Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ва Ўсходняй Эўропе ідзе змаганьне дзьвюх імпэрыяў”


Тымаці Эш
Тымаці Эш

Што азначае быць эўрапейцам і якая будучыня чакае Эўропу? Пра гэта карэспандэнт нашага радыё Ахта Лоб’якас гутарыў зь вядомым брытанскім гісторыкам, палітолягам і публіцыстам, прафэсарам Оксфардзкага ўнівэрсытэту Тымаці Гартанам Эшам.


Лоб’якас: Што такое Эўропа?

Эш: Гэта месца. Гэта гісторыя. Гэта ідэал, уява. І – таксама – гэта набор інстытутаў, складаны комплекс інстытутаў. Ёсьць АБСЭ і Рада Эўропы, але над гэтымі інстытутамі Эўрапейскі Зьвяз, нешта само па сабе ўнікальнае, тое, што не паддаецца простай дэфініцыі. Паводле традыцыйнай паліталёгіі гэта неапазнаны лятальны аб’ект.

Лоб’якас: Што азначаюць для дзяржавы, скажам, для Эстоніі ці Ўкраіны, заявы, цьверджаньні, што яна эўрапейская?

Гэта месца. Гэта гісторыя. Гэта ідэал, уява. І – таксама – гэта набор інстытутаў, складаны комплекс інстытутаў
Эш:
Вельмі добрае пытаньне. Таму што гэта далёка не нэўтральны тэрмін. Я памятаю, быў часопіс у Польшчы ў сярэдзіне 1980-х, на старонках якога друкаваўся такі гумарыстычны палітычны слоўнік, і пра Эўропу там пісалася такое: “Калі мы ідзем у рэстаран, а там чысты белы абрус і афіцыянт зьяўляецца на працягу 10 хвілін, мы гаворым: Эўропа”.

Гэта будзе блізкае ўсім, гэтая ідэя Эўропы, якая азначае цывілізацыю, квітненьне, свабоду, – усе гэтыя добрыя рэчы спалучаюцца ў ідэі вяртаньня ў Эўропу. І гэта праўда ня толькі ў выпадку Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Гэта было праўдаю і калі Гішпанія і Партугалія вярталіся да дэмакратыі. Гэта было праўдаю і ў выпадку Грэцыі. Гэта было праўдаю нават у выпадку такіх краінаў, як Швэцыя. Знакам тым, гэта вельмі насычанае зьместам паняцьце – эўрапейская краіна – з мноствам ідэяў і мноствам падтэкстаў.

Лоб’якас: Якое вашае стаўленьне да словаў высокага прадстаўніка Эўразьвязу ў пытаньнях пашырэньня аб’яднанай Эўропы Олі Рэна – той нядаўна сказаў, што разглядае праблему вызначэньня межаў Эўропы як праект пакаленьняў: кожнае наступнае пакаленьне, паводле Рэна, павінна падкарэктоўваць сваё бачаньне Эўропы. Такі падыход ня дужа стасуецца, напрыклад, з усходнеэўрапейскім разуменьнем Эўропы...

Эш: Думаю, што не пагадзіўся б з гэтай думкаю Олі Рэна, бо адно з маіх зацікаўленьняў – картаграфія, мапы. Як вы ведаеце, мапы – гэта разумовыя карціны сьвету. Разумовыя карціны сьвету зьмяняюцца зь цягам часу, ня толькі праз адкрыцьці, але таксама й празь зьмену спосабу, якім мы бачым рэчы. Але разьдзяляльная лінія паміж Эўропаю і Азіяй, Эўропаю і Афрыкаю – іначай кажучы, межы Эўропы, – гэта адна з найстарэйшых і найбольш трывалых лініяў у гісторыі.

Ведаеце, на мапах з другога стагодзьдзя да Нараджэньня Хрыстовага, мапах Эрастатэнэса, аднаго з даўніх географаў, працы якога дайшлі да нас, мы бачым разьдзяляльную лінію паміж Эўропаю і Азіяй і паміж Эўропаю і тым, што тады называлася Лібіяй... Натуральна, гэта разумовая разьдзяляльная лінія, вельмі старая лінія, і ёсьць неймаверна шмат супольнай гісторыі, якая абумоўленая гэтай лініяй.

Такім парадкам, я ня думаю, што паняцьце Эўрапейскага Зьвязу можа або магло б пачаць аддзяляцца ад гістарычнай, геаграфічнай і культурнай суцэльнасьці Эўропы. І таму думаю, што я быў бы хутчэй за асаблівае партнэрства з Турэччынаю і асаблівае партнэрства для Расеі, чым за ўваходжаньне нейкай з гэтых краінаў у Эўразьвяз. Бо Турэччына і Расея – гэта дзьве вялікія краіны, у якіх Эўропа, калі так ільга сказаць, не канчаецца, але проста загасае – недзе паміж Менскам і Ўладзівастокам, недзе паміж захадам і ўсходам Турэччыны Эўропа загасае. Абедзьве гэтыя краіны – пераходныя краіны ў тым важным сэнсе, што яны эўразійскія краіны, і таму яны павінны займаць асаблівае месца.

Лоб’якас: Робэрт Купэр, правая рука вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу ў пытаньнях замежнай палітыкі Хавіера Саляны, вельмі добра тлумачыць, што робіць Эўропу ўнікальнай у сьвеце – менавіта тое, што гэта негегеманісцкая імпэрыя, якая ня мае ўнутры сябе дамінантнай сілы і не шукае вонкавага дамінаваньня. Калі аб’яднаная Эўропа пашырае свой уплыў, калі ўваходзіць у кантакт зь іншымі усясьветнымі лідэрамі – Расеяй, Злучанымі Штатамі, Кітаем, – яна апынаецца пад ціскам стаць нечым іншым, пачаць лічыцца сілаю ў “рэальным” сьвеце. Ці бачыце вы небясьпеку скіраваных навонкі амбіцыяў Эўразьвязу, якія парушаюць яго нутраную сутнасьць?

Відавочна, што цяпер ва Ўсходняй Эўропе ідзе змаганьне паміж дзьвюма імпэрыямі – Расейскай і Эўрапейскай – Эўразьвязам
Эш:
На канфэрэнцыі ў Таліне, арганізаванай фондам “Адкрытая Эстонія”, быў вельмі цікавы выступ Фёдара Лук’янава, расейскага замежнапалітычнага аналітыка. Ён сказаў: “Вы ведаеце, калі Эўразьвяз пачне сапраўды сур’ёзна ўваходзіць ва Ўкраіну, у Малдову, у Беларусь, тады ён сутыкнецца з “рэал палітык”. Гэта прагучала амаль як завуаляваная пагроза.

Што вы разумееце пад “рэал палітык”? Відавочна, што цяпер ва Ўсходняй Эўропе ідзе змаганьне паміж дзьвюма імпэрыямі – Расейскай і Эўрапейскай – Эўразьвязам. Я ня думаю, што мы павінны зьмяняць правілы, паводле якіх гуляем у Эўрапейскім Зьвязе. Нам проста трэба заставацца шчырымі перад сабою – гэта значыць гаварыць і разумець, што мы гаворым, а менавіта: “Калі вы прэтэндуеце на ўступленьне ў Эўразьвяз, калі адпавядаеце Капэнгагенскім крытэрам, калі дасягнулі пэўных стандартаў, тады вы маеце пэрспэктыву сяброўства ў Эўрапейскім Зьвязе”.

Праблема ў тым, што шмат якія, калі не бальшыня краінаў Эўразьвязу – у прыватнасьці, заходнеэўрапейскія краіны аб’яднанай Эўропы – больш ужо не гавораць пра такое. І людзі ў Малдове, Беларусі, Украіне разумеюць гэта, бачаць гэта. І вось таму нашая мяккая сіла, нашая сіла, здатная прывабіць, так зьмяншаецца – бо мы ня маем на ўвазе таго, пра што гаворым, бо мы ў сапраўднасьці не адданыя нашай філязофіі добраахвотнай імпэрыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG