Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малочная помста


Да малочнай вайны падключыліся дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Сёньняшні нумар газэты “Советская Белоруссія” адкрываецца артыкулам “Страшная “месть”.

Газэта прэзыдэнцкай адміністрацыі называе галоўнага дзяржаўнага санітарнага доктара Расеі Генадзя Анішчанку “злым джынам”, “палітычным санітарам”, які “тупа гне сваю лінію”. Прэм’ер-міністра Расеі — “гаспадаром” і “лялькаводам”, а ўчорашняе пасяджэньне расейскага ўраду — “ток-шоў”. Масква, як гаворыцца ў артыкуле, — ініцыятарка “малочнай вайны”, гэтай “штучнай чартаўшчыны”. Таксама газэта адзначае, што “на сёньняшні дзень канфлікт далёкі ад завяршэньня”. Братэрства паміж Беларусьсю і Расеяй параўноўваецца з братэрствам Каіна і Авеля. Чаму малочная вайна працягвае палітызавацца? Палітоляг Аляксандар Класкоўскі адзначыў:

Аляксандар Класкоўскі
“Беларускае кіраўніцтва заўжды выкарыстоўвае падуладныя мэдыі як зброю. А паколькі пэрыядычна паміж Менскам і Масквой выбухаюць менавіта інфармацыйныя войны, натуральна, што гэтая зброя адкрывае агонь на паразу, б’е з усіх калібраў. Апроч таго, Менску выгадна як мага большы рэзананс надаваць гэтаму канфлікту, прычым падкрэсьліваць палітычную подбіўку. Гэта такая апэляцыя да Захаду. Маўляў, глядзіце, мы пайшлі з вамі на збліжэньне і зараз мы за гэта атрымліваем па поўнай праграме”.

У зьвязку з публічнымі выказваньнямі афіцыйных асобаў Беларусі, а таксама камэнтарамі афіцыйных мэдыяў Генадзь Анішчанка выказаў сумнеў у кампэтэнтнасьці беларускай дэлегацыі, якая прыехала на перамовы ў Маскву. У складзе дэлегацыі — намесьнік міністра сельскай гаспадаркі Міхаіл Савельеў. Да яго ў Маскву ўдалося датэлефанавацца. Аднак ён сказаў, што перамовы яшчэ ня скончыліся і ён не дае інтэрвію.

“Я ні пра што ня буду гаварыць, пакуль не завяршу перамовы. Да заканчэньня перамоваў я не даю інтэрвію ніякім СМІ”.

Распавесьці пра вынікі перамоваў зь беларускім бокам у “Роспотребнадзоры” таксама адмовіліся. Прэсавая сакратарка Любоў Варапаева параіла зьвярнуцца да інфармацыі на афіцыйным сайце. А там гаворыцца, што “Роспотребнадзор” забараніў “фактычна поўнасьцю” да асобага распараджэньня ўвоз малочнай прадукцыі на тэрыторыю Беларусі. Яна не адпавядае патрабаваньням тэхнічнага рэглямэнту, што становіць “непасрэдную пагрозу нанясеньня шкоды жыцьцю, здароўю грамадзянаў”. Спадарыня Варапаева таксама сказала: “Роспотребнадзор” не камэнтуе таго, што пішуць беларускія мэдыі.

“Па гэтым пытаньні ніякіх камэнтароў не даем. Багата іншых праблемаў. Для нас зараз асноўнае — летні адпачынак дзяцей. Калі вы бачыце недахоп кісламалочных прадуктаў у крамах, зайдзіце ў іншую краму. Усе паліцы забітыя. Бярыце што хочаце”.

Не камэнтуюць сытуацыю і ў беларускім дзяржкамітэце па стандартызацыі — таксама “да заканчэньня перамоваў”.

Паводле палітоляга Аляксандра Класкоўскага, наўрад ці канфлікт скончыцца сёньня.

“Калі зараз Масква пачне крыху адкручваць назад сытуацыю, то гэта будзе выглядаць стратай твару. Нібыта спалохаліся шантажу. Гэтаксама і беларускі бок закусіў цуглі і зараз ужо ідзе ва-банк. Гэта ўжо законы эскаляцыі любога канфлікту”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG