Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спробы дамовіцца пра аднаўленьне паставак беларускай малочнай прадукцыі для расейскага гандлю чарговым разам зайшлі ў тупік.


Галоўны дзяржаўны санітарны лекар Расеі Генадзь Анішчанка сёньня заявіў, што расейскі бок бярэ на няпэўны тэрмін тайм-аўт у перамовах. Падставай сталі крытычныя матэрыялы ў дзяржаўных мэдыях Беларусі, дзе зьневажаўся, у прыватнасьці, і сам Анішчанка — нібыта галоўны ініцыятар “малочнай вайны”. Таксама чыноўнік выказаў сумнеў у кампэтэнтнасьці беларускіх перамоўнікаў.

Напярэдадні Генадзь Анішчанка досыць аптымістычна ацэньваў шанцы на вяртаньне ў Расею вырабленага ў Беларусі малака. У інтэрвію праграме “Вести” на тэлеканале “Расея” ён заявіў: адбылося папярэдняе ўзгадненьне аб’ёмаў і асартымэнту прадукцыі зь беларускімі спэцыялістамі, а таксама вызначаны лябараторыі ў сумежных раёнах, дзе прадукцыя будзе праходзіць аналіз.

Аднак сёньня настрой кіраўніка “Роспотребнадзора” рэзка зьмяніўся. Анішчанка заявіў, што ў зьвязку з публічнымі выказваньнямі адказных асобаў Беларусі, а таксама абразьлівымі камэнтарамі афіцыйных СМІ зьявіліся падставы засумнявацца ў кампэтэнтнасьці беларускай дэлегацыі. “Дзеля вывучэньня новых акалічнасьцяў, узятых з публічных выказваньняў, перамовы прыпыняюцца”, — канстатаваў Анішчанка. Пасьля абвешчанага напярэдадні “некаторага прагрэсу” ён зноў заявіў пра недапушчальнасьць парушэньня расейскага заканадаўства:
пачынайце выконваць расейскі закон ...

“Што тычыцца парушэньняў, то пакуль мы гаворым пра парамэтры закону. Выйшаў тэхнічны рэглямэнт, падпісаны прэзыдэнтам. У гэтым законе Расеі прапісаныя ўсе санітарна-гігіенічныя патрабаваньні да малочнай прадукцыі, малочнакіслай прадукцыі. Гэта ўвогуле прынцыпова новы ўзровень працы ў Расеі. І вось калі выйшаў год таму рэглямэнт і мы праз паўгода кажам — ну нарэшце аксьціцеся, што ж вы вырабляеце, пачынайце выконваць расейскі закон — то гэта выклікае такую бурную рэакцыю! Ну, вы мяне прабачце!..”

Тым часам расейскія вытворцы малака пазыцыю “Роспотребнадзора” ўхваляюць, не хаваючы, што ўратаваць сельскую гаспадарку можна толькі захадамі супраць беларусаў. Многія наўпрост называюць сябе ахвярамі нядобрасумленнай канкурэнцыі, бо апошнім часам кошты на малочным рынку Расеі дыктуе Беларусь: у той час як дзяржаўныя грашовыя ўліваньні ў малочную галіну ў Расеі не перавышаюць 5%, у Беларусі такая дапамога складае 24%. У выніку беларуская прадукцыя рэалізуецца нават ніжэй за сабекошт. Да таго ж, як зазначае старшыня Расейскага нацыянальнага саюзу вытворцаў малака Андрэй Даніленка, беларусы апанавалі “саюзны рынак” за расейскія грошы:
сваімі грашыма мы нішчым уласную сельгасвытворчасьць ...

“Беларусь атрымлівае газ ад Расеі па йльготных коштах, атрымлівае крэдыты на йльготных умовах. Натуральна, гэта стварае фінансавыя магчымасьці для таго, каб Беларусь субсыдыявала — і вельмі сур’ёзна — сваіх сельгасвытворцаў. Айчынны, расейскі вытворца ў такіх умовах няздатны канкураваць. А калі ён ня можа канкураваць, значыць, ён мусіць прымаць рашэньне: альбо ісьці ў страты, альбо прыпыняць вытворчасьць. І, па сутнасьці, сваімі грашыма мы нішчым уласную сельгасвытворчасьць”.

У сваю чаргу, беларускі бок адкідае ўсе абвінавачаньні на свой адрас і працягвае настойваць на нядобрасумленнасьці менавіта Расеі. Так, у адказ на згортваньне перамоўнага працэсу міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў заклікаў Расею “не выкарыстоўваць нярынкавыя мэтады канкурэнцыі ў сытуацыі паставак беларускай малочнай прадукцыі”.

Ці магчыма дывэрсыфікаваць малочныя плыні? У структуры экспартных паставак беларускіх вытворцаў малака Расея займае больш за 90%. Ці чакаюць беларускую прадукцыю ў такіх аб’ёмах дзесьці яшчэ? Колішні кіраўнік рэспубліканскага камітэту прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу Беларусі Аляксандар Ярашук наконт магчымасьці геаграфічнай пераарыентацыі выказвае пэсымізм:

Аляксандар Ярашук
“Немагчыма гэтыя 93% рынку так разьмеркаваць, каб знайсьці ў такіх аб’ёмах месца на іншых рынках. Акрамя таго, трэба мець на ўвазе: гэта, вядома, ня рынкі Эўразьвязу. Колькі б мы ні гаварылі пра якасьць сваёй малочнай прадукцыі, толькі ў вельмі нязначнай ступені яна можа туды трапіць. У першую чаргу — паводле парамэтраў якасьці, а пагатоў канкурэнтаздольнасьці. Гаворка пра рынкі, значна больш далёкія, чым Расея. І гэтыя абставіны дазваляюць зрабіць выснову: прадукцыя будзе неадэкватна дарагой. Таму трэба мець на ўвазе рынак перадусім расейскі, але зусім іншыя павінны быць парамэтры канкурэнтаздольнасьці. То бок трэба прымаць вельмі няпростыя рашэньні на рэфармаваньне галіны, каб у сельскай гаспадарцы быў канкрэтны эканамічны інтарэс, каб урэшце прызнавалася прыватная ўласнасьць. Усё тое, што ў канчатковым выніку і павінна зрабіць галіну больш эфэктыўнай”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG