Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У абменных пунктах Менску ізноў падвышаны попыт на валюту. Узьніклі перабоі з далярамі, эўра, а таксама нацыянальнымі валютамі іншых краін.

Менчукі заяўляюць, што баяцца зьніжэньня курсу беларускага рубля.

Каля абменных пунктаў час ад часу ўзьнікаюць вялікія чэргі. Людзі часта падыходзяць, цікавяцца курсам абмену валюты, яе наяўнасьцю. Гутару з наведнікамі “Абсалютбанку”, абменны пункт якога на праспэкце Незалежнасьці:

Карэспандэнтка: “Вы здавалі ці набывалі валюту?”

Спадарыня: “Увогуле, я пазаўчора не магла набыць, а сёньня вось набыла”.

Юнак: “Я заўсёды стараюся пераводзіць беларускія рублі ў даляры. Бо курс даляра падвышаецца, і я так раблю”.

Спадар: “Спрабаваў украінскую грыўну знайсьці, але з гэтым вялікія праблемы, цяжка вельмі знайсьці”.

Карэспандэнтка: “Ці даводзілася набываць валюту?”

Юначка: “Я часьцей здаю. Але зараз сапраўды вельмі вялікая праблема — набыць валюту. Бо яе няма”.

Спадар: “Эўра няма. Заходзіў у розныя банкі — няма. Ёсьць праблема”.

Спадарыня: “Вось зараз набыла сто даляраў. Нейкія ходзяць чуткі, а таму пайшла і набыла”.

Юнак: “За рогам у „Беларусбанку“ даляраў няма, а вось тут набыў. Тут толькі курс продажу крыху вышэйшы. Чаму набываю? Бо здымаю кватэру, а тут напалохалі, што курс будзе высокі даляра. Вось вырашыў раней набыць”.

Карэспандэнтка: “Перш чым набыць, ці шукалі валюту?

Спадар: “Канечне, шукаў. Няма нідзе, не прадаюць ні ў якіх банках. Абяцаюць, што даляр будзе вельмі дарагі”.

Разам з тым банкаўскія работнікі не прызнаюць падвышанага попыту і перабояў з валютай. Да прыкладу, вось што кажа намесьніца кіраўніка філіі “Беларусбанку” на вуліцы Леніна Алена Навалоцкая.

Карэспандэнтка:“Ці часьцей людзі сталі набываць валюту?”

Навалоцкая: “Як звычайна”.

Карэспандэнтка: “Ці хапае валюты на ўвесь дзень?”

Навалоцкая: “Так, хапае. На некаторыя апэрацыі мы замаўляем валюту. А для продажу… Што ўносім, тое і прадаём”.

А вось што паведаміла касірка гэтага ж банку:

Карэспандэнтка: “Ці можна набыць валюту?”

Касірка: “Эўра — так, а даляры — не. Калі здаюць, то я прадаю, але іх адразу ж набываюць. То бок здаюць і адразу набываюць. Калі будуць — значыць, будуць, а калі не — то не”.

Станіслаў Багданкевіч
Новую хвалю ажыятажнага попыту на валюту камэнтуе былы кіраўнік Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч:

“Дэфіцыт гандлёвага балянсу адмоўны. Гэта азначае, што мы набываем больш, чым прадаём, і ня маем дастаткова выручкі, валюты. У гэтых умовах абавязкова адбываецца абясцэньваньне нацыянальнай валюты. Гэтага абясцэньваньня не адбылося толькі таму, што ёсьць агромістыя зьнешнія пазыкі. І каб не праводзіць дэвальвацыі, некаторыя рэсурсы ёсьць. І таму я ня ўпэўнены, што гэты ажыятаж апраўданы сёньня. Але аб’ектыўна нашаму ўраду неабходна больш займацца эканомікай, бо могуць быць неплацяжы ў будучыні”.
XS
SM
MD
LG