Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Рыбак папрасіў палітычны прытулак


Ігар Рыбак, бацька Аляксандра Рыбака
Ігар Рыбак, бацька Аляксандра Рыбака
“Свабода — гэта самае галоўнае для мяне”. Гэтымі словамі ў інтэрвію папулярнаму нарвэскаму выданьню Dagbladet 55-гадовы Ігар Рыбак тлумачыць прынятае ім 19 гадоў таму рашэньне застацца ў Нарвэгіі. Сёньня гэты прызнаны нарвэскі скрыпач, а таксама дырыжор і кіраўнік прыватнай музычнай школы ў Осла больш вядомы ў сьвеце як бацька Аляксандра Рыбака — ляўрэата “Эўрабачаньня-2009”.

У жніўні 1990 году, калі Сашу было чатыры гады, музыкант Ігар Рыбак у складзе калектыву менскага камэрнага сымфанічнага аркестру пад кіраўніцтвам Юрыя Цырука гастраляваў у Нарвэгіі.

Здарылася так, што пасьля аднаго з канцэртаў яму прапанавалі працу. Рашэньне было прынята цалкам спантанна. На той час гэта азначала — не вяртацца дадому.

Па сутнасьці, вельмі цяжка было назваць домам той пакой у камуналцы, дзе разам туліліся пяць чалавек — вядомы беларускі скрыпач, яго жонка, малы сын, маці і цешча. Але ня гэты момант стаў вызначальным для таго, каб зьвярнуцца да нарвэскіх уладаў з просьбай аб прытулку.

“Вы ведаеце, я быў далёкім ад палітыкі чалавекам, аднак самым галоўным для мяне была і застаецца свабода”, — кажа ў размове з Dagbladet Рыбак-старэйшы. — “Я проста хацеў жыць і працаваць так, як я хачу і там, дзе я хачу, езьдзіць туды, куды я хачу, гаварыць тое, што я хачу. У Савецкім Саюзе гэта ўсё было немагчыма”.

Узгадваючы падзеі амаль 20-гадовай даўніны, Ігар з удзячнасьцю гаворыць пра сваіх нарвэскіх сяброў Дага і Мэтэ, якія цягам некалькіх дзён хавалі яго ў сябе дома ад перасьледу КДБ.

Прадстаўнік камітэту быў і ў менскім камэрным аркестры. Як кажа Ігар, “асноўнай яго працай было сачыць за тым, што і хто з нас кажа і робіць за мяжой, каб ніхто, крый Божа, не перабег “на бок ворага”. На мяне і мае кантакты гэбіст паляваў як вар’ят”.

Ігар быў напалоханы падобнай “увагай” і ўяўляў сабе, якія наступствы могуць чакаць яго дома.

Паводле нарвэскіх сяброў Рыбака, яны бачылі, у якой дэпрэсіі знаходзіцца музыкант і як ён ня хоча вяртацца дадому. Даг і Мэтэ вырашылі дапамагчы Ігару і хавалі яго ў сваім доме, пакуль Рыбак не папрасіў у нарвэскіх уладаў прытулку. Урэшце супрацоўнік дзяржбясьпекі, не дамогшыся выдачы савецкага музыканта, разам зь беларускім аркестрам адляцеў на самалёце дадому.

Але паляваньне на ўцекача на гэтым ня скончылася. Ля дома нарвэскай сям’і ў Нэсодэне, дзе хаваўся Ігар, неаднойчы спыняліся машыны з прадстаўнікамі савецкай дыпмісіі і спэцслужбаў. Яны настойвалі на вяртаньні Ігара назад у СССР.
Пэрспэктывы, якія чакалі мяне ў выпадку вяртаньня, былі жахлівыя ...

“Пэрспэктывы, якія чакалі мяне ў выпадку вяртаньня, былі жахлівыя”, — кажа музыкант. — “Калі казаць пра найлепшы варыянт, то мяне б пазбавілі працы. Горшы варыянт — мяне б проста пасадзілі ў турму”

Пытаньні легалізацыі і працаўладкаваньня вырашаліся цяжка. Амаль не было надзеяў і на тое, каб убачыць сям’ю. На той час яна заставалася ў Беларусі.

Узьяднаньне з блізкімі стала магчымым толькі праз год пасьля развалу СССР — у 1992-м.

Паводле Ігара, страх перад КДБ перасьледаваў яго доўгі час. Ён быў ужо вядомым у Нарвэгіі музыкантам, жыў разам зь сям’ёй ва ўласным доме ў Нэсодэне, аднак нярэдка сьніў, як агенты савецкай бясьпекі дэпартуюць яго дадому — “было такое адчуваньне, што гэбісты паўсюль і што яны працягваюць сваё паляваньне”.

…Адзіная тэма, якую ў часе размовы з Dagbladet ня хоча кранаць Ігар, гэта цяперашняя палітычная сытуацыя на радзіме, у Беларусі. У гэтай краіне засталіся жыць яго маці і сваякі. Ён ня хоча, каб яго выказваньні мелі цяжкія наступствы для блізкіх яму людзей.

Калі гаворка заходзіць пра нядаўнюю паездку ў Менск сына Аляксандра, а дакладней — пра той рэзананс, які мела гэта паездка сярод нарвэскіх праваабаронцаў, Ігар кажа:

“Мне было прыкра, калі я прачытаў, што прадстаўнікі “Амністыі” крытыкавалі Сашу за ўдзел у шоў на беларускім прэзыдэнцкім тэлебачаньні”.

Нагадаем, што пры канцы мінулага тыдня Аляксандар Рыбак разам са сваёй маці Натальляй на суткі прыляцеў у Беларусь. Ён узяў удзел у судзействе конкурсу “Новыя галасы Беларусі” на канале АНТ, а таксама выступіў на канцэрце ў Палацы рэспублікі, дзе прасьпяваў свой зорны хіт “Казка” і беларускую “Купалінку”. Сярод гледачоў гэтага шоў быў і беларускі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка.

Як палічылі праваабаронцы з “Amnesty Norge” і “Amnesty International”, “запрашэньне Аляксандра ў Менск — добра пралічаная акцыя з боку беларускіх уладаў”, і “ўсё гэта можа быць выкарыстана беларускім рэжымам у мэтах прапаганды”.

“Усё, што адбываецца на афіцыйнай беларускай сцэне, ня можа ня мець прапагандысцкага аспэкту. Мы ведаем, што Лукашэнка вельмі добра выкарыстоўвае ў сваіх мэтах дзеячаў культуры і спорту. А ўдзел у гэтых шоў замежных артыстаў можа быць растлумачаны як легітымізацыя рэжыму”, — заявіла прадстаўніца нарвэскай філіі “Міжнароднай Амністыі” Іна Цін.

“Галоўным для сына было ўбачыць горад, зямлю, пра якую мы шмат гаварылі яму ў нас дома ў Нэсодэне. Аляксандар ехаў у Беларусь дадому, да свайго народу, які да таго ж любіць яго”, — кажа Рыбак-старэйшы.

Нарэшце яго жонка і сын змаглі пабываць на радзіме. Воляй лёсу спатканьне Натальлі і Сашы з роднымі мясьцінамі адбылося раней, чым у Ігара.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG