Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Завяршаюцца выпускныя экзамэны ў школах. Празь некалькі дзён пачынаецца цэнтралізаванае тэставаньне, па выніках якога будуць залічваць студэнтаў у вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны.

СЛУХАЦЬ:


Сёлета адбудуцца два выпускі: проста 11-я клясы, якія апошнімі вучыліся па 11-гадовай праграме, і 11-я “штрых”, якія меліся першымі вучыцца па праграме 12-годкі, але вымушаныя праходзіць год за два. Праўда, Міністэрства адукацыі сьцьвярджае, што выпускнікоў будзе не ўдвая, а ўсяго на 10% больш.


У лідэрах на цэнтралізаваным тэставаньні сёлета матэматыка — яе будуць здаваць 116 тысяч. На тэст па расейскай мове зарэгістравалася 110 тысяч (летась яе здавалі 107 тысяч). А вось колькасьць ахвотных здаваць беларускую сёлета зьменшылася — 65 тысяч супраць 68 тысяч летась.

У мінулым годзе вынікі тэставаньня былі, мякка кажучы, ня вельмі пасьпяховыя. Амаль палова выпускнікоў напісала матэматыку і траціна — расейскую мову менш чым на 20 балаў. Прычын такіх нізкіх паказьнікаў на цэнтралізаваным тэставаньні магло быць як мінімум тры: ці абсалютная бальшыня выпускнікоў вельмі слабая, ці настаўнікі дрэнна вучаць, ці тэсты занадта складаныя.

Вось тлумачэньне дырэктара Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалая Фяськова:

“Мы — ня школа. Чым наша ацэнка адрозьніваецца ад школьнай — там узровень вызначаюць, а мы ранжыруем. Мы ня вучым. Чаму дрэнна — дык гэта трэба запытацца ў тых, хто вучыць, калі дрэнна. Але гэта нават не паказьнік. Вы думаеце, што павінны па 100 балаў атрымаць? А гэта дрэнна”.

Па матэматыцы летась быў усталяваны мінімум для паступленьня ў ВНУ — 8 балаў, па мовах — 13 балаў.
Cёлета чыноўнікі і перастрахаваліся: у ВНУ дазволена паступаць усім, хто набярэ хаця б адзін бал са 100.
Таму сёлета чыноўнікі і перастрахаваліся: у ВНУ дазволена паступаць усім, хто набярэ хаця б адзін бал са 100. Да таго ж летась таксама вырашылі прывесьці ўсе гімназіі, ліцэі, школы да адной праграмы і забараніць спэцыялізацыю, кажа намесьнік начальніка ўпраўленьня сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Валянціна Маеўская:

“У адпаведнасьці з Дэкрэтам прэзыдэнта ад 17 ліпеня 2008 году ўсе прадметы вывучаюцца толькі на базавым узроўні. Гэта азначае, што ўсе вучні маюць аднолькавыя стартавыя магчымасьці”.

І настаўнікі, і бацькі, і самі абітурыенты ў адзін голас сьцьвярджалі, што добра здаць тэсты пасьля звычайнай школы, не займаючыся з рэпэтытарамі, немагчыма. Тэсты проста не адпавядаюць школьнай праграме. На думку леташняй абітурыенткі Юлі, якая ў школе вучылася вельмі добра і мае сярэдні бал атэстату 90, прычына ў тым, што…

“Мабыць, гэта таму, што структура тэстаў і фармулёўкі заданьняў вельмі адрозьніваюцца ад школьных кантрольных работ і ад выпускных экзамэнаў у школе”.

Настаўніца расейскай мовы спадарыня Сьвятлана на пытаньне, чаму выпускнікі так слаба напісалі тэсты, адказала так:

“Таму што школьная праграма абсалютна далёкая ад тэстаў. Таму што там зусім іншыя падыходы, зусім іншаму мы вучым. Таму так яны і здаюць. Я ня ведаю, што будзе сёлета, але я ня думаю, што будуць яны прасьцейшыя”.

Намесьнік начальніка ўпраўленьня сярэдняй адукацыі Мінадукацыі Валянціна Маеўская кажа, што зараз гэтыя неадпаведнасьці будуць улічаныя:

Па расейскай, па беларускай мовах яны не выходзяць за межы школьнай праграмы. Але колькі ў школе той самай мовы?
“Гэтыя праграмы распрацаваныя так, каб у зьмест іх увайшлі толькі тыя заданьні, тыя тэмы, якія вывучаюцца як у 11-й, так і ў 11-й „штрых“ клясе. А ўжо на падставе праграм для паступаючых у ВНУ распрацаваная спэцыфікацыя тэстаў, і ўсе тэсты будуць адпавядаць распрацаваным праграмам”.

Ці стануць сёлета тэставыя заданьні лягчэйшымі, прасьцейшымі?

Настаўніца Сьвятлана: “Яны ня будуць прасьцейшымі. Яны будуць проста па тых тэмах, якія быццам бы праходзяцца. А тых тэмаў, якія не пасьпелі прайсьці, іх ня будзе. Але гэта не азначае, што будзе прасьцей. Яны будуць глыбейшыя па тэмах, але яны ня будуць лягчэйшымі. Па расейскай, па беларускай мовах яны не выходзяць за межы школьнай праграмы. Але колькі ў школе той самай мовы? Дзьве, адна гадзіна на тыдзень”.

Па-ранейшаму па так званых гуманітарных прадметах тэсты застаюцца пісьмовымі. Летась заданьні па прадмеце “Чалавек. Грамадзтва. Дзяржава” выклікалі сур’ёзную крытыку: на кожнае пытаньне было па 4 варыянты адказу, прычым правільных магло быць некалькі. Выпускніца Юля распавядае:

Гэтыя штрых-клясы — наагул страчанае пакаленьне.
“Грамадазнаўства — увогуле такі прадмет, у якім ня можа быць толькі аднаго погляду на праблему. Гэта прадмет усё ж такі вусны. Калі спрабуюць яго ўціснуць у рамкі тэсту, заўсёды будуць вельмі складаныя моманты, якія ня вельмі зразумелыя нават для настаўніка. Я лічу, што такія прадметы, як грамадазнаўства, гісторыя Беларусі павінны здавацца ў форме вуснага экзамэну. Некаторыя заданьні там сфармуляваныя ня вельмі канкрэтна. І складанасьці выклікае ня ўзровень цяжкасьці самога тэсту, а тое, што на некаторыя пытаньні можна даць два, а часам і тры адказы”.

І хоць чыноўнікі ад адукацыі цьвердзяць пра роўныя ўмовы для ўсіх, выпускнікі 11-х “штрых” клясаў у найбольш незайздросным становішчы: яны былі вымушаныя за год адолець праграму двух гадоў. Настаўніца спадарыня Сьвятлана кажа:

“Гэтыя штрых-клясы — наагул страчанае пакаленьне. Яны наагул шмат не пасьпелі. Гэта былі дзеці рэформы з самага пачатку. Паколькі ім два гады за год трэба было засвоіць, там наагул і колькасьць гадзінаў іншая. Штрых-клясы традыцыйна слабей здаюць”.

Нягледзячы на просьбы абітурыентаў, бацькоў, настаўнікаў дазволіць павялічыць колькасьць тэстаў хаця б на адзін, каб у абітурыентаў была магчымасьць пасьля здачы выбіраць спэцыяльнасьць зь дзьвюх-трох, чыноўнікі на гэта не пайшлі. Па-ранейшаму можна здаць толькі тры прадметы: маўляў, у выпускным клясе школьнікі павінны канчаткова вызначыцца з выбарам прафэсіі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG