Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выпускны баль будзе каштаваць мінімум 100 даляраў


На выпускным балі дзяўчаты мараць быць сапраўднымі прынцэсамі, а хлопцы — прынцамі.

На выпускным балі дзяўчаты мараць быць сапраўднымі прынцэсамі, а хлопцы — прынцамі.

Сёлета сярэднюю школу скончаць каля 107 тысяч выпускнікоў — на 17 тысяч больш, чым летась. Наперадзе выпускныя іспыты, цэнтралізаванае тэставаньне. А потым — выпускныя балі. Як рыхтуюцца бацькі і выпускнікі да першага балю, у якую капейчыну абыдзецца сьвята, ці будзе сьпіртное?

Школьныя выпускныя вечары ў Менску сёлета дазволена праводзіць толькі ў школах і “ў выключных выпадках” — ва ўстановах культуры. Праводзіць вечары ў кавярнях, рэстаранах, барах забаронена. Балі пройдуць 12 чэрвеня, і зноў жа “ў выключных выпадках” (з адмысловага дазволу, калі ў школах шмат выпускных клясаў) — 13 чэрвеня. Падчас баляў у школах, ліцэях, гімназіях сьпіртное забаронена ня толькі для выпускнікоў, але і для ўсіх прысутных. Акрамя таго, 12 чэрвеня ў Менску будзе абмежаваны продаж сьпіртнога ў розьнічным гандлі.

Начальнік Упраўленьня выхаваўчай работы Міністэрства адукацыі Віктар Якжык распавёў:

“Вядома ж, традыцыйна штогод расьпіцьця сьпіртных напояў на такіх мерапрыемствах не было. Што тычыцца сьвяткаваньня ў школах са сьпіртнымі напоямі, то гэтага не было ніколі дазволена”.

Аднак маладэчанская настаўніца спадарыня Тацяна, за плячыма ў якой не адзін выпуск, пярэчыць: не зважаючы на ўсе забароны, усё адно на выпускных безь сьпіртнога не абыходзіцца:

Канечне, п’юць. Усе п’юць. Калі там зьбіраюцца бацькі, якія дзеля гэтага туды прыйшлі.
“Канечне, п’юць. Усе п’юць. Калі там зьбіраюцца бацькі, якія дзеля гэтага туды прыйшлі. Віно ў пакунках ад соку. А афіцыйна, канечне, „усё ў шакалядзе“. Афіцыйна — канечне, ніхто ня п’е, пад адказнасьць дырэктара пішацца загад пра тое, што таварыш дырэктар адказвае за любыя спробы. Час дзяжурства настаўніцкага і бацькоўскага патруля. Афіцыйна — у нас толькі салодкі стол, і ёсьць загад, што дырэктар нясе пэрсанальную адказнасьць за нерасьпіцьцё сьпіртных напояў”.

Няўжо сёлета ўсе выпускныя будуць праходзіць у будынках школ? Гутару з маці выпускніка адной з прэстыжных школ спадарыняй Натальляй:

“У Менску наагул усе вычвараюцца, хто як можа. І Палац Рэспублікі арандуюць, і ўсе дамы культуры, і Палац моладзі, Белсаўпроф. Меркавалася, што рэстарацыі і кафэ, але ў Менску гэта забаранілі. Але, я кажу, у Менску вычвараюцца…”

Што да традыцыйнага зьбіраньня грошай на экзамэны, Міністэрства адукацыі разаслала лісты ва ўсе школы з катэгарычнай забаронай усялякіх пабораў, кажа настаўніца з Маладэчна спадарыня Тацяна:

“Грошы не зьбіраюць, асабліва на экзамэны — нам былі тэлефанаваньні: забараняецца зьбіраць грошы. Калі дзеці самі пажадаюць букецік кветак прынесьці — гэта можна. А так забараняецца штосьці зьбіраць, шакалядка — гэта ўжо хабар.
На выпускныя — толькі па жаданьні салодкі стол. Але ўсё адно ўсе робяць…
І на выпускныя — толькі па жаданьні салодкі стол. Але ўсё адно ўсе робяць…”

Маці сёлетняга выпускніка спадарыня Натальля прызнаецца, у якую суму абыдзецца выпускны баль:

“На бацькоўскіх камітэтах вырашылі зьбіраць па 100 даляраў. У гэтую суму ўваходзяць кветкі на экзамэны, падарунак школе, арэнда залі — у нас выпускны будзе ў Доме культуры вэтэранаў, і салодкі стол для дзяцей. Бацькі сюды не ўваходзяць. Бацькі, якія хочуць застацца на “выпівон”, павінны здаваць грошы дадаткова. Колькі — пакуль яшчэ ніхто не казаў”.

Натуральна, выпускны баль павінен стаць сьвятам для выпускнікоў, кажа чыноўнік Міністэрства адукацыі Віктар Якжык. Але кантроль усё адно неабходны:

“Пазыцыя такая: канечне ж, сьвята для выпускнікоў павінна быць, каб сапраўды выпускны вечар запомніўся. І запомніўся ня тым, што ўпершыню паспыталі сьпіртныя напоі разам з дарослымі. Што тычыцца месцаў, то гэта рашэньне Менгарвыканкаму і мясцовых органаў улады. Кантроль павінен быць”.

Цікаўлюся ў выпускніцы адной зь менскіх гімназіяў Віялеты, ці набыла яна сьвяточны строй на выпускны:

“Сукенку купіла, а туфлі — яшчэ не. Абышлося прыкладна ў 140 даляраў”.

Карэспандэнтка: “А дзе ў вас будзе выпускны баль?”

“Выпускны ў нас будзе ў кінатэатры „Масква“. Спачатку канцэрт і ўручэньне атэстатаў, а потым — дыскатэка”.

Карэспандэнтка: “Па колькі зьбіраеце на выпускны?”

“Прыкладна па 100 даляраў”.

Натуральна, дзяўчаты мараць быць сапраўднымі прынцэсамі, таму бацькі і не шкадуюць ніякіх грошай на ўборы. Можа, хлопцы абыходзяцца бацькам таньней? Спадарыня Натальля распавяла пра кошты на гарнітуры для юнакоў:

“Каля Парку Чалюскінцаў — крама беларускіх гарнітураў. Я ўразілася, наколькі яны дарагія. Калі крыху папрыстойней — гарнітур ужо каштуе 800 тысяч. Калі браць ужо зусім просьценькія — то яны тысяч 400”.

Але, як прызналася спадарыня Натальля, юнакі цяпер таксама пераборлівыя, таму строй на выпускны давялося купляць у буціках:

“Пінжак мы яму ў „Панараме“ куплялі, штаны — у „Эўропе“, чаравікі таксама ў „Эўропе“, кашулю з гальштукам — у „Панараме“, так што гэта абышлося ня менш, чым абыходзіцца дзяўчатам”.

Сёлета школы, ліцэі і гімназіі Менску выпусьцяць амаль 17 тысяч навучэнцаў — на дзьве з паловай тысячы больш, чым летась. У краіне будзе звыш 107 тысяч выпускнікоў — на 17 тысяч больш. Бюджэтных жа месцаў у ВНУ больш ня стане. Так што сёлетнім выпускнікам давядзецца нялёгка…
XS
SM
MD
LG