Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”. Эфір 24 жніўня


Напярэдадні новага навучальнага году Міхась Скобла гутарыць са старшынём Таварыства беларускай школы, выкладчыкам Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка Алесем Лозкам.

Міхась Скобла: “Спадар Алесь, нядаўна Міністэрства адукацыі адрапартавала: стан усіх школаў у нашай краіне “добры ці здавальняючы”: можна пачынаць новы навучальны год. А які ў нас стан зь беларускамоўнай школьнай адукацыяй?”

Алесь Лозка:
“Сытуацыя на сёньня такая: у школах зь беларускай мовай навучаньня займаецца 20,9 % ад усіх школьнікаў. У 2004 іх было 24, 8%, у 2005 – 23,8%, у 2006 – 23, 3%, у 2007 – 21,5 %, і сёньня, як я ўжо сказаў, толькі 20, 9%. Такім чынам, дынаміка выразная: штогод колькасьць беларускіх школаў зьмяншаецца прыблізна на адзін адсотак. Калі гэткая тэндэнцыя захаваецца, то ўсяго праз дваццаць гадоў у Беларусі не застанецца ніводнай беларускай школы. Мы не павінны гэтага дапусьціць. Нібы саромеючыся прыведзеных вышэй лічбаў, Мінадукацыі на сваім афіцыйным сайце падае статыстыку толькі двухгадовай даўніны – за 2005/2006 навучальны год. Названыя лічбы падводзяць нас да крытычных межаў існаваньня нацыі. Па вызначэньні UNESСO, нацыя знаходзіцца на мяжы зьнікненьня, калі на роднай мове навучаюцца менш за 30% дзяцей. А мы ўжо даўно перасягнулі гэтую мяжу”.

Скобла: “Памятаю, нехта з чыноўнікаў Мінадукацыі “пажартаваў” у інтэрвію. Маўляў, “не перажывайце вы так за беларускія школы! Чым больш мы іх зачыняем, тым больш абітурыентаў на ўступных іспытах здае тэсты па-беларуску”. Гэта праўда?”

Лозка: “З аднаго боку, сапраўды, так і адбываецца. Абітурыенты выбіраюць найчасьцей беларускую мову, і гэтая лічба апошнім часам трошкі ўзрастае. У прадчуваньні нацыянальнай трагедыі ў народзе больш выразна сталі праяўляцца нацыянальныя пачуцьці й пратэстныя ўчынкі, асабліва ў моладзі. Штогод павялічваецца колькасьць тых, хто жадае здаваць тэсты па беларускай мове (летась – 87 000 абітурыентаў), у той час, як колькасьць выпускнікоў беларускіх школаў памяншаецца (каля 20 000 у мінулым годзе). Сёлета ўжо гэтыя паказчыкі зьменшыліся прыблізна на 3%. Затое тэсты па-беларуску здалі лепш, чым па-расейску: кожны трэці іспыт па расейскай мове завалены. Па гісторыі на беларускай мове праходзілі тэставаньне ў 2007 годзе 27 490 чалавек з 37 717 усіх абітурыентаў, сёлета – 22 тысячы з 28 479. Што да колькасьці абітурыентаў, якія абралі іспыты на роднай мове, то іх сёлета было 4%. І гэта нягледзячы на тое, што Міністэрства адукацыі перавяло выкладаньне гісторыі й геаграфіі на расейскую мову.

Гэтыя “аптымістычныя” паказчыкі я тлумачу тым, што яшчэ ня скончыўся паток дзяцей, якія пачыналі навучаньне ў школах зь беларускай мовай навучаньня. Яны яшчэ дыхалі паветрам свабоды, а сёньня гэтыя школьнікі ў выпускных клясах. І беларушчына ў іхніх душах засталася. Але з боку міністэрскага чыноўніка жарт выглядае цынічна. Міністэрства адукацыі павінна выконваць свае наўпроставыя функцыі – выхоўваць грамадзянаў незалежнай Беларусі, а не праводзіць русіфікацыю”.

Скобла: “Сёлета ўпершыню за многія гады пры паступленьні на філялягічны факультэт БДУ не было конкурсу. Ледзьве набралі патрэбную колькасьць студэнтаў. Чаму прафэсія настаўніка становіцца ўсё больш непрэстыжнай?”

Лозка: “Так, сапраўды, сёлета былі вельмі малыя конкурсы. Ажно ў адзінаццаці вышэйшых навучальных установах быў недабор на многія спэцыяльнасьці. Прычым, ня толькі на беларусазнаўчыя, але й на гісторыю, на ангельскую мову, на матэматыку, на фізыку. Чаму прафэсія пэдагога робіцца непрэстыжнай? А паглядзіце, якія ў настаўнікаў заробкі. У два-тры разы меншыя, чым у міліцыянтаў! Дзяржава ўвесь час эканоміць на настаўніках! Гэта адно. А другая прычына адсутнасьці конкурсаў у тым, што перад гэтым з высокіх трыбунаў было заяўлена, што гадзінаў у школах будзе менш, што дванаццатая кляса ў школах проста адмяняецца.

Між іншым, цікавы факт: як мы ведаем, з гэтага навучальнага году ў школах зусім ня будзе гэткага прадмету, як “Усясьветная мастацкая культура”. А наборы ў некаторых ВНУ на гэтую спэцыяльнасьць, як ні дзіўна, адбыліся! Напрошваецца пытаньне: што будучыя культуразнаўцы будуць выкладаць? Хутка ў нас у Пэдагагічным унівэрсытэце імя Максіма Танка пачнуцца заняткі, і мы, паводле навучальнага пляну, павінны будзем накіроўваць студэнтаў у школы на практыку. А куды накіроўваць, калі такога прадмету няма?! Дарэчы, пасьля гэтай псэўдарэформы ўзьнікла столькі праблемаў, столькі нявырашаных пытаньняў! Беларускія настаўнікі яшчэ схопяцца за галаву пасьля 1 верасьня”.

Скобла: “Вы згадалі пра скасаваны прадмет – усясьветную мастацкую культуру. А ці так ужо патрэбная яна ў звычайнай агульнаадукацыйнай школе?”

Лозка: “Вельмі патрэбная, асабліва нам, беларусам. Паглядзіце, у школах розных краінаў такі прадмет прысутнічае. Вазьміце Расею, там усясьветную мастацкую культуру вывучаюць. Кіраўніцтва Беларусі ня раз заяўляла, што Беларусь будзе інтэгравацца з Расеяй, браць зь яе прыклад. Дык вазьміце! У Расеі ёсьць гэты прадмет, а ў нас няма”.

Скобла: “Яшчэ адна заганная тэндэнцыя ў сфэры адукацыі: у беларускамоўных школах пачалі зьяўляцца расейскамоўныя клясы. Да чаго гэта можа прывесьці?”

Лозка: “Сапраўды, такое мае месца. Скажам, існуе беларускамоўная школа. І тут нейкаму чыноўніку хочацца стварыць у ёй расейскамоўную клясу. Ствараюць. І – праз некаторы час школа цалкам пераводзіцца на расейскамоўны рэжым. Так летась адбылося ў горадзе Глыбокім з СШ № 2. Так адбываецца па ўсёй Беларусі. І ў Менску таксама. Напрыклад, СШ № 190 была беларускамоўнай, стварылі расейскамоўную першую клясу, потым – другую, трэцюю, і – пайшло-паехала. Мы з гэтым, як можам, змагаемся”.

Скобла: “Рыхтуючыся да перадачы, я са зьдзіўленьнем даведаўся, што ў Беларусі існуе дзяржаўная “Праграма мераў па пашырэньні сфэры выкарыстаньня беларускай мовы ў сыстэме адукацыі”, зацьверджаная пастановай Міністэрства адукацыі ад 27 жніўня 2002 году. Аказваецца, ужо шэсьць гадоў дзейнічае адмысловая праграма. Ці ня дзейнічае?”

Лозка: “На жаль, гэтая праграма зусім ня дзейнічае. Але яна ёсьць, і яе ніхто не адмяняў. Праграма, дарэчы, нядрэнная, і калі б яна выконвалася, то праблемаў зь беларускамоўным навучаньнем у нас не было б. Але чыноўнікі ад адукацыі робяць выгляд, што такой праграмы няма”.

Скобла: “Каб не выконвалася адна дзяржаўная праграма, павінна быць нейкая контрпраграма, сфэра адукацыі – гэта ж сыстэма, дзе дзейнічаюць цыркуляры ды распараджэньні. Ці існуе нейкі дакумэнт, які дазваляе не выконваць праграму па падтрымцы роднай мовы?”

Лозка: “Магчыма, існуе, таму што пішуцца, часта ў таямніцы ад грамадзтва, новыя законы. Беларускае заканадаўства ўвогуле вельмі няпэўнае, многія нарматыўныя акты можна па-рознаму трактаваць. Часам чыноўнікі гэтым карыстаюцца й ўпарта, быццам выконваюць чыёсьці заданьне, пераводзяць нашу школу на расейскія рэйкі”.

Скобла: “Як ужо было сказана, апошнім часам выкладаньне гісторыі Беларусі ў беларускіх школах мае адбывацца па-расейску. Выказацца на гэтую тэму я папрасіў настаўніка гісторыі Давыд-Гарадоцкай СШ №1 Віктара Вабішчэвіча”.

Віктар Вабішчэвіч: “І настаўнікі, і вучні пераважна адмоўна ставяцца да фактычнага загаду перавесьці выкладаньне гісторыі на расейскую мову. Мы атрымліваем расейскамоўныя падручнікі й проста абавязаныя выкладаць па-расейску. Гэта, вядома, удар па гісторыі Беларусі. Але ў першую чаргу, калі глядзець з пункту погляду той самай дзяржаўнай ідэалёгіі, гэта ўдар па беларускай дзяржаўнасьці й самой ідэалёгіі. Усе прывыклі, што гісторыю свайго краю, гісторыю Беларусі, мы вывучаем на роднай мове. Гэта натуральна. А цяпер што з тэрмінамі рабіць? Як пісаць у тэстах – вальны сойм? Ці ламаць словы на расейскі манер? Узьнікае вельмі шмат пытаньняў, пра якія, па-мойму, ніхто ня думае”.

Скобла: “А што чуваць з “інтэграваным курсам гісторыі”? Ці ўдаецца спалучыць гісторыю Беларусі з гісторыяй, скажам, Кітаю? Якія тут посьпехі?”

Вабішчэвіч: “На шчасьце, пакуль што гісторыя Беларусі заставалася асобным прадметам. Пакуль што мы ставілі дзьве адзнакі. Мабыць, дзякуючы таму, што ёсьць пакуль дзяржаўны іспыт па гісторыі Беларусі. Але тое, што зроблена з гэтага навучальнага году, калі два прадметы запісаныя адным радком, і мы вывучаем пасьлядоўна, спачатку ўсеагульную гісторыю, а потым гісторыю Беларусі, гэта бязглузьдзіца. Асабліва складана даводзіцца настаўнікам. Думаю, што наша роднае Міністэрства адукацыі само праз пару гадоў зразумее, што з аб’яднанай гісторыяй намудрагеліла, і запіша так, як і было раней: гісторыя Беларусі – 1 гадзіна, усясьветная гісторыя – 1 гадзіна на тыдзень. Я думаю, што ў Беларусі знойдуцца нейкія сілы, якія зразумеюць, што нашай краіне патрэбная гісторыя Беларусі”.

Скобла: Спадар Алесь, зыходзячы з усяго вышэйсказанага, напярэдадні новага навучальнага году мы ўсё ж павіншуем беларускіх настаўнікаў, ці паспачуваем ім?”

Лозка: “Павіншаваць можна, але й паспачуваць трэба, безумоўна. Пасьля 1 верасьня самі настаўнікі зразумеюць сваё незайздроснае становішча. Вяртаньне да адзінаццацігодкі так эмацыйна ўспрымалася ў грамадзтве, бацькі нібыта з палёгкай уздыхнулі: на год менш трэба будзе выпраўляць дзяцей у школу. Але мы больш згубім, чым набудзем. У нас у Беларусі школьная адукацыя, трэба сказаць, была нядрэннай. А цяпер мы будзем адставаць ад другіх краінаў сьвету. Дарэчы, тая самая Расея заявіла, што дзесьці ў 2010 годзе яны пяройдуць на дванаццацігодку. У цывілізаваных краінах, нават у Кітаі навучаньне ў школах працягваецца дванаццаць гадоў, гэта міжнародны стандарт. У сьвеце ўсе пераходзяць на дванаццацігодку, а Беларусь, наадварот, адыходзіць ад стандартаў. Гэта нам яшчэ адгукнецца. Крызіс у адукацыі – прадвесьнік агульнага крызісу ў краіне. А нашыя ўлады ў галіне адукацыі сёньня дзейнічаюць паводле народнай прымаўкі: “Акуля, што шыеш не адтуля?” – “А я, матухна, яшчэ пароць буду”.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG