Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рост курсу эўра зробіць беларусаў яшчэ бяднейшымі


Банкаўскі курс эўра да беларускага рубля працягвае падвышацца: днямі кошт эўрапейскай валюты ўпершыню пераадолеў знакавую “вяршыню” ў 4 тысячы рублёў за 1 эўра.


У зьвязку з гэтым экспэрты прагназуюць заўважнае падаражэньне шэрагу тавараў, якія пастаўляюцца з эўразоны. Узьнімуцца і многія іншыя кошты ды тарыфы, бо арэндная плата ды падаткі для юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў таксама разьлічваюцца ў эўрапейскай валюце.

У чэрвені 2008-га 1 эўра каштаваў у сярэднім 3 350 беларускіх рублёў. За год эўрапейская валюта пераадолела 4-тысячную адзнаку, што адбілася практычна на ўсіх сфэрах жыцьця. Індывідуальны прадпрымальнік Аляксандар Макаеў расказвае, што прывязка да эўра арэнднай платы, падаткаў, а таксама мыта за ўвезеныя тавары ў канчатковым выглядзе фармуюць зусім новыя кошты:

Аляксандар Макаеў
“Нават я, гандлюючы кракаўскай сантэхнікай, адпускаю тавар, зыходзячы ня з курсу даляра, а з курсу эўра. Тое ж тычыцца і чэскай сантэхнікі, і г.д. І калі эўра ў беларускіх рублях узьняўся, то будзе адпаведна ў бліжэйшы час узьнятая цана на тавары з эўразоны”.

Карэспандэнт: “Арэндная плата таксама будзе ўплываць на кошт тавару?”

“Нягледзячы на дэклярацыі, каб адвязацца ад эўра, арэндная плата па-ранейшаму наўпрост залежыць ад курсу эўра. А гэта таксама дасьць штуршок да росту цэнаў. Да таго ж падаткі ў нас таксама пералічваюцца ў прывязцы да эўра. То бок за ліпень ужо будзем плаціць паводле курсу на 1 чэрвеня. Нават прыблізна калі падлічыць, то падаткі будуць большыя працэнтаў на 7—8. Адпаведна і кошты. Таму можна казаць пра чарговы цэнавы віток, усплёск”.

Нацыянальны банк заяўляе, што суадносіны курсу беларускага рубля да замежных валютаў наўпрост вылічваецца зь сярэднеарытмэтычнага паказьніка, які ўлічвае курсы эўра, амэрыканскага даляра і расейскага рубля. Аднак апошнія тэндэнцыі сьведчаць, што адносна эўра абясцэньваньне рубля адбывааецца нашмат больш імкліва, чым да дзьвюх іншых валютаў. Ці застаецца ўвогуле прывязка да згаданага кошыка? Або вярнулася практыка трымацца ў фінансавых працэсах даляра? Гаворыць прадстаўнік Нацыянальнага банку Анатоль Драздоў:

“Ну, само сабой! Мы ўжо неаднаразова тлумачылі: ваганьні курсаў валюты ўнутры кошыка могуць быць. Прычым у значных межах. Мы гарантуем менавіта 960 рублёў плюс-мінус 5% “кошту” гэтага кошыка”.

Карэспандэнт: “То бок большай прывязкі ў бок даляра няма?”
Мы гарантуем плюс-мінус 5% “кошту” валютнага кошыка” ...

“Не, кошык вылічваецца квадратным коранем з усіх трох валют, уключаных у гэты кошык. Калі ва ўсім сьвеце даражэе эўра, то ў нас ён таксама павінен даражэць. Таму што гэта ж сусьветная тэндэнцыя! Даляр паўсюдна на валютных рынках зьніжаецца, а эўра расьце. І ў нас адпаведна. Курс расейскага рубля расьце, дык ён і ў нас расьце. А як інакш? Усё, што адбываецца ў сусьветнай эканоміцы, адбіваецца і на нас. У нас жа краіна з адкрытай эканомікай. Мы ж ня можам адгарадзіцца жалезнай заслонай, паставіўшы 63 капейкі за даляр, як было пры савецкай уладзе”.

Зьніжэньне курсу рубля адносна эўра істотна адаб’ецца на летніх адпачынках многіх беларусаў. Кіраўнік турыстычнага парталу Holiday.by Андрэй Барашка кажа, што запыты наведнікаў сайту арыентаваныя перадусім на тыя краіны, дзе няма праблем з хаджэньнем даляра. Паказальна, што ў імправізаваным Тор-5 — ніводнай краіны з эўраадзінкай:
Cамыя папулярныя кірункі: Турэччына, Беларусь, Украіна — Крым, Баўгарыя.

“Я магу падняць статыстыку “Holiday” што да колькасьці электронных заявак. То бок гэта людзі, якія адпраўляюць свае запыты на адрасы розных турыстычных фірмаў. У выніку можна вызначыць самыя папулярныя кірункі, гэткі Тор-5 паводле Holiday.by: Турэччына, Беларусь, Украіна — Крым, Баўгарыя. Вось, у прынцыпе, і ўсё, бо Ўкраіну пры пошуку многія “палавіняць” — Крым разглядаецца як быццам асобна. Але, натуральна, рэальную карціну можна будзе ацаніць толькі ўвосень, пад закрыцьцё сэзону”.

Рублёвае падаражэньне ў пераліку на эўра чакае і аўтамабільную галіну, а дакладней — кожнага аўтааматара. Так, абавязковае страхаваньне транспартных сродкаў наўпрост залежыць ад курсу эўра. Менавіта да эўра прывязаныя цэны на аўтамабілі, якія трапляюць у Беларусь зь Літвы і Нямеччыны.

Росту цэнаў можна чакаць на цэлы шэраг іншых тавараў, якія пастаўшчыкі абавязаныя “растаможыць” — мытная служба Беларусі таксама карыстаецца эўраарытмэтыкай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG