Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малочныя перамовы абпекліся на паўнамоцтвах


Генадзь Анішчанка

Генадзь Анішчанка

“Россельхознадзор” ня будзе весьці перамоваў, пакуль ня будуць удакладненыя паўнамоцтвы беларускай дэлегацыі.


“Учорашні раўнд перамоваў дазволіў сур’ёзна прасунуцца ў пытаньнях пастаўкі на расейскі рынак беларускай малочнай прадукцыі.... Аднак у зьвязку з публічнымі выказваньнямі афіцыйных асобаў Беларусі, а таксама камэнтарамі афіцыйных СМІ ў нас зьявіліся падставы сумнявацца ў кампэтэнтнасьці дэлегацыі, якая вядзе перамовы пра допуск на расейскі рынак беларускіх малочных прадуктаў”, - заявіў тэлеканалу "Вести 24" галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Расеі Генадзь Анішчанка.

Ён дадаў, што перамовы прыпыненыя, пакуль ня будуць высьветленыя паўнамоцтвы беларускай дэлегацыі.

Цягам 6 і 9 чэрвеня на загад расейскага ведамства кантролю якасьці прадуктаў “Роспотребнадзор” забароненыя пастаўкі больш чым тысячы найменьняў малочнай прадукцыі зь Беларусі. Крок патлумачаны тым, што пры канцы 2008 году Расея ўвяла новы тэхнічны рэглямэнт на малако, у які беларуская прадукцыя ня ўпісваецца.

15 чэрвеня ў Маскву на перамовы з кіраўніцтвам “Роспотребнадзора” выправіліся прадстаўнікі зацікаўленых дзяржаўных структураў, а таксама беларускія вытворцы малака. Беларускія міністэрствы і ведамствы спадзяваліся цягам тыдня вырашыць спрэчную сытуацыю з пастаўкамі малочнай прадукцыі ў Расею, якая ўжо больш за тыдзень блякуе ўвоз на сваю тэрыторыю звыш тысячы найменьняў малочных вырабаў беларускай вытворчасьці.

Што да “камэнтароў афіцыйных СМІ”, то сёньня ў газэце “СБ Беларусь сегодня” зьявіўся перадавы артыкул “Страшная” помста” аўтарства Паўла Старадуба, дзе сярод іншага “раскрываецца” асоба высокапастаўленага ананіма, якога працытавала ўчора маскоўскае выданьне “Коммерсант”. Крамлёўскі ананім выказаў меркаваньне, што нібыта некаму ў Беларусі “надакучыла быць прэзыдэнтам”.

Павел Старадуб піша: “Мы ведаем і імя, і прозьвішча гэтай штатнай “крыніцы” ­ спадар П. – і ведаем яго нізкую ролю заўсёднага падпальшчыка”. Калюмніст СБ параўноўвае “Коммерсант” і яго неназваную крыніцу з Гёбэльсам і раіць ім ”зьвярнуцца да псыхіятра”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG