Усходняга партнэрства на пэрыяд перамоваў аб заключэньні пагадненьняў аб новых візавых правілах.

Па-другое, Эўразьвяз павінен больш актыўна заняцца прадухіленьнем палітычных ды эканамічных крызісаў у сваім усходнім суседзтве, выкарыстоўваючы як палітычныя, так і эканамічныя захады і стымулы.

Па-трэцяе, Папэску і Ўілсан прапануюць Эўразьвязу больш актыўна супрацоўнічаць з Расеяй у вырашэньні пытаньняў бясьпекі ва ўсходнім рэгіёне. У прыватнасьці, яны раяць Брусэлю падтрымаць прапанову расейскага прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева наконт абмеркаваньня "новай эўрапейскай архітэктуры бясьпекі".

"Рэгіён Усходняга партнэрства цалкам адрозьніваецца ад рэгіёну тых усходнеэўрапейскіх дзяржаваў, якія пажадалі ўступіць у Эўразьвяз у 1990-х гадах", — сказаў Эндру Ўілсан нашаму радыё. — "Падабаецца гэта каму ці не, Расея зноў мае ўплыў у гэтым рэгіёне. І Расея выкарыстоўвае гэты ўплыў як у добрых, так і благіх мэтах. Эўразьвяз павінен засяродзіцца на супрацьстаяньні Расеі, калі яна выступае ў каральнай або разбуральнай ролі”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG